Кандыдаты-2006 зь неба ня падаюць. Іхны сьпіс акрэсьліваецца ўсё дакладней і пакуль безь нечаканасьцяў.Першай, яшчэ ў сьнежні, свой выбар пацьвердзіла Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ. Ад «плятформы народнага яднаньня «Беларуская салідарнасьць» кандыдуе Зянон Пазьняк. Аб’яднаная грамадзянская партыя прапануе свайго нязьменнага лідэра Анатоля Лябедзьку. Паводле сацыёлягаў, ён самы вядомы з апазыцыйных палітыкаў.
Партыя камуністаў таксама ставіць на свайго кіраўніка зь дзесяцігадовым стажам Сяргея Калякіна.
Чацьвертаму старшыню не хапіла пары тыдняў. Міколу Статкевіча вылучыла ўжо не ягоная Народная Грамада, а шматковая кааліцыя «Свабодная Беларусь», моцная рухамі моладзі «Зубр» і «Малады фронт». Вылучэньне «Свабоднай Беларусьсю» Міколы Статкевіча азначае, што Ірына Красоўская ня мае прэзыдэнцкіх амбіцый і што «Зубр» з «Маладым фронтам» гатовыя падтрымаць любога вылучэнца сваіх старшых таварышаў.
Не хавае сваіх амбіцый адстаўны генэрал Валер Фралоў, а высокая вайсковая пэнсія робіць яго амаль аўтаномным палітыкам.
Пакуль маўчыць так званая «група Лявонава». Гэтае маўчаньне можна інтэрпрэтаваць як дэпрэсію пасьля няўдачаў 2001-га і дэманстратыўнае расправы з Марынічам. Аднак жа, пра стварэньне прарасейскае левацэнтрысцкае сілы абвесьціў былы міністар замежных справаў Пятро Краўчанка. Пэрыядычна зьяўляюцца ў «Народнай волі» і «Салідарнасці» адозвы Грамадзянскага камітэту ў абарону Канстытуцыі Аляксандра Ярашука. Уладзімер Колас гуртуе вакол сябе Раду інтэлігенцыі. Нарэшце, з антыядзернай ініцыятывай актуалізаваўся алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч. Вобраз палітыка, які шчэ ня ўсё сказаў, лепіць сабе Натальля Машэрава. За дзесяцігодзьдзе прайшоўшы эвалюцыю ад змагаркі за аднаўленьне Савецкага Саюзу да рэспэктабэльна-сацыял-дэмакратычнае прыхільніцы ўмацаваньня грамадзянскае супольнасьці, яна застаецца вечным абяцаньнем. А яшчэ ж наяжджае з Масквы экс-рэктар Казулін, унікальны сваім выхадам на свабоду з пракуратуры. Усіх іх яднае калі не прыналежнасьць да альтэрнатыўных цэнтраў апазыцыі, дык, прынамсі, непрыналежнасьць да Нарады дэмакратычных партый.
Шэрагі кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта даўжэйшыя за дысцыплінаваныя карэ «Пяцёркі+». Сустракаюцца нават такія боўдзілы, што ня вераць ні ў Бога ні ў чорта і чакаюць сыгналу з Масквы.
Нягледзячы на горкі досьвед 2001-га, дэмакратычныя партыі, згуртаваныя ў «Пяцёрку+» і шырэйшую Нараду дэмакратычных сілаў, вераць, што ўрэшце выбар «адзінага» прыпадзе на аднаго зь іх вылучэнцаў.
