Моладзь мела пры сабе расьцяжку, дзіцячыя экскаватар і рыдлёўкі. Плянавалася пабудаваць зь пяску колькі дамкоў, каб потым іх разбурыць, сымбалізуючы сёньняшнюю «рэканструкцыю».
Аднак умяшаліся міліцыянты. У выніку былі затрыманыя Алесь Залеўскі, Франак Вячорка, Вікторыя Волкава, Сяргей Кулік, Аляксандар Мілінец, Віталь Ізотаў, Мікола Жукоўскі. За распаўсюд улётак затрымалі Алену Дыяніну. З атрыманых адвезьлі ў Ленінскі РУУС. З усіх узялі тлумачэньні. Паводле Алеся Залеўскага, яму і Франаку Вячорку прыгразілі ўтрыманьнем пад вартай да суду, які можа адбыцца заўтра.
Па словах А. Залеўскага, старыя польскія бардзюры і брукаванка, якія будаўнікі абяцалі вярнуць на старое месца, зьніклі ў невядомым кірунку.
Ад 30 чэрвеня ў Горадні ладзіцца летнік «Гарадзенская фартэцыя». Яго ўдзельнікі займаюцца распаўсюдам інфармацыі пра хаду рэканструкцыі Старога гораду, дзяжураць побач з будынкамі, заплянаванымі пад знос. Арганізатары летніка заклікаюць моладзь далучацца: не хапае людзей, каб ахапіць усе аб’екты і адначасова распаўсюджваць інфармацыю. Актывізацыя працаў у гістарычным цэнтры чакаецца пасьля выходных.