Мілінкевіч ідзе ад зялёных. У тым, што Аляксандар Мілінкевіч будзе кандыдаваць, не сумняваўся ніхто. Ніхто не чакаў, што беспартыйнага гарадзенца Мілінкевіча ў якасьці кандыдата на прэзыдэнцкія выбары першай вылучыць Цэнтральная рада Беларускай партыі зялёных на сваім пасяджэньні ў Гомелі. Вылучэньне адбылося на пасяджэньні Цэнтральнай рады Беларускай партыі зялёных, што ўваходзіць у кааліцыю “Пяцёрка+”. Штаб Мілінкевіча ўзначаліць кіраўнік Фонду лякальнага разьвіцьця, колішні дэпутат Вярхоўнага Савету СССР Віктар Карняенка.

Вылучэньне адбылося ў Гомелі, бо там знаходзяцца кіроўныя органы партыі. Мілінкевіч сам прапанаваў сваю кандыдатуру тым партыям ад кааліцыі, што ня мелі свайго кандыдата.

Сп.Мілінкевіч спадзяецца як на падтрымку іншых партый, так і рэгіёны. “Каманда будзе уплываць на ўсе катэгорыі насельніцтва. Будзем спрабаваць схіліць на свой бок усіх — і намэнклятуру, і настаўнікаў, і урачоў, і кожную бабульку”, — заявіў палітык карэспандэнту “НН”.

У выпадку абраньня адзіным кандыдатам кампанія Мілінкевіча будзе пабудавана на агульнадэмакратычных каштоўнасьцях і пройдзе пад лёзунгамі яднаньня з Эўропай, рынкавай эканомікі, незалежнасьці, падтрымкі нацыянальнай культуры.

У суботу кандыдатура Мілінкевіча будзе прапанавана Сойму Партыі БНФ. “Я вітаю вылучэньне Мілінкевіча і мяркую, што Сойм падтрымае ягоную кандыдатуру. Мілінкевіч — менавіта той кандыдат, якога падтрымлівае Партыя БНФ”, — заявіў “НН” старшыня партыі В.Вячорка.

Палітык кажа, што ўскладае вялікія спадзевы на працу ў камандзе — зь іншымі кандыдатамі ад кааліцыі: “Я — камандны чалавек. Мы будзем працаваць разам, будзем разам езьдзіць па рэгіёнах”. Канца травеня палітык чакае зь непакоем: “Калі назавуць імя адзінага кандыдата, ці здолеюць іншыя партнэры па кааліцыі адкінуць амбіцыі і падпарадкавацца супольнаму рашэньню?”

Шырокім масам ягонае імя пакуль невядомае. Але, мяркуюць ягоныя пры¬хільнікі, Домаш пачынаў таксама з нуля, а ў 2001-м сабраў найбольш подпісаў у сваю падтрымку. Дзякуючы штабу на чале зь Мілінкевічам. Цяпер Мілінкевіч ідзе на выбары сам.

У асяродзьдзі дэмакратычных актывістаў пашыранае меркаваньне, што “падтрымаем любога, здольнага на нестандартныя хады і настроенага на перамогу”. Самім месцам вылучэньня першае Мілінкевіч ужо даказаў.

Алег Раявец

Алесь Мілінкевічнарадзіўся 25 ліпеня 1947 г. у Горадні ў праваслаўнай сям’і. Кандыдат фізіка-матэматычных навук, тэма дысэртацыі “Мэханізм генэрацыі звышмагутных лазэрных імпульсаў”. Стажаваўся ва ўнівэрсытэце Манпэлье (Францыя) і Каліфарнійскім унівэрсытэце. Працаваў загадчыкам катэдры Сэтыфскага унівэрсытэта (Альжыр), дацэнтам Гарадзенскага ўнівэрсытэту. У 1990—1994 г. займаў пасаду намесьніка старшыні Гарадзенскага гарвыканкаму. Быў кіраўніком Беларускай асацыяцыі рэсурсавых цэнтраў. Вядомы краязнаўца і гісторык. Вёў гістарычную праграму на гарадзенскай тэлевізіі. Знайшоў пахаваньне апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, рэстаўраваў найстаражытнейшы ў Эўропе гарадзенскі вежавы гадзіньнік (XV—XVI ст.).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0