АНТ з бээрэсэмаўскім аптымізмам паведаміла краіне, што да «60-годзьдзя вялікай перамогі» ў Беларусі зьбіраюцца аднавіць… «лінію Сталіна». Ля тых абарончых збудаваньняў на міжваеннай савецка-польскай мяжы, паводле ўра-гісторыкаў з АНТ, у першыя дні вайны было зьнішчана чатырыста (?!) нямецкіх танкаў. У адноўленых дотах турысты змогуць пабачыць муляжы савецкіх вайскоўцаў і іх амуніцыю, пастраляць халастымі патронамі з кулямёта, уявіўшы сябе абаронцамі «сьвяшчэнных рубяжоў». Такая сабе адрыжка расейскай моды — там да 60-годзьдзя зьбіраюцца паставіць помнік Сталіну ў Белгародзкай вобласьці.

У лінію Сталіна, што цягнулася ад Балтыкі да Чорнага мора, саветы гахнулі сродкі дзьвюх першых пяцігодак. Лінія Сталіна — гэта ланцуг 24-х УРаў (умацаваных раёнаў), кожны да 180 кілямэтраў у даўжыню і да 30 км у глыбіню. У кожным — доты, падземныя галерэі, склады, водаправод, камандны пункт, кулямёты і гарматы. Штучныя вадаёмы, мінныя палі, павуціньне камунікацыяў. На час іх будаўніцтва НКВД «закрывала» цэлыя раёны ад чужых вачэй. Самі будаўнікі слаба ўяўлялі агульны плян умацаваньняў — апроч сапраўдных, ствараліся дзясяткі фальшывых дотаў.

Лінію Сталіна так і не дабудавалі. Пакт Молатава—Рыбэнтропа перасунуў мяжу на сотні кілямэтраў на Захад, і гэтыя УРы засталіся ў глыбокім тыле. Сталін не зьбіраўся бараніцца на сваёй тэрыторыі. Гіганцкія фартыфікацыйныя збудаваньні, якія вымагалі догляду і абслугоўваньня, толькі блыталіся б пад нагамі ў часе бліцкрыгу па Заходняй Эўропе. Перад вайной зь лініі Сталіна зьнялі ўзбраеньне, умацаваньні пачалі бурыць. На новай мяжы пачалі ўзводзіць «лінію Молатава» (без Рыбэнтропа). Менавіта таму затрымаць немцаў на лініі Сталіна за Койданавам у 1941-м выпадковыя абаронцы, косткі якіх дагэтуль знаходзяць у бэтонных студнях дотаў, не маглі. Вось, дарэчы, плюс агучанай ініцыятывы: пахаваюць нарэшце апошніх непахаваных.

Але запускаць брэнд «лініі Сталіна»? Сталіна, на сумленьні якога мільёны ахвяраў. Сталіна, які бяздарна аддаў Беларусь у рукі нацыстаў, ня выкарыстаўшы сваёй «лініі», які бяздарна паклаў у зямлю мільёны салдатаў. Называць гістарычную памятку Беларусі «лініяй Сталіна» могуць толькі людзі бяз розуму. Або, што называецца, духоўныя нашчадкі Сталіна. Для якіх «ня ўсё толькі кепскае…» і «гэта ж тожа наша гісторыя». Імя Сталіна, як і імя Гітлера, — не для музэйных комплексаў.

Андрэй Скурко