У шасьці гульнях беларусы заваявалі сем пунктаў — тры перамогі, адна нічыя, дзьве паразы. Заняўшы другое месца ў падгрупе, наперад яны прапусьцілі зборную Вугоршчыны. У суботу 22 студзеня ў сваім апошнім матчы гадаванцы Спартака Мірановіча ў Менскім палацы лёгкай атлетыкі перайгралі зборную Кіпру зь лікам 36:26, трыма днямі раней кіпрыёты ў Нікасіі былі абыграныя зь лікам 42:21.

А яшчэ на пачатку студзеня, да старту кваліфікацыйнага раўнду, шанцы беларусаў на посьпех разглядаліся як невялікія. Зборная Кіпру — адвечныя аўтсайдэры — пад увагу ня браліся. Першае месца загадзя аддавалася паўфіналістам Алімпіяды-2004 — вугорцам.

Постсацыялістычная Вугоршчына, сувымерная з намі па колькасьці насельніцтва, у адрозьненьне ад Беларусі здолела захаваць і моцную зборную, і някепскі клюбны гандбол.

У зборнай Беларусі надвор’е робяць легіянэры, а клюбны гандбол слабаваты. У Лізе чэмпіёнаў БГК імя Мяшкова ў сваёй падгрупе справядліва заняў апошняе месца. У іншых эўракубках большасьць беларускіх клюбаў павыляталі на першым этапе.

На другое месца ў нашай падгрупе ставілі італьянцаў. Да таго ж згадвалася мінулая кваліфікацыя да чэмпіянату сьвету — калі ў родных сьценах беларусы перамаглі, але ў гасьцях саступілі патрэбную розьніцу ў ліку. І тады, і цяпер зборная Італіі разглядалася ў якасьці галоўнага суперніка беларусаў.

Але ў менскім матчы, што прайшоў у Палацы лёгкай атлетыкі 12 студзеня, беларусы пераканаўча перамаглі «скуадру адзуру» — 35:24. Вырашальны ўнёсак у перамогу зрабілі акурат легіянэры — Іван Броўка ды Сяргей Гарбок з запароскага ЗТР, якія закінулі па дзесяць і сем мячоў адпаведна. Цяпер заставалася не прайграць з розьніцай у 11 мячоў у матчы ў адказ. Беларусы ў Сан-Віта-дэ-Тольямэнта вытрымалі — 20:20.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0