Якія ж выгоды займеем, адмовіўшыся ад «й» на карысьць «ĭ»?
Літары «и» ў беларускім альфабэце няма, ёсьць «і». Чаму ж, калі «і» трэба стаць кароткаю, яна ператвараецца ў «й»? Вось жа «у» і ў скарочаным гучаньні застаецца сама сабою, набываючы зьверху адно знак скарачэньня — «ў».
Можа, наша «і» мае нейкі комплекс непаўнавартасьці, які і змазвае яе асабісты «твар» у скарачэньні?
Калі ўжо «і» і «й», то чаму не «у» і «ŭ»??
Якія ж выгоды займеем, адмовіўшыся ад «й» на карысьць «ĭ»?
1. Пазбавім мову ад недарэчнасьці.
2. Ужо ня дзьве, а тры літары ў нас адметна свае.
3. Паспрабуйце набраць хаця б абзац тэксту, дзе замест «й» будзе «ĭ»?, і вы ўбачыце яго візуальную своеасаблівасьць.
Разумею, што патрэбны тут нейкія дадатковыя высілкі, але мова ці ня вартая іх?
Алесь Прускі, Віцебск
Адказвае мовазнавец Пятро Садоўскі:
«Гэта пытаньне з моўнай пэрыфэрыі: яно не закранае ўласна мовы. Тут гаворка можа ісьці толькі пра грамадзкую дамову: як пагодзімся пісаць, так і будзем. Украінцы таксама ня мелі сьпярша літары «ï»: яны пісалі «йі» (Кыйів), — а потым увялі, і яна прыжылася. Можна ўвесьці і ў нас гэткую літару, калі будзе існаваць грамадзкая дамова.
Іншая рэч, што існуе ж і традыцыя. Калі перавыдаваць Коласа, Купалу, якія такой літары ня ведалі, дык у іх таксама трэба мяняць усе тэксты? Кітайцы і японцы даўно б перайшлі на лацінку, каб ім ня трэба было пераводзіць на лацінку ўсю тую напісаную спадчыну, якая ў іх ёсьць. Таму й не пераходзяць».