Яна мае валасы сьветлыя, як беларускі лён, 16 гадоў і папку ў КДБ, як і ўсе ліцэісты, іх бацькі і настаўнікі. Трэба быць мужным, каб размаўляць па­беларуску. Польская «Газэта выборча» надрукавала вялікі рэпартаж пра Беларускі ліцэй. Прапануем вам яго ў скароце.

Урок першы. Спадарыня Людміла ў дарозе з пункту В. да Б.

Найцяжэйшае — скласьці падпольны расклад заняткаў.

Намесьнік дырэктара Лявон Баршчэўскі гладзіць сябе па лысіне. Спадарыня Людміла, якая выкладае біялёгію, мусіць пасьпець з кватэры на вуліцы В., дзе ў яе заняткі з другім курсам, да аднапакаёвай кватэры на вуліцы Б., дзе яе чакае чацьвёрты курс. А гэта шэсьць станцый мэтро зь перасадкай, паў-Менску.

Дзесьці ў мэтро яна разьмінецца са спадарыняй Дзінай, настаўніцай хіміі, якая вязе ў дамскай сумачцы слоік салянай кіслаты, каб паказаць другому курсу, як афарбоўваецца лякмусавая паперка. Пра больш складаныя хіміч¬ныя рэакцыі ва ўмовах кансьпірацыі цяжка марыць.

Мастацтва, як звычайна, на ву¬лі¬цы З. Грамадзкія навукі — у аднапакаёўцы, дзе жывуць апазыцыйныя студэнты. Фізычнае выхаваньне — у парку Горкага, калі пацяплее. І трэба зноў кудысьці перакінуць кампутарную клясу, каб ня трапіла ў рукі міліцыі.

Паўтара году таму ў Беларусі быў ліквідаваны адзіны ў краіне беларускамоўны ліцэй.

У Гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа ўсё было па-беларуску, нават фізычнае выхаваньне. Ліцэй дзейнічаў 13 гадоў. Пасьля яго лікві¬дацыі вучняў спрабавалі раскідаць па іншых школах. Большасьць адмовілася і працягвае хадзіць у нелегальны падпольны ліцэй.

Урок лёгікі. Ці можна арыштаваць літару «і»

На мінулыя вакацыі ніхто нікуды не паехаў, дзеці пільнавалі Ліцэй на вул.Кірава. Бацькі пільнавалі, каб іх дзяцей не пакрыўдзілі.

Прыйшло 300 бацькоў, сьмяяліся: маўляў, стаяць, як 300 спартанцаў. Яны сабралі 10 тысяч подпісаў, але ніхто з чыноўнікаў не захацеў іх узяць. Дзеці сьпявалі ліцэйскія песьні, пісалі на ходніках, што любяць ліцэй. Міліцыя не дала рады, прыслалі АМОН.

Міліцыянты і нават тыя страшныя амапаўцы не разумелі:

— Ды што вам трэба?

— А на якой мове вучаць у Францыі? — пыталіся бацькі.

— Па-француску, ясна.

— Ну а мы ў Беларусі хочам па-беларуску. Зрабілі з нас нацыянальную меншасьць, загналі ў рэзэрвацыю, але мы ніколі ня станем расейцамі.

Міліцыянты з аднаго аддзяленьня прасілі, каб дзеці-пікетоўцы перайшлі на іншы бок вуліцы — там ужо тэрыторыя іншага пастарунку. Бо што ім было рабіць зь дзіцем, якое ходзіць па Менску зь вялікай літарай «і» на саколцы? Або з надпісам па-беларуску «Я люблю Ліцэй»? Арыштоўваць?

Урок геаграфіі. Краты на вокнах

Шматпавярховік на вуліцы В. Я кажу ў дамафон «свае». Дзяжурны разглядае мяне праз вочка. Скрыгочуць замкі.

Раніцай ліцэісты зьбіраюцца перад пад’ездам і разам увахо¬дзяць у «сталінскі» дом. На перапынкі яны не выходзяць. Як мага менш тупату, грукату сталёвымі дзьвярыма, бо бабкі з трэцяга паверху даносяць у міліцыю.

Тры пакойчыкі: у першым геаграфія, у другім матэматыка, у трэцім біялёгія. У невялічкай кухні (адначасова настаўніцкая, кабінэт дырэктара, сталоўка, бібліятэка і спальня настаўніка матэматыкі, які прыяжджае з Магілёва) маладая германістка праводзіць індывідуальныя заняткі па нямецкай мове.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0