Як выхоўваць дзіця і пры гэтым належаць сабе, захаваць свае сацыяльныя ролі? Адказы шукае маладая мама Тацяна Шчаўрук.

Маналёг першы: адвага

Як мы рэагуем на зьяўленьне ў нашым жыцьці немаўляці?

Зрэшты, што такое — наша жыцьцё? Што ў ім самае значнае і ці гатовы мы чымсьці ахвяраваць дзеля малога?

Адна мая знаёмая ўзяла шлюб адразу пасьля школы, закахаўшыся ў старэйшага на дзесяць гадоў мужчыну. Аднак здарылася трагедыя — памерла малое. А тут яшчэ муж пачаў раўнаваць, і хоць хутка зьявілася другое дзіця, жанчына вярнулася да бацькоў. Давялося пачынаць з нуля. Адукацыі, апрача школьнай, ніякай, працы таксама. Але яна рэалізавала сваю даўнюю мару, паступіла ў інстытут на эстраднае аддзяленьне. Было нялёгка — па ўзросьце выходзіла старэйшая за ўсіх аднакурсьнікаў. Да яе ставілі¬ся з усьмешкай: куды ўжо, маўляў, табе? Але яна аказалася моцнай натурай. Вучылася, увесь час падпрацоўвала, і дзіцем увесь час займалася, а потым зьехала ў Маскву — далей працаваць, вучыцца. Марыць здымацца ў кіно. Спадзяюся, што ўсё ў яе ўдасца.

Другая мая сяброўка таксама рана выйшла замуж. Амаль дзесяць гадоў з мужам і двума дзецьмі туліліся ў пакойчыку ў дзьвюхпакаёвай кватэры разам зь дзядамі. Яна і вучылася, і мужу працаваць дапамагала. Колькі гадоў таму перабраліся ў двухпавярховы катэдж пад горадам, дзе нават ёсьць кабінэт, гасьцёўня з камінам ды басэйн на дварэ. Сяброўка выглядае шчасьлівай — і жонкай, і маці — і марыць пра трэцяе дзіцё.

Але ёсьць сярод маіх знаёмых і сем’і, якія жывуць «дзеля сябе». Забавы, рэстараны, тусоўкі. З раніцы яны зарабляюць грошы, а ўвечары — расслабляюцца. Пагаварыць зь імі можна хіба пра дыеты, саўны, касмэтычныя салёны, трэнажорныя залі, пра паездкі на мора, адзеньне ды ўпрыгажэньні. Пра ўсё, акрамя дзяцей. Заводзіш размову, у іх робіцца абыякавы выгляд: «Мы яшчэ маладыя — пасьпеем», «Няма асобнай кватэры», «Шкада цікавай працы» альбо наагул «А навошта?».

Дзеці ня ўпісваюцца ў іх уладкаванае кола жыцьця, у якім прысутнічае страх штосьці згубіць. А можа папросту ў іх няма здольнасьці і адвагі ўзяць на сябе адказнасьць... перадусім за ўласнае жыцьцё.

Са зьяўленьнем дзіцяці зьяўляецца пачуцьцё адказнасьці. А ты толькі потым і чакаеш сустрэчы з гэтай вельмі сымпатычнай асобай і думаеш пра тое, як яна цябе ўспрымае. І чым больш расьце тваё пачуцьцё любові, тым больш будзеш старацца жыць дзеля яе.

А ўсе страхі, паверце, пера¬адольныя — і грошы можна зарабіць, і кватэру зьняць, дый час на самаадукацыю заўжды зной¬дзецца.

Дадайце сюды радасную ўсьмешку, якая зьяўляецца, калі вы назіраеце за вашым прыгожым «гномікам», шмат новых уражаньняў — і выйдзе партрэт шчасьлівага, упэўненага ў сваіх сілах чалавека ў атачэньні здаровенькіх дзетак.

Маналёг другі: інтуіцыя

Вось і заснула маё дзіцятка. Таму ёсьць нейкі час падумаць пра нашы зь ім узаемаадносіны.

Дарослыя часьцей за ўсё вы¬хоў¬ваюць дзіця «пад сябе». Яны лічаць, што лепей ведаюць, калі і што трэба рабіць, і таму вельмі часта пачынаюць абмяжоўваць дзяцей. Перш за ўсё, кожная мама павінна памятаць, што яе дзіця не такое, як яна, і не такое, як другія дзеці. Маці трэба навучыцца «не замінаць».

Апроч таго, у кожнай жанчыны ёсьць інтуіцыя, якая дапаможа знайсьці адказ на любое пытаньне. Тым больш гэта патрэбна ў становішчы, калі бабулі тлумачаць «па-свойму», сяброўкі — па-свойму, дактары — па-свойму. Напрыклад, у пытаньні, ці доўга працягваць карміць грудзьмі, мае бабкі зь цёткамі вохкаюць: «Што ты сабе думаеш?! Гэта ж чым далей, тым цяжэй будзе». Сяброўкі радзяць рабіць так, як паступалі самі. Дактары... Зь імі найцяжэй. Літаральна кожны мае свой пункт гле¬джаньня і на тое, як карміць, і з чаго пачынаць прыкорм.

Вось маладой маці тут і спатрэбіцца якраз тая інтуіцыя.

Але і з унутраным «я» таксама галоўнае не памыліцца. Перш чым вырашыць, ці сказаць «няможна», трэба спачатку прыслухацца да сябе, да сваіх пачуцьцяў, а затым паразважаць, як паўплывае ваша рашэньне на станаўленьне характару дзіцяці, на разьвіцьцё ягонай памяці, фантазіі і г.д.

Напрыклад, вы прачыталі ў кнізе, які павінен быць рэжым дня, і цяпер вашай дачцэ (ці сыну) трэба спаць, але яна (ён) нечым вельмі засяроджана занятая. Якое выйсьце з гэтай сытуацыі? Варта спыніць захапляльны працэс ці даць магчымасьць дагуляць? Кожная маці вырашае сама. Прычым, на жаль, як сабе зручней, часам забываючыся, што, можа, у гэты момант яе дзіця выходзіць на новы ўзровень разуменьня жыцьця і рэчаў… Вось адчуць, наколькі такі момант ёсьць каштоўным, і дапамагае наша інтуіцыя.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"