11.02.2005 / 13:00

Усе прэм’еры — ворагі

Беларускае тэлебачаньне ня можа пазбавіцца расейскага акцэнту. Стыль беларускага тэлебачаньня выдае комплекс непаўнавартасьці тых, хто на ім працуе, і тых, хто над ім стаіць. Падача на БТ і АНТ апошніх падзеяў — сьмерці Зураба Жваніі і абраньня Юліі Цімашэнкі — у цэнтры ўвагі Віталя Тараса.

Сьмерць прэм’ер-міністра Грузіі Зураба Жваніі ўразіла найперш сваёй неймавернасьцю. Кіраўнік ураду гіне ад чаднага газу… Увогуле выпадкі гібелі людзей празь няспраўнае пячное ацяпленьне ў краінах былога СССР, у тым ліку і ў Беларусі, здараюцца даволі часта. Але тут — другая асоба ў дзяржаве… Чаму ахова ня ўгледзела небясьпекі, не праверыла — ці ўсё ў парадку ў кватэры, дзе спыніўся шэф, не ўстрывожылася своечасова? Для чаго прэм’ер-міністар сустракаўся прыватным чынам з чыноўнікам, мякка кажучы, ня самага высокага рангу? Пытаньні можна задаваць бясконца. І якія б пераканаўчыя доказы выпадковасьці гібелі Жваніі ні прыводзілі ўлады, усё адно ў сьвядомасьці простых людзей сьмерць аднаго зь лідэраў «рэвалюцыі ружаў» застанецца загадкавай, а вакол акалічнасьцяў і магчымых прычын трагедыі заўсёды будуць рабіцца спэкуляцыі.

На памяць прыходзіць гібель Пятра Машэрава. Здаецца, дагэтуль ніхто пераканаўча не абверг самай простай і самай верагоднай прычыны гібелі першага сакратара ЦК КПБ — здарэньне на дарозе. Тым больш што звычка кіроўцаў высокапастаўленых асоб (зь іхнага патураньня, дарэчы) ганяць па ўрадавых трасах без абмежаваньня хуткасьці, ігнаруючы правілы дарожнага руху для «простых лю¬дзей», вядомая. Колішні старшыня прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР Сурганаў загінуў пры падобных акалічнасьцях. А колькі яшчэ было падобных выпадкаў — толькі зь меньш трагічнымі вынікамі… І толькі пра Машэрава хадзілі дый дагэтуль ходзяць чуткі, што за ягонай гібельлю стаяў Крэмль.

Але ж тут гаворка не пра тэорыю змоў і яе прыхільнікаў. Хаця ў Беларусі іх, выглядае, штогод становіцца ўсё болей, пачынаючы ад самага высокага кіраўнічага зьвяна.

Цікавай і паказальнай была рэакцыя на трагічны інцыдэнт ды іншыя падзеі апошняга часу ў Грузіі і Ўкраіне. Рэакцыя расейскіх СМІ на гібель грузінскага прэм’ера была цалкам прадказальнай. У трагічным выпадку спачатку ўбачылі прымету ці то нейкіх кланавых разборак, ці то імкненьне прэзыдэнта Саакашвілі да абсалютнай улады. А потым у адной з аналітычных праграм «России» быў зроблены акцэнт на тым, што сябар Жваніі, маўляў, быў зусім маладым чалавекам… Як тут ня ўспомніць сюжэт пра чэскага дыплямата, дэпартаванага зь Менску па абвінавачаньні ў пэдафіліі. Гэты сюжэт, паказаны на БТ, быў пазьней абсмактаны, дарэчы, у адной зь нядзельных інфармацыйных перадач НТВ — каналу, які яшчэ ня так даўно прыводзілі як прыклад аб’ектыўнай і неангажаванай тэлежурналістыкі.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру