1.

«На станцыі «Кастрычніцкая»

цягнік не спыняецца», –

паведамляе дынамік у вагоне.

Пасажыры ціхенька перагаворваюцца:

што адбываецца?

можа, нейкія непаладкі на станцыі?

ці ня здарылася чаго сур’ёзнага?

«Не, гэта апазыцыя!» –

супакойвае ўсіх п’яны пралетар.

Купка моладзі хутка ўстае

і выходзіць на станцыі

«Плошча Перамогі».

2.

Званю з мэтро сябру.

«Ты вольны?» – пытаецца ён.

«Так, – кажу, –

маю паўтары гадзіны да лекцыі».

«Ды не, – кажа, – ты вольны?»

І тут да мяне даходзіць.

«Так, дзякуй!

Покуль што вольны».

За чатыры дні звыклыя словы

зьмянілі свой сэнс.

3.

Вяртаючыся пасьля выкладу

на пляц,

я магу проста

перайсьці праспэкт –

і вось ён, пляц!

Але я сядаю ў мэтро,

праяжджаю станцыю,

выходжу,

і вяртаюся назад ужо аўтобусам.

Найкарацейшая дарога, –

казаў адзін сталкер, –

не заўсёды наўпрост.

4.

На ўваходзе ў мэтро

дзядуля прадае

цёплыя шкарпэткі.

Лаўлю яго позірк

і як мага прыязьней

усьміхаюся.

Ён усьміхаецца ў адказ.

Спускаюся ў мэтро,

потым спыняюся й паварочваюся.

Дзядуля ўсё яшчэ глядзіць

мне наўздагон.

19-22 сакавіка 2006

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0