«НН»: Павал, чым ты цяпер займаешся?
Павал Севярынец: Я працую над раманам пра абу¬джэньне ў Беларусі. Галоўны герой раману — беларус ва ўзросьце Хрыста. Гэты раман стане сапраўднай бомбай. Як і належыць, раманам сканчаецца мая «творчая эвалюцыя»: я ўжо выдаў дакумэнтальную кнігу «Пакаленьне «Маладога фронту», цяпер рыхтуецца да друку зборнік эсэ пра нацыянальную ідэю.
Прынесьці мараль у палітыку
«НН»: А якія посьпехі ў палітычнай сфэры?
ПС: Займаюся стварэньнем хрысьціянска-дэмакратычнае партыі. Я стаўлю за мэ¬ту надаць старэйшаму пакаленьню імпэту і веры, якія ўласьцівы моладзі. Сытуацыя ў Беларусі ідэнтычная ўкраінскай: у абедзьвюх краінах 42% за рэакцыю і 52% за дэмакратыю. Аднак пры гэтым у Кіеве ўвесь народ на Майдане, а ў нас на вуліцы выходзяць дзьве тысячы чалавек, хоць у нас няма па¬дзелу на захад і ўсход. Дэмакратыя — гэта ідэя большасьці, і задача дэмакратычных сілаў ў Беларусі — рэалізацыя памкненьняў большасьці. Калі б усе начапілі аранжавыя ці бел-чырвона-белыя ці сінія з зоркамі стужачкі — было б тое ж, што ва Ўкраіне.
«НН»: Ці ёсьць у Беларусі лідэры, гатовыя ўзяць на сябе адказнасьць, калі людзі ўсё ж масава выйдуць на вуліцу?
ПС: Сярод дзесяці мільёнаў беларусаў ёсьць багата такіх людзей. Звычайна вулічныя трыбуны вылучаюцца стыхіяй, калі іх ня вылучыць палітычны асяродак. Я пазнаёміўся з адным такім — прадпрымальнік, энэргічны, ведае эканоміку, разьбіраецца ў палітычных працэсах. І чым не кандыдат у прэзыдэнты гэты бізнэсовец?
«НН»: Які сэнс ствараць партыю ў сёньняшняй сытуацыі, калі партыі не ўплываюць на палітыку, выцясьняюцца з прававога поля?
ПС: У Беларусі партыі ня могуць уплываць на палітыку праз выбары, як у традыцыйнай палітычнай сыстэме. Таму партыя ці рух у такой сытуацыі — гэта проста групы людзей, якія паставілі сабе на мэце зьмяніць уладу. Партыя будзе створана на базе вернікаў з актыўнай палітычнай пазыцыяй, а такіх у Беларусі сотні тысяч. Адным з прынцыпаў партыі будзе шматканфэсійнасьць, для Беларусі гэта асноватворна — канкурэнцыя, а не змаганьне канфэсій.
«НН»: Чым Ваша партыя бу¬дзе адрозьнівацца ад іншых кансэрватыўных партый?
ПС: Імкненьнем унесьці хрысьціянскія прынцыпы ў палітыку. Беларусь пачалася, калі сюды прыйшло хрысьціянства, ведала росквіт, калі быў рэлігійны росквіт, і адсюль абсалютна зразумела, што адрадзіць яе можна толькі праз хрысьціянства. Хрысьціянская дэмакратыя запатрабаваная сёньня. Яна абараняе сям’ю і традыцыйныя каштоўнасьці. Хто ў нас займаецца абаронай сям’і, змаганьнем са страшным злом алькагалізму?
Перастаць піць
«НН»: Але для гэтага ёсьць царква. Магчыма, табе проста трэба стаць прапаведнікам?
ПС: Кожнаму сваё месца, дзе яму Бог прызначыў быць. Я быў пакліканы ў палітычную сфэру, у гэтай сфэры я і працягваю сваю дзейнасьць. А посьпех такой партыі палягае яшчэ і ў тым, што гэта бу¬дзе рэальная духоўная альтэрнатыва. Бо рэжым не грунтуецца на духоўнасьці, дзяржаўная ідэалёгія пабудаваная на праваслаўным атэізьме. Палова беларусаў дэкляруюць, што вераць у Бога.
Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"
***
Павал ішоў на чале вулічных дэманстрацый 1990-х, пісаў на крымінальныя тэмы ў розных газэтах, самастойна распрацаваў і правёў мноства адукацыйных курсаў пад маркай «Шоў Беларушчыны», агулам шэсьць з паловай месяцаў правёў у няволі, арыштоўваўся больш за 45 разоў. «За кратамі пачуваешся, як у манаскай кельлі, калі можна сам-насам размаўляць з Богам безь вялікіх перашкод звонку. Для мяне кожная адседка — гэта духоўнае кшталтаваньне», — кажа ён.
На мінулых парлямэнцкіх выбарах балятаваўся па Віцебска-Горкаўскай акрузе №17, аднак быў зьняты зь перадвыбарнае гонкі. Акруговая камісія палічыла, што ў радыёзвароце да слухачоў палітык дапусьціў «паклёп на адрас вышэйшых асоб у дзяржаве», — Павал тады заявіў, што ў дзяржаве мае месца «карупцыя і бюракратыя на ўсіх узроўнях улады».
У 2001 годзе Павал хрысьціўся, ходзіць у праваслаўную царкву.