Тата і хворы пан прэзыдэнт

Добры вечар, мілыя дзеткі.

Былі калісьці такія дзіўныя часы. То было сьпякотна і ўсё навокал высыхала, то зноў пачыналіся дажджы і ўсё навокал залівала вадою, а пасьля ўвогуле нейкія зладзеі пракапалі тунэль ды па ім сьцягнулі з усіх банкаў усе грошы, якія толькі там былі. Так, цяжка тады было ў нашай рэспубліцы, цяжка... Не маглі мы, напрыклад, набыць трамваі, таму мусілі шмат хадзіць пешкі, часам і даволі далёка. Ці, напрыклад, не хапала нам грошай на новыя дамы, каб было людзям дзе жыць, ды на школы, каб было дзецям дзе вучыцца, ды на рознае іншае. Што да школ, дык некаторыя дзеткі былі нават радыя, што ня трэба было хадзіць вучыцца. Яны маглі гойсаць па вуліцах ды свавольнічаць, але праз хвілінку-другую таксама пачыналі нудзіцца ды жадаць новую школу, але нічога нельга было зрабіць — грошыкі ўжо былі фі-і-іць. А пакуль новыя зьбяруцца, то пройдзе час!

Вы ўжо шчасьлівыя, вас такое не напаткае, цяпер такія рэчы не адбываюцца, але тады ты яшчэ не нарадзіўся, а ты яшчэ не нарадзілася на сьвет. Можаце спытаць старэйшых, і яны скажуць, што так тады тут і было.

А да ўсяго таго, уяві, вечарам у навінах па тэлевізіі сказалі, што пан прэзыдэнт захварэў, яшчэ гэтага не хапала! І гэта менавіта тады, калі трэба было падпісваць розныя важныя паперы, бо гэта ніхто акрамя яго зрабіць ня мог. Але пасьля яшчэ сказалі, што прыедуць нейкія знакамітыя лекары з-за мяжы ды яго вылекуюць.

І праўда: прыехалі прафэсар Той ды доктар Вуньтой, у аднаго былі агромністыя тоўстыя акуляры, розныя пілы, нажы, іголкі ды іншыя прылады, а другі прывёз з сабою ўсялякія парашкі — чырвоныя, зялёныя, жоўтыя, блакітныя ды безьліч белых. Два насільшчыкі не маглі гэта падняць! Прыйшлі яны да пана прэзыдэнта, агледзелі яго, матнулі галовамі, той першы накалоў у яго іголак і пачаў пампаваць кроў, а той другі пачаў у рот пану прэзыдэнту сыпаць усе свае парашкі, пачынаючы з блакітных, а сьледам іншыя, ды прымушаў запіваць рознымі ліманадамі, пакуль прэзыдэнт ня быў поўнасьцю паколаты ды наліты, як балён. Але лепей яму ня стала, наадварот, рабілася ўсё горай і горай! Ляжаў ён як Лазар і толькі галасіў: «Аёяёй, чаму мне так кепска, што я гэткае зьеў?» Бо, папраўдзе, нічагуткі ён перад тым ня еў, толькі розныя лекі ды іньекцыі. Але яшчэ сяк-так, спружыўшыся, мог падпісаць нейкую паперыну.

Дык тых лекараў выгналі й паклікалі іншых — новыя прыляцелі самалётам! Ды адразу з самалёта раскруцілі нейкія шлянгі з трубкамі аж да прэзыдэнцкай Рэзыдэнцыі. Адну трубку яны далі пану прэзыдэнту да вуснаў, другую да вуха, трэцюю да другога вуха, а чацьвёртую ўвогуле немаведама куды — ды пачалі вакол прэзыдэнта скакаць, напускаць нейкі дым на яго й сьпяваць розныя закляцьці. Напрыклад такое:

Выйдзі, выйдзі зь цела прэч,

З чалавека хворага,

Мы хваробу выганяем

Найлепшымі сродкамі.

Уцякай-бяжы, хвароба,

На балоты чорныя

Замаўляю і чарую

Здароўе прэзыдэнцкае!

Але нічога ня сталася, нічога не дапамагло. Дык лекары тыя шлянгі скруцілі, улезьлі ў самалёт ды адляцелі ні з чым. А пасьля яшчэ на нас нагаворвалі. Во як!

А пан прэзыдэнт так і ляжаў, паперы зьбіраліся ў стосы, ён іх амаль не падпісваў, усё ішло да каляпсу! Паўсюль іграла сумная музыка, ужо й восень прыйшла, імжыла, і ўсё было такім нявартым. У тэлевізіі паказвалі кадры з часоў, калі пан прэзыдэнт быў яшчэ здаровым і вясёлым. Тата глядзеў на гэта ўсё і казаў матулі: «Небарака!» А матуля адказвала: «Мы ж таксама небаракі, але нас ніхто не пашкадуе!» Яна мела троху рацыі, і тата зь ёй амаль пагадзіўся: «Так, твая праўда, але мы хаця б здаровыя ды радыя адно аднаму!» А цяпер рацыя была татава, і матуля тое адразу пацьвердзіла. «Праўда твая!» — сказала яна тату, падышла да яго й пачала цалаваць яго ў вуха, шыю, толькі да твару ніяк не магла дакрануцца, бо тата яе трошку адпіхваў, чаго ніколі раней не рабіў. А пры тым яшчэ казаў: «Пачакай?! Пачакай?!» — ды махаў рукою.

Матуля не зразумела, што адбываецца, ды зьдзіўлена пазірала на тату, але той упёрта глядзеў на тэлевізар, дзе паказвалі, як пан прэзыдэнт падпісвае розныя паперы. Ён заўсёды возьме аркуш, асадку-пяро з атрамантам, прыкладзе да вуснаў, хвілінку пакусае яго, пры гэтым чытае, што на аркушы, падпіша, возьме наступны аркуш. А тады зноў пяро да вуснаў, чытае. Падпіша й адкладзе. І так далей, цэлыя гадзіны. А час ад часу возьме й нейкую каляровую асадку, задумаецца, пакусае і ў вуснах пакруціць, аднясе ад вуснаў ды напіша на краі аркуша нейкую заўвагу. Тата падскочыў з крэсла ды як крыкне: «Ведаю!»

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Пераклаў з чэскае Ільля Глыбоўскі

Чэскі рэжысэр, актор і драматург Арношт Голдфлам (нар. 1946) — аўтар каля 50 п’ес і кнігі апавяданьняў «Зноў пра тое самае».

Пра свой найноўшы зборнік казак «Тата яшчэ чагосьці варты», зь якога ўзялі гэтую казку, А.Голдфлам напісаў: «Калі было маёй дачцэ Сыльве дзесяць год, я апавядаў ёй выдуманыя казачныя прыгоды. У іх я, як тата, заўсёды выпадкова зьдзяйсьняў нешта вартае гонару. Напрыклад, выйграваў нейкую дысцыпліну на алімпіядзе, ратаваў жыцьцё прынцэсе ды падобнае. Яна тады вельмі з усяго гэтага сьмяялася — хіба ж мог тата нешта падобнае зрабіць! Можа, ёй здавалася праўдападобным, што такія геройскія ўчынкі яе тата мог зрабіць толькі выпадкова ці памылкова. Але яны фактычна адбыліся — хай нават толькі ў гэтых казках. Цяпер, праз колькі год, я ўзгадаў пра іх і запісаў 15 казак, каб пасьля мог прачытаць свайму сыну Ота Антаніну, ці проста Атонічку, як яму будзе пяць ці больш гадоў…

Хрост кнігі (хросным бацькам стаўся Болек Поліўка), якая выйшла ў выдавецтве Андрэя Шчаснага, адбыўся 26 лістапада 2004 году ў брненскай «Кнігарні Іржы Шэдзівага».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0