Ці можна было ўратаваць Беларусь ад сталінскага генацыду? Так, калі б яе да 1930 году ўдалося адарваць ад СССР. Алесь Аркуш мяркуе: беларускім нацыянал-камуністам проста не хапіла на гэта часу. Ён даказвае, што змова дзеля здабыцьця для Беларусі поўнае незалежнасьці ўсё ж існавала. А цэнтар яе быў не ў асяродку інтэлігенцыі, а ва ўрадзе БССР. 75 гадоў таму, 17 лютага 1930 году, пачалася справа «Саюзу вызваленьня Беларусі», якую можна лічыць пунктам адліку сталінскага генацыду ў Беларусі.

З арышту Пятра Ільлючонка 17 лютага 1930 году пачаўся разгром нацыянальнае эліты сталіністамі. Па справе «СВБ» воля да супраціву была зломленая. Пасьля 17 лютага будуць толькі арыштоўваць і арыштоўваць. Межы закрыліся, абцугі сьціснуліся, машына дэзінфармацыі будзе працаваць гэтаксама эфэктыўна, як машына масавага забойства. У Курапаты паедуць камуністычныя душагубкі, у Варкуту — цягнікі. А ахвяры, нібы калярадзкія жукі ў вядры, падзеляцца на тых, хто пакорліва чакае выраку на дне, і тых, хто вылазіць па галовах братоў, як многія будучыя народныя паэты і акадэмікі. Сталіністы сьвядома і мэтанакіравана выбівалі самых энэргічных, самых адукаваных, самых-самых... Беларусь страціла 200 тысячаў жыцьцяў.

У позьнесавецкі пэрыяд дасьле¬дчыкі выстаўлялі «СВБ» зь яго 108-мю сябрамі прыдумкай чэкістаў.

Першай ахвярай ГПУ стаў лідэр беларускіх нацыяналістаў, акадэмік Усевалад Ігнатоўскі. Яго выклікалі ў ГПУ на допыт, пасьля якога ён застрэліўся на сваёй кватэры. ГПУ разьлічвала, што праф. Ігнатоўскі назаве асобаў нацыянальнага руху, якія ставілі задачу скіданьня ў Беларусі савецкага рэжыму, абвяшчэньня незалежнасьці і ўсталяваньня дэмакратычнага ладу. Прафэсар выбраў сьмерць. Сьмяротным ударам былі арышты наркама земляробства Зьмітра Прышчэпава, ягонага намесьніка Алеся Адамовіча і наркама асьветы Антона Баліцкага.

Асоба Алеся Адамовіча вартая асобнай кнігі. Ён пасьпеў пабыць сакратаром Калінінскага і Полацкага акруговых камітэтаў КП(б)Б, загадчыкам аддзелу друку ЦК КП(б)Б, намесьнікам наркама (намесьнікам міністра, калі браць па цяперашняй шкале) земляробства. Менавіта яму, нефармальнаму куратару «Маладняку», прысьвяціў сваю паэму «Калініншчына» Дубоўка. Адамовіч стаў прататыпам Дубоўкавага «кандуктара» з паэмы «Штурмуйце будучыні аванпосты!», Сьляпня ў рамане М.Зарэцкага «Крывічы», Абрама Ватасона ў рамане Кузьмы Чорнага «Сястра».

Гэта быў умелы арганізатар і пасьлядоўны праваднік нацыянальных інтарэсаў. Ён беларусізаваў усходнія ўскрайкі БССР (цэнтар Калінінскай акругі — Клімаві¬чы) непрацяглы час, але вынік працы быў надзвычайна плённым — з краю над Бесядзьдзю і Сожам выйшла плойма маладых талентаў. Куляшоў, Астапенка і Таўбін — пачынальнікі тае славы — свае першыя публікацыі зрабілі ў альманаху «Маладняк Калініншчыны» (1926).

Большасьць скандальных фэльетонаў Вольнага, артыкулаў Дудара, Александровіча, Зарэцкага (у тым ліку пратэст супраць «небеларускага» ўнівэрсытэту) былі напісаныя на замову Адамовіча. «Куратар», раскалоўся Дудар, замаўляў яму артыкул «на ўзор валабуеўскага ў «Більшовику Украіни», з эканамічным абаснаваньнем на¬цы¬я¬на¬лістычных тэорый Шумскага і Хвы¬лёвага. Замаўляючы, Адамовіч «мнагазначна дадаў, што аўтар артыкулу «сасланы ў Салаўкі».

Ён ведаў, чым яны рызыкавалі. Алесь Дудар на допытах у ГПУ выдаў, што Алесь Адамовіч трымаўся падкрэсьлена кансьпірацыйнага тону гутарак. Наватвор «сачкам», ад слоў «сачыць» і «камісар», быў створаны менавіта віцэ-міністрам Адамовічам. «Сачкаманіяй» — строгай разборлівасьцю ў знаёмствах і выбары суразмоўцаў — ён заражаў і іншых.

«Слова «вождь» (на расейскай мове) было ў Адамовіча лаянкай», — кажа Дудар. З правадыроў Адамовіч зьдзекліва іранізаваў.

На патрыятычным уздыме

Выдатныя лідэрскія і арганізацыйныя здольнасьці меў і Антон Баліцкі, адзін з самых актыўных праваднікоў палітыкі беларусізацыі ў 1920-х гадах.

У Наркамасьветы, разам з Жылуновічам і Некрашэвічам ён стварыў каапэратыўнае выдавецтва «Адраджэньне», выдаваў падручнікі. Рабілася гэта пры дапамозе Ігнатоўскага, тагачаснага наркама асьветы.

Вечарамі «на агеньчык да Баліцкага» заходзілі ня толькі Некрашэвіч, Жылуновіч, але і Кудзелька (Міхась Чарот), Прышчэпаў, іншыя ключавыя «мясцовыя кадры» апарату БССР.

У 1926 годзе на пасадзе наркама асьветы Баліцкі замяняе Ігнатоўскага. У гэтым жа годзе Інбелкульт наладжвае акадэмічную канфэрэнцыю па рэформе беларускага правапісу. Канфэрэнцыя прайшла на эмацыйным патрыятычным уздыме, а яе арганізатары атрымалі па шапцы: на сцэне адсутнічаў партрэт Леніна, затое заля была аформлена ў нацыялістычныя колеры.

На гэты момант у БССР з 4057 чатырохгадовых школ па-беларуску выкладалі 3794 (93,5%). 1 студзеня 1927 году Ігнатоўскі вымушаны апраўдацца ў «Зьвязь¬дзе» супраць публікацый у замежным друку, дзе паведамлялася, што «народна-дэмакратычны рух накіраваны проці ўлады ў Савецкай Беларусі» і рыхтуе паўстаньне».

Разьвязка

Аднак беларускі ўрад быў урадам толькі напалову. Ён не кіраваў сілавымі структурамі. Масква кантралявала Менск цалкам праз сваіх «казачкоў». Як толькі Сталіну сталі без патрэбы нацыянал-камуністы з рэспублік, на якіх ён раней абапіраўся ў свай барацьбе з трацкістамі і іншымі ўхілістамі, ён пачынае разгром нацыянальных элітаў.

Гісторыя ня любіць умоўнага ладу, і тым ня менш: што магло б уратаваць Беларусь ад сталінскага генацыду? Паўстаньне, аддзяленьне, абвяшчэньне незалежнасьці? Магчыма, паралельна з Украінай, на хвалі незадаволенасьці калектывізацыяй, голадам… Структуры, якія так старанна разбудоўвалі нацкамы, былі не гатовыя да таго. Каб яшчэ пару гадоў… Мо тады між Балтыйскім і Чорным марамі знайшліся б свае Манэргеймы, што ўратавалі б усходнеэўрапейскія народы ад крывавага памолу.

Першым, 17 лютага 1930 году, быў арыштаваны Ільлючонак. 26 чэрвеня — Смоліч. 14 ліпеня — Цьвікевіч. 17 ліпеня — Лёсік. 18 ліпеня — Алесь Адамовіч і Максім Гарэцкі. 19 ліпеня — Прышчэпаў. 20 ліпеня — Дубоўка. 21 ліпеня — Некрашэвіч і Ластоўскі. 31 жніўня 1929 г. Баліцкі вызваляецца ад пасады наркама асьветы. Яго арыштуюць праз год — 3 верасьня 1930 году. Тады сьледчыя некаторы час спрабавалі паставіць на чале «СВБ» мацёрых нацыяналістаў Ластоўскага-Цьвікевіча-Смоліча. Але нічога не ўдалося, іх уплыў у савецкай Беларусі быў невялікі — і пачалі шукаць Баліцкага.

4 лютага 1931 г. застрэліўся Ігнатоўскі, 11 красавіка 1937 г. скончыў жыцьцё самагубствам у магілёўскай псыхушцы Жылуновіч. Хто заставаўся з жывых — быў зьнішчаны ў 1937 г. Чарвякоў, адзін з апошніх «зуброў»-нацкамаў, застрэліўся. А неўзабаве вынішчылі многіх чэкістаў-сьледчых, што вялі справу «СВБ». Каб у гісторыі не засталося сьлядоў.

Хто кіраваў?

