Апошняя структурная зьмена ў беларускай энэргетыцы адбылася ў 1995 годзе. Тады быў створаны дзяржаўны канцэрн «Белэнэрга», падпарадкаваны Мінэнэрга. Пераўтварэньне было адной з умоў фінансаваньня ЭБРР праграмы шырокамаштабнай мадэрнізацыі энэргапрадпрыемстваў, адной з асноўных мэтаў якой было зьмяншэньне залежнасьці ад паставак газу з Расеі. Але праз некалькі гадоў праграма была паступова згорнута, пакінуўшы па сабе адну рэканструяваную цеплаэлектрацэнтраль, у Воршы. Аналізуе Міхаіл Чарвінскі.

У Швэцыю па вопыт

Залежнасьць ад імпартаваных, у асноўным з Расеі, энэрганосьбітаў, паводле афіцыйных зьвестак, складае каля 85%. Магутнасьці канцэрну «Белэнэрга» працуюць на двух відах паліва — прыродным газе і мазуце. Доля газу ў агульным спажываньні энэрганосьбітаў складае 50%. Перакрыла Расея газавы кранік — і зноў суцэльныя праблемы.

Таму летась самай моднай тэмай у Беларусі было выкарыстаньне мясцовых рэсурсаў і нетрадыцыйныя крыніцы энэргіі. Яшчэ на прэс-канфэрэнцыі ў сьнежні 2003 году гендырэктар канцэрну «Белэнэрга» Сяргей Белы згадаў пра намер выкарыстоўваць драўніну дзеля атрыманьня энэргіі. Спасылаліся на досьвед заходніх суседзяў: у краінах Паўночнай Эўропы і ў Аўстрыі, дзе выкарыстаньне біяпаліва найбольш папулярнае, ад 10 да 20% энэргіі атрымліваецца за кошт узнаўляльных крыніц.

Дзеля вывучэньня швэдзкага досьведу ў гэту краіну адправілася беларуская дэлегацыя на чале з тагачасным міністрам энэргетыкі Ўладзімерам Сямашкам, а пасьля ў Швэцыю накіравалася цэлая дэлегацыя энэргетыкаў на чале з намесьнікам міністра Аляксандрам Сіваком — правесьці перамовы пра інвэстыцыі і закупку абсталяваньня для такіх праектаў.

Надзеі на лес і ваду

Намесьнік старшыні НАН Беларусі Пятро Віцязь сьцьвярджае, што ў пэрспэктыве выкарыстаньне нетрадыцыйных крыніц энэргіі мусіць забясьпечыць да 20% энэргаспажываньня. Цяпер у Беларусі вядуцца распрацоўкі ў галіне выкарыстаньня сонечнай энэргіі, сілы вады і ветру, але найбольшыя пэрспэктывы — у драўніне ды біягазе. Выкарыстоў¬ваць драўніну ў якасьці паліва мяркуецца лякальна, напрыклад, на прадпрыемствах, дзе маецца піла¬віньне і іншыя адкіды драўніны, якія маглі б быць спрасаваныя ў пелеты і скарыстаныя для атрыманьня цяпла. Прадугледжваецца таксама мажлівасьць экспартных паставак паліва, вырабленага з адкідаў беларускай дрэваапрапрацокі. Грошы на гэта, паводле Віцязя, можна знайсьці нават у Расеі і Эўропе.

Эўропа ставіцца да такой ініцыятывы прыхільна — пра гэта сьведчыць рэалізацыя ў Беларусі праекту «Выкарыстаньне біямасы для ацяпленьня і забесьпячэньня гарачай вадой», якім заплянавана ажыцьцявіць шэсьць дэманстрацыйных праектаў, зь якіх пяць зьвязаны зь пераводам кацельняў на спальваньне адкідаў драўніны, а шосты прадугледжвае стварэньне прадпрыемства па збіраньні, транспартаваньні і перапрацоўцы адкідаў лесанарыхтоўкі для спальваньня ў кацельнях. Адным з ініцыятараў праекту была Эўрапейская эканамічная камісія ААН, у яго фінансаваньні ўдзельнічаюць Глябальны экалягічны фонд, Камітэт па энэргаэфэктыўнасьці пры Саўміне ды прадпрыемствы, якія стануць аб’¬ектамі праектаў.

Адным з асноўных у постсавецкі перыяд кірункаў разьвіцьця беларускай энэргетыкі была так званая «малая энэргетыка» — аднаўленьне малых гідраэлектрастанцый на рэках. Паводле афіцыйных зьвестак на мінулы год, у Беларусі функцыянавала 22 міні-ГЭС, 16 зь іх былі адноўлены за апошнія сем гадоў. Апроч таго, будуюцца Полацкая ГЭС магутнасьцю 28 МВт ды Гарадзенская ГЭС магутнасьцю 17 МВт.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0