Падольская: на «Эўрабачаньне» ад Расеі

Беларуска Натальля Падольская заняла першае месца ў паўфінале адборачнага туру «Эўрабачаньне-2005» у Расеі. Паводле вынікаў галасаваньня гледачоў яна набрала 27% і апярэдзіла Варвару (20%) і дуэт «Чай вдвоём» (14%). 25 лютага — фінал адборачнага конкурсу.

Летась Натальля брала ўдзел у беларускім адборачным туры на «Эўрабачаньне» і не без скандалу была адсунутая на другую пазыцыю. Яшчэ адны беларускія музыкі — ВІА «Харлі» — сёлета таксама прабіваліся на фэстываль у іншай краіне — яны сьпявалі ва Ўкраіне.

«Аўтарадыё» стала беларускім

«Аўтарадыё» — адзіная з 15 FM-станцый, якая без падтасовак выконвае загад аб 75% беларускай музыкі ў этэры. На частаце 105,1 МГц штогадзіны можна пачуць беларускую музыку, прычым прадстаўнікоў усіх кірункаў і пераважна па-беларуску.

«Краскі» ў турме

Беларускі поп-праект «Краскі» затрымалі ў поўным складзе пры праходжаньні пашпартнага кантролю ў аэрапорце Дзюсэльдорфу. Артысты прыехалі ў Нямеччыну з канцэртамі. Маскоўскі прадусар гурту кажа, што затрымалі беспадстаўна. Нямеччына — нешчасьлівая краіна для «Красак», летась ім туды не далі візы.

«Drum Ecstasy» эмігруюць

Беларускі драм-н-басавы праект «Drum Ecstasy» можа стала атабарыцца ў Маскве. Хлопцы кажуць, што пасьля ўдзелу ў канцэрце 21 ліпеня на плошчы Бангалор у іх значна ўскладнілася жыцьцё. А ў Маскве яны зьбіраюць поўныя залі. Да таго ж «Drum Ecstasy» атрымалі запрашэньне паўдзельнічаць у стварэньні саўндтрэку да працягу кінагіту «Начная варта-2».

«Сябры» і «Smokie» разам

На красавік заплянаваны сумесны тур легендарных брытанскага і беларускага калектываў па Расеі. Мяркуецца, што сумесныя канцэрты пройдуць ва ўсіх буйных гарадах — ад Пецярбургу да Ўладзівастоку, мажліва, у Фінляндыі ды Ізраілі. У Беларусі выступаў не плянуецца.

Найлепшае фота-2004

Пераможцам міжнароднага конкурсу «World Press Photo» ў Амстэрдаме стаў фотакарэспандэнт агенцтва «Reuters» Арка Дата: на яго здымку індыйская жанчына аплаквае сваяка, які загінуў падчас сьнежаньскага цунамі (справа). Цунамі стала й галоўнай тэмай фатаконкурсу. Другое месца — у супрацоўніка часопісу «Time Magazine» Юр’я Козырава за матэрыял пра захоп школы ў Беслане.

Памёр Артур Мілер

У веку 89 гадоў у сваім доме ў штаце Канэктыкут памёр драматург Артур Мілер. Памёр ад спыненьня сэрца, хаця меў цэлы букет хваробаў: рак, пнэўманію, сардэчную недастатковасьць. Працуючы на аўтамабільным заводзе, каб зарабіць на аплату каледжу, ён вырашыў заняцца літаратурай — пасьля прачытаньня «Братоў Карамазавых». Дэбютам у літаратуры стаў раман «Фокус», прысьвечаны праблеме антысэмітызму. За п’есу «Сьмерць коміваяжэра» ў 1949 г. атрымаў Пулітцэраўскую прэмію. Аднак слава не перашкодзіла падазраваць яго ў сымпатыях да камунізму: у 1953 г. яму адмовілі ў праве выехаць у Брусэль на прэм’еру п’есы «Чараўніцы з Салему», а ў 1956 г. асудзілі за тое ж на адзін год турмы, але пасьля апэляцыі адмянілі прысуд. У 1956 г. Мілер ажаніўся з Мэрылін Манро, зь якой разам пражыў 5 гадоў, стаўшы ейным апошнім мужам. У аўтабіяграфічнай п’есе «Пасьля падзеньня» (1964) даў партрэт Мэрылін.

Восем «Грэмі» Рэя Чарлза

Апошні альбом памерлага летась Рэя Чарлза «Genius Loves Company» атрымаў восем прэмій «Грэмі», у тым ліку як альбом году і запіс году. Найлепшым рок-альбомам прызнаны панк-рокавы «American Idiot», запісаны гуртам «Green Day».

Музэй гісторыі польскіх габрэяў

У Варшаве зьявіцца Музэй гісторыі польскіх габрэяў. Такое рашэньне прынялі міністэрства культуры Польшчы й Габрэйскі гістарычны інстытут. Будынак разьмесьціцца на тэрыторыі 13 тыс. м2 каля помніка Героям гета. Музэй мае асьвятляць ня толькі час Галакосту, але і ўсю 800-гадовую гісторыю габрэяў у Польшчы.

Новы альбом Планта

Робэрт Плант, былы вакаліст «Led Zeppelin», абвясьціў, што 25 красавіка выпусьціць з гуртом «The Strange Sensation» новы альбом. Над дыскам «Mighty Rearranger» музыкі працавалі ў гарах на поўначы Ўэльсу ды ў графстве Сомэрсэт.

Пяты Потэр

Пятую частку прыгод маленькага чарадзея кампанія «Ўорнэр Бразэрз» пачне экранізаваць у 2006 г., а на экранах фільм зьявіцца ў 2007-м Рэжысэрам фільму «Гары Потэр і Ордэн Фэнікса» мае быць брытанец Дэйвід Ейц.

СБ, АВ; Gazeta.pl

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0