Калі чытаеш апазыцыйныя выданьні, міжволі прыходзіш да думкі, што ў Беларусі хутка адбудуцца прэзыдэнцкія выбары, і ня ў 2006-м годзе, як прадугледжана Канстытуцыяй, а, прынамсі, празь якія паўгоду. Што і казаць, выбары заўсёды былі й ёсьць вельмі папулярнай тэмай размоў — таксама як надвор’е і спорт.А пасьля выбараў ва Ўкраіне шэрагі беларускіх палітыкаў і нават зазвычай далёкіх ад палітыкі лю¬дзей увогуле ахапіла нейкая эўфарыя. Такое ўражаньне, што праз колькі дзён на плошчу Незалежнасьці выйдуць сто тысяч чалавек і ў Беларусі пачнецца «шыпшынавая рэвалюцыя».

Паміж іншага, калі ўжо шукаць паралеляў і сымбаляў у працяг «ружовай» рэвалюцыі ў Грузіі й «аранжавай» ва Ўкраіне, дык у Беларусі гэта павінна быць ня кволая валошка (як нехта заўважыў, у прынцыпе ж, пустазельле), а шыпшына. Гэтая рась¬ліна ня толькі прыгожая, апетая ў песьнях і легендах, але і мае шыпы ды ўпарты, жыцьцялюбны характар. Да таго ж, выява шыпшыны прысутнічае ў эўрапейскай геральдычнай традыцыі. Але цяпер у нас тэма гутаркі далёкая ад батанікі ды геральдыкі.

Адзін з палітычных «летуцень¬нікаў» назваў ужо нават дату беларускай рэвалюцыі — 25 сакавіка 2005 году (а што, зьбег лічбаў вы¬глядае прывабна з гледзішча нумэралёгіі…). А перад тым палі¬тык надрукаваў у сваёй кнізе поў¬ны сьпіс рэвалюцыянэраў, якія зоймуць адпаведныя высокія дзяржаўныя пасады адразу пасьля перамогі. Пакуль што, праўда, гэтым сьпісам пільна зацікавілася толькі пракуратура. Для астатніх гэта засталося чымсьці накшталт гумарыстычнай чытанкі.

Засталося толькі знайсьці нацыянальнага сьвядомага харызматычнага лідэра, вакол якога згодны згуртавацца партыі й шырокія народныя масы. Іронія тут, зрэшты, недарэчы. Насамрэч лідэры палітычных партый аднойчы даказалі, што яны могуць адмовіцца ад уласных амбіцыяй і падтрымаць адзінага кандыдата на выбарах. Чаму гэтым кандыдатам на мінулых выбарах аказаўся Ганчарык, а ня Домаш — іншае пытаньне. Крытыкаваць кагосьці пастфактум — справа лёгкая, але марная.

Тым ня менш, міжволі прыходзіць думка, што былы кіраўнік вобласьці Домаш ня быў досыць выразнай альтэрнатывай былому прафсаюзнаму босу. Абодва, пры ўсёй вонкавай адрознасьці, не цягнулі на ролю нацыянальнага лідэра. На такую ролю падышоў бы, хутчэй за ўсё, Пазьняк…

Але многія памятаюць, што, калі Пазьняк пакідаў Беларусь, дзе яму, цалкам магчыма, рэальна пагражала небясьпека арышту, сытуацыя ў краіне яшчэ не выглядала настолькі змрочна, як сёньня. Прынамсі, гэта адбылося яшчэ да зьнікненьня вядомых палітыкаў. У 2001 годзе магчымасьць удзелу Пазьняка ў выбарах усур’ёз нават не разглядалася. Ва ўсялякім выпадку, моцнай прапагандысцкай кампаніі ў яго падтрымку не было.

Што ж адбылося цяпер? Няўжо сам Пазьняк і яго прыхільнікі раптам паверылі, што ў Беларусі ўжо ёсьць ці ў найбліжэйшы час могуць узьнікнуць умовы, па-першае, для бясьпечнага вяртаньня лідэра КХП БНФ на радзіму і, па-другое, для таго каб сабраць неабходную колькасьць подпісаў за яго вылучэньне ў прэзыдэнты? Няўжо посьпехі ўкраінскіх палітыкаў настолькі ўразілі хрысьціянскіх дэмакратаў, што яны страцілі ўсялякае пачуцьцё рэальнасьці? А мо яны разьлічваюць, што Буш-малодшы пры ідэалягічнай падтрымцы Кандалізы Райс захоча ўвайсьці ў гісторыю вызваліцелем Беларусі ад тыраніі ды раптам увядзе на яе тэрыторыю акупацыйныя войскі, пад наглядам якіх і адбудуцца дэмакратычныя выбары — як у Іраку?

