11.02.2005 / 13:00

Навіны спорту

Салей больш ня будзе «качаром»?

НХЛ зьбіраецца выкупіць у кампаніі «Ўолт Дыснэй» каманду «Майці Дакс оф Анахайм». Пра гэта паведаміла газэта «Лос-Анджэлес Таймс» . Гаворка пра продаж «качароў» вялася яшчэ год таму, але празь лакаўт, што пачаўся ў НХЛ у мінулым кастрычніку, аціхла. Цяпер размовы ўзнавіліся. У выпадку зьмены гаспадара клюб памяняе ня толькі назву, але, напэўна, і месца дысьлякацыі.

Трапілі ў эліту хакею зь мячом

Зборная Беларусі здабыла пуцёўку ў эліту сусьветнага хакею зь мячом (так званага «бэндзі»). XXV чэмпіянат сьвету прайшоў адразу ў двух дывізіёнах — «А» і «В» — у татарскай Казані. У дывізіёне «В» беларусам не было роўных: яны перамаглі зборныя Нідэрляндаў (6:1), Эстоніі (18:5), Вугоршчыны (18:1), Канады (4:4, па пэнальці — 3:2). У стыкавым матчы выхаванцы Мікалая Салаўёва згулялі зь няўдачнікам дывізіёну «А» зборнай ЗША. Беларусы перамаглі — 6:3. «Золата» ў сусьветнай эліце заваявала Швэцыя, што перамагла гаспадароў турніру — зборную Расеі: 5:2. «Бронза» — у зборнай Казахстану. Для бэндзі патрэбныя вялікія адкрытыя коўзанкі, а зь беларускімі зімамі яны не гарантаваныя.

Самсонаў — другі на кантынэнце

Беларускі майстар «малой» ракеткі Ўладзімер Самсонаў (на фота) заваяваў «срэбра» на турніры «Europe Top 12» — спаборніцтве 12 наймацнейшых тэнісістаў кантынэнту, што прайшло ў францускім Рэно.

У першым матчы вырашальнай стадыі Ўладзімер перамог чэмпіёна сьвету аўстрыйца Вэрнэра Шлягера — 4:0, у паўфінале француза — Дам’яна Элоя — 4:1. У фінале Самсонаў у напружаным матчы саступіў прадстаўніку Расеі Аляксею Сьмірнову — 4:3 (лік па партыях 11:9, 4:11, 11:7, 11:9, 11:13, 7:11, 13:15). У аналягічным «жаночым» турніры Вікторыя Паўловіч падзяліла 9—12-я месцы.

У мінулы ўік-энд прайшоў таксама і чэмпіянат Беларусі па настольным тэнісе. Пераможцамі сталі Віталь Нехвядовіч і Вераніка Паўловіч.

Хакінэн сыходзіць

Славуты фінскі гоншчык, двухразовы чэмпіён сьвету (1998—1999, «Макларэн») Міка Хакінэн заявіў, што больш ня вернецца ў «Формулу-1» (ён пакінуў Вялікія гонкі ў 2001-м). Аўтагоншчык наракае на свой узрост: «Усё скончана. Мне ўжо 36 гадоў, а век у гэтым відзе спорту мае значэньне. З кожным годам рэакцыя ўсё больш павольная, і вочы бачаць горш». Між тым сяміразоваму чэмпіёну сьвету Міхаэлю Шумахеру таксама 36 год, але немец на гады і вочы не наракае, а рыхтуецца разам з «Фэрары» ў паход па восьмы тытул.

Ласты — як трэба

Беларускія спартоўцы пасьпяхова выступілі на першым этапе Кубку сьвету па плаваньні ў ластах, што прайшоў днямі ў славенскім Марыборы. У спаборніцтвах бралі ўдзел 26 камандаў з 11 краін. Каманда ДТСААФ, што складалася з новапалачан, заняла першае месца, заваяваўшы 24 мэдалі ў асабістым заліку — 10 залатых, 8 срэбраных, 6 бронзавых. Наступны этап Кубку сьвету пройдзе ў Наваполацку ў сакавіку.

Ковель ляціць у Лёндан

18-гадовы форвард менскага «Дынама» і зборнай Беларусі пасьля таварыскага футбольнага матчу Польшча — Беларусь адправіцца на тыднёвы прагляд у лёнданскі «Арсэнал». Пра гэта ў аўторак паведаміла выданьне «Прессбол». Ковель у мінулым сэзоне згуляў за «Дынама» 27 матчаў і забіў сем галоў.

МЮ не прадаецца

Паўабаронца футбольнага клюбу «Манчэстар Юнайтэд» і зборнай Уэльсу Раян Гігз далучыўся да заўзятараў каманды, што пратэстуюць супраць продажу кантрольнага пакету акцый клюбу амэрыканскаму мільярдэру Малкалму Глэйзэру. Яшчэ раней супраць гешэфту выступілі такія вядомыя манкуніянцы, як Эрык Кантана, Оле Гунар Солшэр, а таксама трэнэр сэр Алекс Фэргюсан. Гігз, які мае найбольшы стаж у МЮ, заклікаў акцыянэраў не прадаваць акцый Глэйзэру. «Нам падабаецца сёньняшняе становішча спраў, калі ніхто ня мае кантрольнага пакету. Ня варта нічога мяняць», — кажа Гігз.

АР

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру