11.02.2005 / 13:00

Голас за Коласа і каласы

Адзіны кандыдат — КОЛАС, колер рэвалюцыі — ЗАЛАТЫ, расьліна-сымбаль — ЖЫТА!

Вадзім Перцаў, Менск

Колас — гэта знак

Што да адзінага кандыдата (больш правільна — сучаснага нацыянальнага лідэра), то я лічу, што больш за астатніх гэтай ролі адпавядае Ўладзімер Колас. Гэты чалавек прасякнуты беларускасьцю, шляхетнасьцю, нават яго выгляд прываблівае сваёй адкрытасьцю. Ён пасьлядоўна шмат часу, колькі дазвалялі абставіны, вёў дзетак да Беларусі. Ня лез у чыстую палітыку, не «надакучыў» абывацелю і ўладзе. А па каліве зьбіраў адданых беларусаў у калектыў, што расчысьціў крынічку беларускасьці, зь якой прагна нашы дзеткі набіраліся «жывой вады»! Але прыйшоў валацуга — і затаптаў тую крынічку. Дарма праца У.Коласа не прайшла. Наш народ і ўвесь сьвет убачылі, які магутны інтэлектуальны патэнцыял сьпее ў беларускай нацыі. Гэта нашы Скарыны, Сапегі, Багдановічы, Кіты! І гэта ўсім паказаў Уладзімер Колас. Таму трэба яму дапамагчы ўсімі сродкамі (найперш СМІ) прадоўжыць ягоную справу — узбудзіць нацыянальны патэнцыял і давесьці наш народ да нацыянальнай ідэі. А заўважце, якое ў яго прозьвішча — Колас. Гэта ж знак! Можа, гэта божы пасыл?

А наагул хочацца падзякаваць Вам за ваша выданьне. Калі чытаеш «НН», то нібы акунаешся ў сваю мару — у сапраўдную вольную Беларусь-Літву. Гэтаму, зразумела, cпрыяе тарашкевіца. Наркамаўка, якая пануе ўсюды, нават у незалежных выданьнях, прывязвае язык да нёба, калі хочацца зьмякчыць зычную літару мяккім знакам. Яна прасякнута бээсэсэраўскім духам, духам расейскай акупацыі. А тарашкевіца пахне воляй!

Алесь Мянак, Менск

За Коласа голас!

Топчуцца камэнтатары ніўскія каля тэмы адзінакандыдацтва, намякаюць на яснае, а сказаць ці то баяцца, ці то права ня маюць. А расклад такі, што нацыянальнай альтэрнатывай Лукашэнку можа быць адно Пазьняк ці той, на каго ён пальцам пакажа. Пальцам пакажа хіба на Коласа, калі самога не зарэгіструюць альбо як дамовяцца. Ды маўчыць той Колас, бо ня з тых пан дырэктар, хто першы за горла хапае.

Не сярэдзіны цяпер шукаць прыніжанаму беларусу, а краю; не асадкі, каб сябрам пісаць, а заточкі, каб ворага параніць; у кут яго загналі і там змардуюць, калі ня выскачыць ды ня рыкне львом.

Зянон — то шпага ў бок акупацыі. Колас — то ваяка выкшталцоны, што мог бы шпагу паглыбей засадзіць.

Выжывем, ня выжывем, а слова сваё скажам, калі зь Зянонам.

Пра колеры і сымбалі рэвалюцыйныя само просіцца: колер — залаты, сымбаль — жыта. Жытні колас — сымбаль выключна станоўчы. Не апаганіш. Не накруціш як пра «амэрыканскія апэльсіны». І колер залаты — не зацяганы. «Залатая рэвалюцыя», «залаты прэзыдэнт», «залаты выбар», «чыстае золата», «залатыя словы»... І зоркі на эўразьвязаўскім прапары — залатыя, і крыж на шчыце ў рыцара з «Пагоні» — залаты. Асацыяцыі: заможнасьць, багацьце, хлеб, сытасьць, поўныя сьвірны, высокая проба, чысьціня, прыгажосьць, лета, цеплыня, Сонца, сіла, прыгажосьць, ясьлі ў Батлеэме, крыжы на цэрквах...

БГ, Менск

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру