У тыя часы ўсё бачылася мне іншым. Мне было дванаццаць з паловай гадоў, і я быў пад уладай стракатага і разнастайнага сьвету хлапечых радасьцяў і мараў. І вось тады ў першы раз маёй зьдзіўленай душы адкрыліся затуманеныя далягляды запаветнага і недасяжнага пакуль юнацтва.
Стаяла такая доўгая і халодная зіма, што нават у нашым Шварцвальдзе рэкі на доўгія тыдні ўкрыліся лёдам. Я не магу забыць таго дзіўнага пачуцьця страху і захапленьня, зь якім я ступіў на раку першай марознай раніцай. Рака была вельмі глыбокая, а лёд — такі празрысты, што пад нагамі былі відаць зеленаватая вада, заплеценыя ў фантастычны малюнак водарасьці, а часам трапляліся і цёмныя цені рыбаў.
Большую частку дня я бавіў на лёдзе са сваімі сябрамі. Нашы шчокі заўсёды палалі, а рукі сінелі ад холаду; нашы сэрцы поўніліся цудоўнай і бяздумнай прагай асалодаў і ўцех дзяцінства ды сілкаваліся энэргіяй моцнага і рытмічнага руху канькоў. Мы бегалі навыперадкі, скакалі, гулялі ў даганялкі, і тыя з нас, хто яшчэ насіў старамодныя касьцяныя канькі, якія прывязваліся да ботаў шпагатам, былі далёка ня самымі горшымі канькабежцамі. Але ў аднаго, фабрыкантавага сына, была пара «Галіфаксаў», якія мацаваліся не вяроўкай, а рамянямі, і іх можна было абуць і зьняць за дзьве сэкунды. З той пары і на доўгія гады слова «Галiфакс» стаяла першым у маім сьпісе жаданых падарункаў на Каляды, але мне так і не пашэнціла іх атрымаць. А калі праз дванаццаць год я аднойчы захацеў купіць пару сапраўды якасных і добрых канькоў, у краме маё жаданьне набыць менавіта «Галіфаксы» сустрэлі з усьмешкай і сказалі, што гэта ўстарэлая мадэль і ўжо даўно адна зь ня самых лепшых. У той момант я з болем страціў яшчэ адзін кавалачак веры ў свае дзіцячыя ідэалы.
Больш за ўсё мне падабалася катацца аднаму, часта я не здымаў канькоў, аж пакуль не станавілася зусім цёмна. Я лётаў па лёдзе туды-сюды, мог раптам спыніцца дзе заўгодна або павярнуць на поўнай хуткасьці, а мае віражы зрабілі б гонар любому асу авіяцыі. Многія з маіх сяброў выкарыстоўвалі час на коўзанцы, каб заляцацца да дзяўчат. У мяне дзяўчынкі не было, і пакуль астатнія імкнуліся выглядаць рыцарамі ў вачах дзяўчат, баязьліва і з надзеяй завіхаліся ля іх або сьмела каталіся парамі, я атрымліваў асалоду ад канькоў, лёду і пачуцьця свабоды ў адзіноце. Для «кавалераў» у мяне было толькі спачуваньне і зьдзек. А па словах некаторых са сваіх сяброў я меркаваў аб тым, якія ж, па сутнасьці, сумнеўныя былі іх посьпехі.
І вось ужо пры канцы зімы я пачуў школьную навіну, што нядаўна наш «паўночны жыхар» пацалаваў на катку Эму Маер. У мяне кроў прыліла да галавы ад пачутага. Пацалаваў! Гэта і сапраўды было нешта зусім іншае, чым пустыя размовы і нясьмелыя дотыкі, якія дагэтуль лічыліся найвышэйшай узнагародай «кавалерам». Пацалаваў! Гэта быў водгук іншага недасяжнага сьвету, падобнага да паху забароненых пладоў, і пра яго пакуль толькі нясьмела марылі; нешта таямнічае, паэтычнае і няпэўнае, яно належала цемнавата-саладкаватаму і прывабнаму сьвету, і ніхто з нас не заводзіў размовы аб гэтым, але ўсе здагадваліся аб яго існаваньні — ён быў урыўкамі асьветлены казачнымі гісторыямі каханьня герояў мінулых часоў, пра якіх нам задавалі чытаць у школе. «Паўночны жыхар» быў чатырнаццацігадовы шко¬льнік з Гамбургу, невядома якім ветрам занесены ў нашы мясьціны; ён быў для мяне ідэалам, а яго слава далёка за сьценамі школы не давала мне спакойна спаць. А Эма Маер была, безумоўна, самай прыгожай школьніцай Гербэрзаў — сьветлавалосая, рухомая, ганарлівая і мая аднагодка.
Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"
Пераклала Лізавета Космач