Калі чытаеш апублікаваныя матэрыялы допытаў, ствараецца ўражаньне, што нейкая закансь¬піраваная арганізацыя, без фармальнага сяброўства для неўтаямнічаных сымпатыкаў, усё ж існавала.

Хто ж тады быў за кіраўніка яе? Да інтэлігентаў-«адраджэнцаў» Алесь Адамовіч адмоўна ставіўся. Дарэчы, паэма Андрэя Александровіча «Цені на сонцы», у якой паэт б’е па «нацдэмах», была напісана на замову і на фактуры Адамовіча. Старыя «адраджэнцы» разглядаліся Адамо¬вічам як каштоўныя нацыянальныя спэцыялісты. Але ненадзейныя палітыкі.

Тая арганізацыя выглядае перадусім змоваю нацыянальнае намэнклятуры, што прагнула здабыцьця нацыянальнае незалежнасьці і поўнае міжнароднае суб’¬ектнасьці сваёй дзяржавай, спачатку хоць бы па манголь¬скім варыянце. У такім разе, Чар¬вякоў? Ці наркам асьветы Ба¬ліцкі?

А можа ГПУ не памылялася, і гэта быў усё ж Ігнатоўскі зь ягоным багатым вопытам падпольля — спачатку ў шэрагах эсэраў, затым у БПС-Р, і нарэшце ў Беларускай камуністычнай арганізацыі, якую ўласна Ігнатоўскі стварыў — БПС-Р «Маладая Беларусь» — і да канца ўзначальваў. Гэта пры ім БКА вяла ўзброеную партызанскую барацьбу. Праўда, супраць палякаў, зь іншага боку мяжы, што парвала край на Захад і Ўсход. Як жа тады непаразуменьні з Адамовічам? Магчыма, гэта былі праявы ўнутранай барацьбы.

Змова намэнклятуры

Альтэрнатыўная гісторыя Беларусі ў другой палове ХХ ст. пісалася пад уплывам дзеячаў палітыкі і культуры, якія апынуліся ў эміграцыі. Ясная справа, што тут не магло абысьціся без асабістых рахункаў і ачарніцельства ідэалягічных супернікаў. Хто ж быў чужы для эмігрантаў-нацдэмаў і эмігрантаў-хадэкаў? Вядома ж, сацыялісты і камуністы. У працах гісторыкаў-эмігрантаў яны былі адсунутыя на пэрыфэрыйны плян.

Па-іншаму скажалі ролю нацкамаў у БССР позьнесавецкага пэрыяду, той самы Барыс Сачанка. Дасьледчыкі выстаўлялі «СВБ» пры¬думкай чэкістаў, а «кіраўнікоў» на чале з Усеваладам Ігнатоўскім — нявіннымі ахвярамі. Бо інакш зусім няможна было б нават заікацца пра супраціў савецкай уладзе або пасьлядоўную працу, скіраваную на падрыхтоўку краіны да поўнай незалежнасьці.

З нашага часу дзейнасьць многіх міністраў беларускага савецкага ўраду ўспрымаецца інакш. Нацкамы, відавочна, дамагаліся найперш падтрымкі сельскага насельніцтва — беларускамоўных аўтахтонаў.

Нацкамам нельга адмовіць у патрыятызьме і далекасяжнасьці задумаў. Бадай, гэта была адзіная палітычная сіла, якая дамаглася канкрэтных вынікаў у справе будаўніцтва беларускай Беларусі. Тое, што яны пасьпелі зрабіць за лічаныя гады 1920-х, сталася нацыянальным рэсурсам, на якім Беларусь «дацягнула» да канца ХХ ст.

«Cаюз вызваленьня Беларусі»

75 гадоў таму — 17 лютага 1930 г. — арыштавалі Пятра Ільлючонка. ГПУ пачало справу «Саюзу вызваленьня Беларусі». Усяго па справе «СВБ» вясной—летам 1930 г. арыштавалі 108 дзеячаў навукі і культуры. Увесь цьвет беларускай інтэлігенцыі. Кіраўніцтва «СВБ» (Алесь Адамовіч, Антон Баліцкі, Пётар Ільлючонак і Зьміцер Прышчэпаў) атрымала найбольш — 10 гадоў канцлягераў. З большасьцю, 77 чалавекамі, абышліся дастаткова лібэральна: іх выслалі на пяць гадоў у далёкія раёны СССР. Але неўзабаве ўсіх гэтых людзей даб’юць: у 1937—1941 г. справы былі перагледжаны, некаторых расстралялі, частку паслалі на гібель у канцлягеры. У 1949—1952 г. дабраліся да апошніх, хто заставаўся жывы. Іх проста асудзілі на той падставе, што яны былі… асуджаныя раней.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0