11.02.2005 / 13:00

Заробак 4,35 мільярда рублёў

«Во, бандзюгі, народ абдзіраюць!» — думаў Мікола, мэханік з трактарнага заводу, атрымліваючы заробак у жніўні 1994 г. Гэта ж не дэнамінацыя, а махінацыя нейкая — у дзесяць разоў меней грошай далі! «І калі гэта скончыцца?» — чухаў патыліцу Мікола ў студзені 2000 г., калі былі адрэзаныя ад заробку яшчэ тры нулі. Чуткі пра новую дэнамінацыю разьвеяў галоўны банкір Пётар Пракаповіч 1 лютага: сёлета нулі перакрэсьліваць пакуль ня будзем. Пачуўшы гэта, Мікола спакойна ўздыхнуў, перажагнаўся ды лёг спаць.

І прысьніўся Міколу жахлівы сон: нібыта не было ў нас ніякіх дэнамінацый, а заробкі пачалі выдаваць «вавёрачкамі» — колішнімі самымі малымі беларускімі купюрамі наміналам пяцьдзясят капеек. Пайшоў Мікола да касы, каб забраць свае 435 тысяч рублёў (акурат заробак сярэднестатыстычнага беларуса). Лепей бы не хадзіў.

Заробак Міколы падвозілі да касы браніраваным «БелАЗам»: 8 мільярдаў 700 мільёнаў банкнот — ня жартачкі! Мікола хацеў быў іх пералічыць, але плюнуў на гэтую задуму — нават калі б ён, нібы аўтамат, прапускаў за сэкунду па пяць паперак, праседзеў бы ля касы 55 год.

Стос паперак сярэдняй зашмальцаванасьці атрымаўся большы за кілямэтар у вышыню — гэта ж 25 абэліскаў на плошчы Перамогі! Куды падзець гэткае багацьце? Кватэра ў Міколы занадта малая. Спачатку хацеў ён пакласьці іх на плошчы Незалежнасьці — увесь пляц укрыўся б слоем грошай таўшчынёй у 9 сантымэтраў. Але ж там падземны горад будуюць…

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру