Гэты матэрыял будзе цікавы для тых, хто трапіў у войска па апошнім наборы ці рыхтуецца ў хуткім часе пайсьці абараняць наш калектыўны сон. Як найлепш прыстасавацца да вайсковага побыту? Што самае галоўнае першыя дні ў войску? На асабістым вопыце раіць Сямён Печанко.

Выправа ў войска — неардынарная падзея ў жыцьці маладога чалавека. Лічыцца, што такую падзею трэба абавязкова адзначыць. Але варта памятаць, што ваш пяшчотна-непрытомны стан і недвухсэнсоўны пах з рота не прывядзе ў замілаваньне будучых айцоў-камандзіраў. А калі ў мутным стане яшчэ і зьявіцца ў ваенкамат, то можна знайсьці праблемы.

У войска трэба ўзяць з сабой гігіенічны камплект — мыла, набор для галеньня, адэкалёны. Спатрэбяцца таксама ніткі (зялёныя, белыя і чорныя), іголкі, канцылярскія прылады — асадка, аловак і сшыткі, бо пісаць давядзецца шмат. Паштовыя капэрты — бяз марак: як у войска, так і з войска.

У першы дзень чакае знаёмства з камандзірамі — ад камроты да камаддзяленьня. Іх стаўленьне да вас можа падацца трохі спэцыфічным. Але стаўленьне сяржанта да цывільнай асобы, што трапіла ў яго распараджэньне, становіцца цалкам зразумелым пазьней — калі адчуеш напоўніцу сум па цывільным жыцьці.

На чарзе — пераадзяваньне

На чарзе — пераадзяваньне ва ўсё вайсковае. Пажадана атрымаць усё адпаведна сваім памерам і тым самым пазьбегнуць непатрэбных праблем у будучыні, асабліва гэта тычыць абутку. Як найхутчэй трэба навучыцца карыстацца анучамі, бо мазалі могуць зьявіцца ўжо пасьля першай ранішняй прабежкі.

Першы паход у сталоўку пазнаёміць зь перамяшчэньнем строем. Мажліва, у першы дзень кавалак і не палезе вам у горла, у тым ліку і таму, што стараслужачыя будуць глядзець нас вас як на нейкае дзіва. Зрэшты, праз паўгоду вы таксама будзеце зь цікавасьцю ўзірацца ў спалоханыя і мутнаватыя твары «маладых».

Увечары вас чакае прыемная навіна — аказваецца, ёсьць вольны час. Але радасьць хутка зьнікне, бо ўвесь час пойдзе на прывядзеньне формы ў адпаведны выгляд. У лексыконе зьявіцца новае слоўца: падшыва — шматок белай тканіны, які прышываецца на каўнер. Вопратку трэба акуратна адпрасаваць. Не бяда, калі не пасьпееце зрабіць усё ў першы дзень. Часам колькасьць прасаў далёка не адпавядае колькасьці ахвотных разгладзіць свае каўняры.

Няма слова «можна»

Навіною будзе тое, што ня ўсе словы ў войску маюць права на існаваньне. Тут няма слова «можна», а выключна «дазвольце». На ўсё трэба прасіць дазвол, бо ініцыятыва караецца.

У першы дзень вам зладзяць экскурсію па казарме і пакажуць месца будучай кіпучай дзейнасьці — трайнік. Гэта памяшканьне, што зьмяшчае ў сабе прыбіральню, мыйнік і курылку (у зімовы час). Там вас абавязкова пазнаёмяць з «машкай» — разнавіднасьцю швабры, якою вы падчас нарадаў і шматлікіх марафэтаў будзеце наводзіць бляск у казарме, а хто-ніхто — і ў ватэрклязэце за пэўныя заслугі.

Вам пакажуць, як правільна засьцілаць ложак, а рабіць гэта трэба ідэальна — так, каб муха, а дакладней — мух (паводле інструктара), сеўшы на край ложка, празь яго вастрыню страціў галоўную адзнаку мужнасьці.

Узьлётка

Яшчэ вы пачуеце выраз «Таварыш салдат, менш крокаў па ўзьлётцы — больш гадоў жыцьця!». І гэты вокрык кагосьці зь сяржантаў, хутчэй за ўсё, засьпее вас зьнячэўку, прымусіўшы спалохана азірацца ў пошуках гэтай самай загадкавай «узьлёткі». Ёю акажацца дарожка зь лінолеўму шырынёю ў 1,5 м, што цягнецца ад уваходу да трайніка. «Узьлётка» заўсёды мусіць зіхацець.

Зь першага дня ў вас зьявіцца магчымасьць праявіць сябе ў якасьці пісарчука, бо са зьяўленьнем маладога папаўненьня ў сяржантаў дадаецца пісаніны, а пісаць самім ня хочацца. Вось і аб’явяць конкурс «на найлепшы почырк». Калі пашчасьціць выйграць «тэндэр», зможаце час ад часу касіць ад фізо і страявой. Прыдадуцца і іншыя таленты — уменьне маляваць, веданьне кампутару.

Трэба — навучым, ня хочаш — прымусім

Галоўнае — патрэбна слухаць і рабіць усё, што скажуць і тым больш загадаюць камандзіры. Загад у войску — закон. Ня варта ўступаць у канфлікты ні з таварышамі па службе, ні тым больш з камандзірамі. Яны заўсёды знойдуць спосабы і сродкі давесьці сваю рацыю. Тут усё падпарадкавана прынцыпу: «трэба — навучым, ня хочаш — прымусім». Па-трэцяе, ня трэба баяцца задаваць пытаньні, калі нешта турбуе ці незразумела… Толькі пытаньні мусяць быць сур’ёзнымі і па тэме. Памятайце, што далейшае стаўленьне да вас з боку камандзіраў будзе грунтавацца на ўражаньні, якое вы аб сабе створыце зь першых хвілін. Ня варта, аднак, занадта лезьці ў вочы, бо можна зарабіць рэпутацыю рвача, а такіх у войску мала хто любіць.

Але вось надышоў час доўгачаканага адбою і, здолеўшы далёка ня зь першай спробы адбіцца, вы ў трывозе засынаеце — у чаканьні яшчэ аднаго выпрабаваньня — першага пад’ёму, які абяцае быць досыць вясёлым. Дабранач!

Пад’ём!!!

На пачатку другога дня маладое папаўненьне чакае новае выпрабаваньне — пад’ём. Вось стомлены першай «нараднай» ноччу днявальны зараве не сваім голасам (не без здавальненьня, аднак): «Пад’ём!!!» І тут пачнецца! Салдацікі начыста ўсё забудуцца, што запаміналі зь вечара, і будуць бесталкова мітусіцца, перашкаджаючы і сабе, і астатнім. Няма гаворкі пра хвалёныя дзьве хвіліны ці тым больш пра запалку. Да ўсяго, сама працэдура пад’ёму адпрацоўваецца не адзін раз: абавязкова знойдзецца нехта, хто не пасьпее ў час адзецца і стаць па камандзе ў строй.

Затым надыдзе чарга ранішняга агляду — працэдуры, падчас якой будуць ацэньваць ваш выгляд, а заадно і кравецкія здольнасьці. Па выніках агляду хто-ніхто можа адправіцца перашываць «падшыву», нехта — галіцца. Ператрасуць і кішэні, пакідаючы самае неабходнае. Ёсьць пэўны пералік таго, што можна трымаць у кішэнях, а чаго нельга.

Потым — сталоўка. У хуткім часе ў яе давядзецца хадзіць зь песьняй: у адзін бок зь беларускай, у зваротны — з расейскай. Прынамсі, у маёй часьці быў такі парадак. А пакуль песьні нявывучаныя, давядзецца хадзіць у напружанай цішыні.

Скваркі а палове на сёмую

Калі раней вы і не ўяўлялі сабе, што а палове на сёмую раніцы можна есьці нешта тлустае ці смажанае, то з гэтага моманту давядзецца зьмірыцца. Пазьней вы пачняце марыць пра паходы ў сталоўку, а каманда падрыхтавацца да адпраўленьня «на хаўчык» будзе спрачацца па папулярнасьці з камандай «Адбой!».

Пачнуцца заняткі па розных вайсковых дысцыплінах — вывучэньне вайсковага статуту (сьвятая сьвятых!), дзяржаўна-прававая падрыхтоўка, мэдыцына, фізо і г.д. Абавязковым будзе веданьне слоў дзяржаўнага гімну, які давядзецца штовечар выконваць пасьля паверкі.

Можа стацца, што ў першыя ж дні вас правераць на фізычную трываласьць — наладзяць здачу нарматываў: бег на 3 км, на 100 м, падцягваньне. Варта пастарацца, бо той, хто не ўкладзецца ў неабходны мінімум, мае ўсе шанцы атрымаць загад патрэніравацца ў свой вольны час. Надалей шанцы на ваша чарговае звальненьне будуць знаходзіцца ў прамой залежнасьці ад вашых посьпехаў на бегавых дарожках і перакладзіне.

Увогуле карантын справядліва лічыцца адным з самых складаных пэрыядаў службы, бо ад першага дня і да моманту пряняцьця прысягі (а гэты пэрыяд і ёсьць карантынам) у вас ня будзе вольнай хвіліны — увесь час заняткі, заняткі.

Асабліва даецца ў знакі страявая, бо трэба навучыцца прыстойна падысьці да начальніка падчас прыняцьця прысягі, прайсьці ўрачыстым строем і зь песьняй перад сваёй часьцю і перад сваякамі, што будуць за вамі назіраць, прыгаворваючы: «Ой, як прыгожа!» — і не здагадваючыся, чаго вам каштавала гэтая прыгажосьць. На час карантыну давядзецца забыцца на непасрэдныя кантакты з блізкімі, абмежаваўшыся ліставаньнем ды тэлефонам. Забаронены і адносіны з вайскоўцамі старэйшых пэрыядаў службы — з мэтаю недапушчэньня нестатутных адносін.

Скончыцца карантын прысягаю і першым звальненьнем, але да таго яшчэ будзе першы візыт у лазьню і ПГДз (па-расейску «ПХД»), але пра тое наступным разам.

Матэрыял адначасова выстаўлены на сайце «Kraina.by».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0