Гісторыя вучыць, што нічому ня вучыць. Вайна ў Аўганістане — найбольш яскравы прыклад таго. Да Аўгану быў Віетнам, пасьля — Чачэнія і Ірак. І ўсё па адной схеме: вялікай краіне не падабаецца лідэр малой, уводзяцца войскі, тубыльцы адзін дзень сьвяткуюць канец тырана, а потым бяруцца за зброю.

Кожны раз палітыкі лічаць, што зробяць лепш за сваіх канкурэнтаў і папярэднікаў, і робяць тое самае. Пацьвярджаецца вядомая ісьціна: той, хто ня памятае мінулага, асуджаны зноў яго перажыць. А ці шмат робіцца, каб памяталі? Што гучыць з афіцыйных трыбун? «Нашы хлопцы выконвалі свой абавязак, працягвалі слаўныя традыцыі сваіх дзядоў…» З асаблівым здавальненьнем згадваецца, што Захад, які так крытыкаваў савецкую акупацыю Аўганістану, цяпер сам завяз там.

А прыгадаем большасьць фільмаў, літаратурных твораў, прысьвечаных Аўгану. «Аўганец» паўстае як герой стопрацэнтна станоўчы. З аднаго боку несумленныя начальнікі, з другога — мясцовыя дзікуны, а сам ён сумленны і чысты. Атрымоўваецца дзіўная супярэчнасьць: «Аўган — брудная вайна, але яе ўдзельнікі — героі-інтэрнацыяналісты» (Васіль Быкаў). І гэта адна з тых ніцяў, якая прывязвае нас да савецкага мінулага і яго імпэрскіх традыцый, тое мёртвае, што хапае жывое. І часам яно дае самыя пачварныя ўзыходы: успомнім зьбіцьцё «аўганцамі» дзяцей падчас першага «гуканьня вясны» ў Менску. А вось крышку з досьведу найноўшага. Мне даводзілася прысутнічаць пры абмеркаваньні сумна вядомай справы палкоўніка Буданава. Мае суразмоўніцы-жанчыны горача апраўдвалі забойцу, пры гэтым зноў гучалі спасылкі на нашых хлопцаў у Аўгане.

Адказнасьць — справа закону і ўласнага сумленьня. Але ж інтэлігенцыі трэба не баяцца праўды і нагадваць пра яе грамадзтву. Бо толькі так апошняе зможа кантраляваць уладу і ня даць ёй паўтарыць памылкі папярэднікаў.

Мікола Чэрвеньскі, Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0