Калі прыканцы чэрвеня сайт прэзыдэнта займеў беларускамоўную вэрсыю, пайшлі размовы: ну, мусіць, наверсе вырашылі актыўней гуляць на ніве нацыянальнай ідэі! Хто-кольвек казаў: калі на 3 ліпеня афіцыйны лідэр будзе прамаўляць па-беларуску, то гэта ўжо можна лічыць мэсыджам.

Варта дадаць, што асобныя маскоўскія палітолягі даўно прарочылі: рана ці позна Лукашэнка цалкам авалодае нацыяналістычнай рыторыкай, створыць ідэйны антырасейскі альянс з "радыкальнай апазыцыяй" — і Беларусь канчаткова сыдзе з зоны ўплыву Масквы.

Аднак і на ўрачыстым сходзе 2 ліпеня, і на сёньняшнім парадзе Лукашэнка прамаўляў на мове краіны, зь якой паўгоду таму Беларусь вяла нафтагазавую вайну.

(Аналіз зьместу вынесем за дужкі, адзначыўшы адной фразай, што сьпічрайтэры пашчыравалі, бы для пленуму ЦК КПСС часоў халоднай вайны.)

Карацей, як маскоўскія палітолягі імпэрскага разьліву, так і дамарослыя рамантыкі (ці прагматыкі? :-) яднаньня з уладай могуць адпачываць.

Дарэчы, нядаўняе сацыялягічнае апытаньне засьведчыла: толькі 29,7% суграмадзянаў лічаць, што кіраўнік краіны мусіць заўжды прамаўляць па-беларуску. Болей за траціну (34,3%) мяркуюць, што гэта не абавязкова, і амаль столькі ж (34,1%) — што мове тытульнай нацыі варта аддаваць даніну ў нейкіх рытуальных выпадках. Такім чынам, робяць выснову сацыёлягі НІСЭПД, Лукашэнка, які добра адчувае аўдыторыю, падыходзіць да праблемы "чыста прагматычна, задаючы сабе пытаньне, пры якой прапорцыі ўжываньня беларускай і расейскай мовы ён болей заваюе падтрымкі насельніцтва, а пры якой — болей страціць".

Канешне, калі б жорсткія варункі змушалі тэрмінова шукаць паразуменьня з моцнай нацыянальна сьвядомай апазыцыяй — з вуснаў афіцыйнага кіраўніка палілася б матчына мова. Але сёньня такая сытуацыя можа разглядацца толькі гіпатэтычна.

Перад афіцыйным сьвятам незалежнасьці аб'яднаныя дэмакраты без асаблівага імпэту заклікалі адзначыць дату разам з уладай. Пра кансалідацыю прамаўлялася і з высокіх трыбунаў. Але з абодвух бакоў гэта былі рытуальныя фразы. Фармат сьвяткаваньня — ад урачыстага сходу да спажываньня беляшоў зь півам — не прыстасаваны да праяў палітычнага плюралізму. Улада ж бачыць згуртаваньне нацыі выключна пад сьцягам казённай ідэалёгіі. Яна нават выдае жаданае за існае, кажучы, што "беларускі народ ёсьць адзіным ды зьяднаным".

Але, як ні парадаксальна, толькі ў тым разе, калі з высокіх трыбунаў перастануць казаць пра "адзіны ды зьяднаны народ", зьявіцца шанец на кансалідацыю.

"Адзіны народ" — гэта міт з, кажучы наўпрост, таталітарным адценьнем. Насамрэч у развітым грамадстве мусяць быць розныя ідэалёгіі, розныя партыі і грамадзкія арганізацыі, каб адлюстроўваць інтарэсы асобных сацыяльных групаў. Калі гэта будзе прызнана "наверсе", тады і адчыніцца шлях да кансалідацыі, да грамадзкага дыялёгу. Мудрасць улады палягае ў тым, каб не баяцца разнастайнасьці, даваць абсяг для развіцьця грамадзянскай супольнасьці. Бо іначай у варунках крызы можа адбыцца сацыяльны катаклізм.

На жаль, цяперашні сюжэт з паўставаньнем "Белай Русі" паказвае, што кіроўныя вярхі трымаюцца імітацыйнага шляху. Хочуць стварыць бутафорыю замест грамадзянскай супольнасьці. І такім чынам рызыкуюць наступіць на старыя савецкія граблі.

Што ж да прагнозаў маскоўскіх палітолягаў пра альянс Лукашэнкі з нацыяналістамі, то гэта з разраду імпэрскіх фобіяў. Бо нават пры тактычным супадзеньні пазыцый у пытаньні незалежнасьці — між афіцыйным кіраўніком і апазыцыяй застаецца мэнтальная, сьветапоглядная прорва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?