Літву адразаюць

Літва скарачае колькасьць аўтобусных маршрутаў у Беларусь. Такое рашэньне транспартныя кампаніі прымаюць вымушана — новы падатак за выкарыстаньне дарог, уведзены ў Беларусі ад пачатку гэтага году, робіць беларускія рэйсы стратнымі. Ад 1 студзеня гэтага году замежныя транспартныя сродкі, у якіх колькасьць месцаў большая за 30, павінны плаціць 35 даляраў за суткі, калі яны едуць празь Беларусь. Падлічыўшы выдаткі за першыя тыдні гэтага году, літоўскія транспартнікі вырашылі, што з усіх беларускіх маршрутаў можна пакінуць толькі Коўна—Менск, Вільня—Менск, Паланга—Менск, Вільня—Гіры і Вільня—Пінск. Толькі дзьве транспартныя кампаніі з 12 захаваюць рэйсы ў Беларусь. Карацейшыя маршруты, якія злучалі невялікія гарады і мястэчкі, робяцца нерэнтабэльнымі.

Магчыма, некаторыя маршруты аўтобусаў на беларуска-літоўскім памежжы падтрымае дзяржаўны бюджэт Літвы. Гэта аўтобусы на Опсу, Гервяты, Пелясу і маршруты Ігналіна—Відзы, Вісагінас—Браслаў, Вільня—Гіры і Трокі—Ліда — у зоны, дзе жыве хоць трохі літоўцаў. Беларусы ж ніякіх датацый на рэйсы ў раёны, дзе жыве беларускамоўнае насельніцтва, ніколі не выдзялялі.

Фундацыя Бэртэльсмана пра Беларусь

Новая стратэгія дачыненьняў Эўразьвязу і Беларусі выпрацоўвалася ў Вільні ў часе канфэрэнцыі, якую нямецкая Фундацыя Бэртэльсмана ладзіла супольна зь літоўскім МЗС. У сустрэчы бралі ўдзел супрацоўнікі замежнапалітычных ведамстваў шэрагу эўрапейскіх краінаў, прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў. Новая стратэгія мае на мэце ўплыў ЭЗ на прэзыдэнцкую выбарчую кампанію 2006. У рэкамэндацыях вылучаныя наступныя патрэбы. 1) Стварэньне ЭЗ гнуткага фінансавага мэханізму, які б мог спрыяць дэмакратычным працэсам у Беларусі — найлепш адмысловага фонду, падсправаздачнага Эўракамісіі. 2) Узмацненьне захадаў народнай дыпляматыі паміж Эўразьвязам і Беларусьсю ды заснаваньне ў Менску Эўрапейскага дому, які б кампэнсаваў для беларусаў дэфіцыт інфармацыі пра новую Эўропу, а эўрапейцам — пра Беларусь.

Як лічаць распрацоўшчыкі гэтай канцэпцыі, Эўропе неабходна знайсьці яркую палітычную асобу, якая б дапамагла разбурыць існуючую ізаляцыю ды самаізаляцыю, што перашкаджаюць Беларусі супрацоўнічаць з Эўропай.

Каралявец вернецца ў Эўропу

«Калінінграду трэба надаць афіцыйны статус замежнай тэрыторыі», — заявіў прадстаўнік Пуціна ў Паўночна-Заходняй акрузе Ільля Клябанаў. Як піша газэта «Известия», пад асаблівым статусам маецца на ўвазе адаптацыя рэгіянальнага заканадаўства да законаў Эўразьвязу і ў пэрспэктыве ўваходжаньне вобласьці ў зону эўра. Ідэю асаблівага статусу для Калінінграду даўно прапануюць Польшча і Літва.

Расейцам не стае волі да жыцьця

Нягледзячы на тое што ўзровень жыцьця ў Расеі пасьля распаду СССР значна павысіўся, сярэдняя працягласьць жыцьця мужчын у параўнаньні з папярэднім дзесяцігодзьдзем скарацілася на пяць год. Пры гэтым сярэдні расеец жыве толькі 58,6 году, тады як жанчына — 73 гады.

Вырасла сьмяротнасьць мужчын у маладым і сярэднім узросьце.

На думку экспэртаў, расейцаў забівае нездаровае харчаваньне і алькаголь. Штогод у выніку алькагольных атручэньняў у Расеі паміраюць тысячы людзей, а празь недахоп волі да жыцьця расейцы радзей ходзяць да дактароў.

Экскурсія ў ГУЛАГ

Прыклад Асьвенціму прыйшоўся даспадобы некаторым расейскім прадпрымальнікам. Цяпер за 600 даляраў кожны ахвотны зможа наведаць былыя савецкія папраўча-працоўныя лягеры. Праўда, толькі тыя, якія больш-менш добра захаваліся, — пад Краснаярскам. Вандроўкі ладзіць расейская фірма «Дула Турс».

На экскурсію на архіпэляг ГУЛАГ турысты будуць выпраўляцца як сапраўдныя вязьні — зь мясцовага порту. Ім давядзецца правесьці на палубе «Антона Чэхава» 12 дзён. Праз суровы клімат экскурсіі будуць адбывацца толькі летам.

АП; Руслан Равяка; радыё «Свабода»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0