Мяркуючы па заяве Юр’я Хадыкі, што «найхутчэй падтрымку дэмакратычных сілаў атрымае пазапартыйны палітык», Партыя БНФ і, бяры шырэй, недзяржаўныя арганізацыі, што вырасьлі з Народнага Фронту пачатку 90-х, падтрымаюць Алеся Мілінкевіча — бо ж ён, бадай, адзіны той пазапартыйны ў «Пяцёрцы». Гэты навуковец-фізык, краязнавец, а на пачатку 90-х намесьнік старшыні гарадзенскага гарвыканкаму, у 2001 годзе кіраваў перадвыбарным штабам Сямёна Домаша, забясьпечыўшы яму сьціплую, але найбольшую колькасьць подпісаў. Праўда, падтрымка «трэцім сэктарам» Домаша чатыры гады таму скончылася няздольнасьцю настаяць на ягонай кандыдатуры. А Мілінкевіч на сёньня выглядае як сьціплы паўтор «вядома ж, Домаша».
Другі «пазапартыйны» беларускамоўны — гэта Колас. Ня ўсе ведаюць, што ён нядаўна красамоўна пакінуў шэрагі Партыі БНФ.
У нацыянал-камуністаў выбару менш, чым у нацыянал-лібэралаў. Імёнамі, шырока вядомымі хоць бы ў вузкіх колах, яны пахваліцца ня могуць. Вынятак — Сяргей Калякін зь ягонай добрай славай маральнага палітыка.
Калякін сумленна пагадзіўся ўдзельнічаць у перадвыбарах. Аднак у шанцы Калякіна стаць «адзіным», здаецца, ня вераць нават тыя, хто яго вылучыў. Бо шараговыя актывісты дэмакратычнае апазыцыі ў рэгіёнах яшчэ не гатовыя працаваць на камуніста. Што датычыць Статкевіча, дык ён не з абоймы «Пяцёркі+» і дагэтуль выбіваўся з каманднае гульні.
З найцяжэйшых пазыцый прыйдзецца стартаваць Зянону Пазьняку. Сябе ён падае як кандыдата антыімпэрскага і праціўніка «лібэракамуны», справа ад Коласа й Мілінкевіча. Чатыры гады таму каманда сабрала яму ўсяго 70 тысяч подпісаў. У 2005 год ён выходзіць з той жа камандай, толькі за прамінулыя ж гады яе патэнцыял, здаецца, яшчэ падупаў.
Былы рэдактар «НН» Сяргей Дубавец аднойчы заўважыў, што забраць уладу ў Лукашэнкі можа толькі кандыдат «ні ад улады і ні ад апазыцыі». Пад апазыцыяй ён меў на ўвазе дэмакратычны істэблішмэнт. Такі кандыдат мае шанцы парушыць правілы гульні, зьмяшаць карты, сыграць на ірацыянальных пачуцьцях. Урэшце, такі палезе, каб біцца да канца. У адрозьненьне ад тэхнічных кандыдатаў патэнтаванае апазыцыі. І хоць у краінах нашага рэгіёну пазасыстэмныя кандыдаты не дасягалі посьпеху, у Беларусі толькі такі кандыдат і можа прагучаць, вось ягоная думка.
Гэта і так, і ня так. Выбарчая кампанія ва ўмовах аўтарытарызму — ня проба сілаў улады і апазыцыі ў рамках жорсткіх пісаных правілаў. Аднак гэткая кампанія палітычна адукоўвае, фармуе і рэфармуе сьвядомасьць людзей. Адбываецца непазьбежная палітызацыя грамадзтва, яно робіцца ўспрымальным на новыя ідэі.
Кандыдацтва Ўладзімера Ганчарыка не было багатае ідэямі. У гэтым сэнсе яно здавалася для незалежнага грамадзтва нонсэнсам і скончылася правальна. Той гаварыў па-расейску, і той. Той быў за Расею, і гэты. Часу на палітычныя дэбаты ва ўмовах абмежаванай дэмакратыі так мала, што трэба мець талент, каб данесьці сваё пасланьне да людзей.
Палітолягі апазыцыі не чакаюць, што выбары будуць свабоднымі, бо ня бачаць магутных групаў уплыву ўнутры краіны, гатовых паставіць на дэмакратызацыю. Яны падазраюць, што рэальна небясьпечныя кандыдаты ня будуць нават зарэгістраваныя. З гэтага вынікае іхная стаўка на назапашваньне сілаў для будучых палітычных баталіяў, або кулюарную барацьбу, або на вуліцу, на мірную рэвалюцыю. Спынімся падрабязьней на апошнім. Хто ж найлепш адпавядае гэтай патрэбе? Хто здольны натхняць людзей?
Дзеячы апазыцыі дзеляцца на тых, хто будзе рэальна змагацца за перамогу-2006, і тых, хто ў душы ня зьвязвае з гэтым годам ніякіх спадзяваньняў. Другіх большасьць, і яны патаемна спадзяюцца на нерэгістрацыю. І з канкурэнтаў Лукашэнкі ператвараюцца ў ягоных міжвольных хаўрусьнікаў.
Дух нацыі падымаюць лідэры, моцныя духам. Але гэта той крытэр, які ня зьмераеш сацыялягічнымі апытаньнямі. Нават клясычным: каго б вы хацелі бачыць у сябе ў хаце ў гасьцях?
Толькі тады, калі Лукашэнку будзе супрацьстаяць палітык, які ўвасабляе ясную нацыянальную альтэрнатыву, наша палітыка стане нармальнай эўрапейскай палітыкай зь яе масавай мабілізацыяй людзей пры дапамозе нацыянальных лёзунгаў і магнэтычным спаборніцтвам ідэяў. Тады само сабой адбудзецца сутыкненьне двух бачаньняў будучыні краіны, дзьвюх рацыяў сьвету, дзьвюх культураў, якое адно толькі і здольнае выбіць іскру з нашага грамадзтва.
Пры ўсіх іншых раскладах нас чакае нудны паўтор 2001 і 2004 гадоў, з млявым адказам на фальшаваньне і нерэгістрацыі ўжо на раньніх этапах кампаніі, а далей працяглая палітычная дэпрэсія.
Нацыянал-кансэрватар ці нацыянал-лібэрал, крэатура дэмакратычнае «Пяцёркі» ці пазасыстэмны дзяяч? Ня мае значэньня, калі гэта палітык беларускамоўны, носьбіт беларускага духу.
З 2006 году Беларусь мусіць выйсьці калі не з альтэрнатыўным лідэрам — у сэнсах маральным, інтэлектуальным і палітычным, — то зь ясным усьведамленьнем, якога кшталту палітык можа стварыць сапраўдную альтэрнатыву Лукашэнку. Калі такога ня выявіцца, будзе вялікая прыкрасьць. Гэта будзе знак, што клюб цяперашняй апазыцыйнай палітычнай эліты не яднае нацыянальных лідэраў, як гэта мусіла б быць, як гэта ёсьць ва Ўкраіне ці Польшчы. Тады цяперашняму верхняму эшалёну апазыцыі неўзабаве давядзецца саступіць месца маладзейшаму пакаленьню. Ці маральны інстынкт, ці хоць пачуцьце самазахаваньня падкажа ім, што ўвязвацца ў выбары-2006 з думкаю толькі пра выбары-2011 самагубна.
Дык хто ж той самаахвярны, што стаў бы нацыянальнаю альтэрнатываю? Няма сэнсу спыняцца на прозьвішчы, пакуль ня ўсе патэнцыйныя кандыдаты перайшлі Рубікон.
Цяпер модна браць прыклад зь Юшчанкі. Як заўважыў у сваім артыкуле ў «Народнай волі» Ніл Гілевіч, цяжка ўявіць, каб дэмакратычным кандыдатам ва Ўкраіне стаў расейскамоўны палітык, а тым больш асоба, якая ня ведае ўкраінскае мовы. І гэта кажа той самы народны паэт, які чатыры гады таму падтрымліваў Ганчарыка. Што гэта, калі не выява тэндэнцыі?
Крытэр беларускага духу стане вызначальным для посьпеху кандыдата-2006 на этапе перадвыбараў. Калі, вядома, яны ня будуць ператвораныя ў прафанацыю, шырму для перадвызначанага рашэньня кабінэтных стратэгаў.