Першы ў гісторыі беларускай музыкі інтэрнэт-сынгл. Задума цікавая, бо ў выглядзе ўласна кампакт-дыска сынгл гэты ў продаж не паступаў, а яго зьмест разам з вокладкай можна згрузіць выключна з Інтэрнэту.

Загалоўная песьня сьмела ўпісваецца ў лік найлепшых здабыткаў калектыву: голас Уладзімера Пугача ўсё ж мае пэўнае чарадзейства, што напэўна адчулі на сабе многія фанаткі «Марсоў». Далейшыя чатыры творы сынглу ўспрымаюцца як ня надта абавязковы даважак, накшталт славутай гандлёвай «нагрузкі» савецкіх часоў. Далібог, ня варта было гэтак блякла перапяваць «Траву ля дому» гурту «Зямляне»: трыб’ют атрымаўся ніякі. Яшчэ тры вядомыя творы з ранейшага рэпэртуару «J_МОРС» перарабілі розныя сі- і ды-джэі. Вось чаго я не магу аніяк зразумець, чаму айчынныя музыкі так захапляюцца міксамі, бо часьцей за ўсё яны псуюць арыгіналы. У адрозьненьне ад песень-арыгіналаў, у якіх шанцаў на даўгалецьце ўсё ж звычайна куды больш… У тым ліку не без дапамогі Інтэрнэту. Праўда, у тым выпадку, калі канкурэнты якога вірусу не падсунуць…

Здарожаны Слухач