З разбурэньнем моўнай прасторы немінуча настане і зьнішчэньне дзяржаўнасьці беларусаў.
Канстытуцыйны суд прыняў пастанову аб парушэньні Закону аб мовах у Беларусі, аб недапушчальнасьці дыскрымінацыі беларускай мовы.
Роўнасьць дзьвюх дзяржаўных моў тэарэтычна азначае, што кожная другая ВНУ і кожная другая школа, садок павінны быць беларускімі. Як і надпісы і ўся дакумэнтацыя ды шыльды — на дзьвюх мовах. Гэтаксама і ня менш за палову часу на тэлебачаньні і радыё — па-беларуску, ня менш за палову выдадзенай паліграфічнай прадукцыі і агучаных па-беларуску фільмаў і мультфільмаў.
Нічога гэтага няма. Таму прапаную — і мы маем усе законныя падставы так рабіць — як партыям і аб’яднаньням, так і грамадзянам падаваць пазовы ў Канстытуцыйны і Вярхоўны суд на прадмет спагнаньня кампэнсацыі за маральную шкоду за абразу нацыянальнай годнасьці і гонару.
На міністра адукацыі — за тое, што толькі 23% дзяцей навучаюцца ў беларускіх школах. На старшыню дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі — за амаль поўнае выгнаньне роднай мовы з эфіру.
Беларуская мова для беларусаў цяпер пярэдняя лінія абароны. Бо калі яшчэ год-два мы будзем слухаць з раніцы да вечара кругом, асабліва па тэлевізары толькі расейскую мову, можа быць позна.
Філюк Г., Менск