Беларусы аб’яднаныя агульным правам жыць як у Эўропе. Заўважце, не па-эўрапейску, а як у Эўропе. Эўропа па-ранейшаму застаецца неаспрэчным эталёнам жыцьця, асабліва ў параўнаньні з Расеяй. Беларусы ўжо добра разумеюць, што мы — не расейцы, але яшчэ далёка і не эўрапейцы.

Эўрапейскасьць асабіста ў мяне асацыюецца з мовай — беларускай. Вядома ж, гэта звычайная мова маіх зносін. І яна для мяне зьяўляецца цалкам натуральнай: я ўзгадаваны ў белмоўнай прасторы. У вёсцы, між іншым, яна папросту адзіная. Пераход на расейскую ў падлеткаў адбываецца, калі тыя ідуць вучыцца ў горад, дзе, як вядома, прынята размаўляць па-культурнаму, то бок па-расейску. Расейская мова для вяскоўца, як і для жыхара малога беларускага правінцыйнага гарадка, зьяўляецца ня сродкам зносін, а шляхам да жыцьцёвага посьпеху. Між расейшчынай і культурай просты чалавек ставіць знак роўнасьці. Калі б гэта было так насамрэч, дык па ўзроўні цывілізаванасьці мы б, пэўна, не саступалі ні немцам, ні швэдам, ні нарвэжцам. Натуральна, можна спасылацца на хамскую ўладу, але і яна не да канца вінаватая.

На хамства і бескультурнасьць беларусаў яшчэ Кузьма Чорны наракаў у сваіх перадсьмяротных дзёньніках, называючы ўсё гэта «азіятчынай». Становішча, калі адзін з найбольшых інтэлектуалаў тагачаснасьці Чорны займаўся чым хочаце, толькі ня тым, чым павінен быў бы займацца ў нармалёвай эўрапейскай краіне — пісаць і выдаваць раманы… А ці далёка мы, сучасныя, адышлі ад Беларусі 1944 году, калі пісаліся вышэйзгаданыя дзёньнікі? Адзін дзяржаўны тэлеканал на гэтае пытаньне кажа рашучае «Так», здымаючы фільм «60 мірных год», дзе распавядаецца пра ўсе дасягненьні народу і краіны за гэты час. Так, не спрачаюся, у гэты прамежак улажыліся выдатныя дасягненьні ў галіне спорту, эканомікі, гаспадаркі, новых тэхналёгій. А вось у пляне банальнай чалавечай культурнасьці стаім усё на тым жа ўзроўні. Лузгаем семкі сабе пад ногі і плюём на асфальт. А пасьля выхваляемся перад рознай навалаччу сваімі чыстымі вуліцамі. Чысты горад ня той, дзе многа дворнікаў, а той, дзе ня сьмецяць.

Не паважаем па-ранейшаму чужой працы, і гэта ідзе па ўсёй герархічнай лесьвіцы зьверху ўніз. Каторы ўжо год запар правадыр у жывым этэры абражае, пырскаючы сьлінай, чыноўнікаў, міністраў, старшынь аблвыканкамаў, тыя ж гыркаюць на сваіх падначаленых — і гэтак да бясконцасьці, пакуль не даходзіць да той самай няшчаснай дворнічыхі ці санітаркі ў больніцы.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Зьміцер Панкавец, Кастрыца

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0