Калі ж гаварыць сур’ёзна, дык відавочна, што ініцыятыва з вылучэньнем Пазьняка ў прэзыдэнты можа быць выклікана якімі хочаш прычынамі, толькі не рэальным намерам палітыка балятавацца на выбарах. Бо насамрэч гэта азначала б найперш неабходнасьць вяртацца. Прытым гаворка ідзе ня столькі пра фізычнае вяртаньне, колькі пра… віртуальнае. Пра вяртаньне ў мэдыйную прастору. Тое, што Пазьняк стаў пры жыцьці сапраўднай легендаю беларускага нацыянальна-вызваленчага руху (мне ўжо даводзілася пра гэта пісаць раней), нітрохі не спрашчае задачы для яго і ягоных прыхільнікаў. Наадварот, трэба будзе даводзіць, што новы (добра забыты «стары»?) Пазьняк і ёсьць тая самая легенда (а яна ў кожнага можа быць свая) і што ягоны вобраз адпавядае таму ідэальнаму вобразу, які склаўся вакол лідэра БНФ на пачатку 1990-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Іншымі словамі, быць рэальным палітыкам — ня тое самае, што быць жыхаром нейкага ўмоўнага Алімпу, дзе жывуць адны толькі багі і героі. Ды яшчэ калі гэты «Алімп» знаходзіцца па-за межамі краіны…

Але ў Пазьняка ёсьць адна вельмі важная перавага. Яе можна разглядаць і як загану, бо вядома, што чалавечыя вартасьці — гэта працяг заган і наадварот. Я маю на ўвазе непахісную веру Пазьняка ў сябе, ва ўласную харызму і магчымасьць перамогі. Такая ж якасьць, безумоўна, была й ёсьць таксама ў Лукашэнкі. Гэтай якасьці не было ні ў Домаша, ні ў Ганчарыка, няма яе і ў пераважнай большасьці іншых сучасных дый будучых кандыдатаў. Прынамсі, не было дагэтуль. Але не пра асабістыя якасьці кандыдатаў тут гаворка. Можна знайсьці станоўчыя рысы і ў Лябедзькі, і ў Мілінкевіча, і ў Коласа, і ў Парфяновіча…

Справа ў тым, што ў нармальнай грама¬дзка-палітычнай сытуацыі спаборніцтва паміж рознымі дэмакратычнымі палітыкамі рознага кірунку было б абсалютна нармальнай зьявай, а іх асабістыя якасьці адышлі б на другі плян. Куды больш важнае значэньне мела б папулярнасьць палітычных партый сярод насельніцтва, а таксама падтрымка іх з боку ўплывовых прадпрымальніцкіх і фінансавых груп. У Беларусі, дзе палітычны тэатар даўно стаўся «тэатрам аднаго актора», усё, урэшце, вырашаць ня партыі і нават не паліттэхналёгіі, а маральна-валявыя якасьці аднаго або некалькіх чалавек, якія знойдуць у сабе сілы й жаданьне кінуць выклік рэжыму, разумеючы, што яны ставяць пры гэтым на карту ўласнае жыцьцё. Ні больш і ні менш.

Ня будзем хаваць, што для многіх палітыкаў кансэрвацыя існуючага становішча рэчаў на ўзроўні 2002-га году ў чымсьці выгадная. З аднаго боку, рэпрэсіі з боку рэжыму хоць і ўзмацняюцца — асабліва ў пэрыяд выбарчых кампаній, але яны дагэтуль ня мелі настолькі татальнага характару, каб прывесьці да закрыцьця партый. З другога боку, тыя ж рэпрэсіі даюць магчымасьць апэляваць да Захаду з мэтай атрыманьня маральнай і матэрыяльнай падтрымкі сваёй дзейнасьці. Складаецца парадаксальная сытуацыя — існуючы рэжым дае партыям і іх лідэрам як бы маральную індульгенцыю на далейшае больш-менш спакойнае існаваньне. Ня трэба асабліва клапа¬ціцца пра перамогу на выбарах — бо ўсё адно ж загадзя ясна, што дэмакратам на іх ніколі не дадуць перамагчы. Важна толькі нагадваць час ад часу пра сваё існаваньне, гаварыць аб падрыхтоўцы да выбараў, вылучаць кандыдатаў, ствараць выбарчыя каа¬лі¬цыі, блёкі…

Але такому адносна бестурботнаму існаваньню, выглядае, надыходзіць канец. Рэжыму больш не патрэбны дэкарацыі ў выглядзе нават маламоцных партый, дыктатуру ўсё больш раздражняе сам факт існаваньня апазыцыі ў якім хочаш выглядзе. Што ўжо тут казаць пра незалежную прэсу. Лёгіка рэжыму патрабуе ўсё больш поўнага і безумоўнага падпарадкаваньня адзіным правілам, якія дыктуе адзін чалавек у дзяржаве.

Вядома, Беларусь не зьяўляецца нейкай унікальнай краінай у гэтым пляне. Можна суцяшаць сябе думкаю, што й больш жорсткія дыктатуры ў гісторыі сканчаліся паразаю.

Але трагізм сытуацыі палягае ў тым, што момант, калі чагосьці можна было дамагчыся ў Беларусі дэмакратычным шляхам, быў упушчаны. І палітыкі, якія маглі ды абавязаны былі нешта зрабіць для свабоды Беларусі, але не зрабілі гэтага празь нейкія аб’ектыўныя і суб’ектыўныя прычыны, сёньня ўжо проста ня ў стане зрабіць нічога больш. У Беларусі, хочам мы таго ці не, настае іншая эпоха, якая патрабуе зусім іншых людзей — людзей, я паўтаруся, здольных сьвядома, а не за грошы й славу процістаяць дыктатуры. Такія людзі не вырошчваюцца ў інкубатарах, а тым больш на замежных сэмінарах для маладых палітыкаў. Многія з «маладых палітыкаў» за апошнія гады састарыліся, нават не заўважыўшы гэтага.

Можа быць, новыя (сапраўды новыя, а ня добра забытыя старыя) лідэры ўжо нарадзіліся ці нават жывуць сярод нас… Пажывём — убачым.

У Беларусі, як і ў Расеі, трэба жыць доўга.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0