Кіно не для БТ: інструкцыя па карыстаньні
Анансаваны «НН» фільм «Горад Бога» быў у суботу зьняты з эфіру — як забаронены для распаўсюду ў Беларусі. Матывацыя: у карціне дэтальна паказаны працэс гатаваньня й спажываньня наркотыкаў. Між тым карціна была намінаваная на кінафэстывалях. Гэта не адзіны фільм, забаронены да паказу ў Беларусі.
Усяго ў сьпісе Рэспубліканскай экспэртнай камісіі па прадухіленьні распаўсюджваньня парнаграфіі (РЭК) 61 фільм: жахі, сацыяльныя драмы, крыху эротыкі. Трапіла туды і карціна «Гітлер. Узыходжаньне зла». «Мы не забараняем фільмы па палітычных матывах, — кажа Ніна Фральцова старшынька РЭК. — «Гітлера» не дапусьцілі да распаўсюджваньня ў Беларусі праз антысэмітызм, зь меркаваньняў паліткарэктнасьці».
Сьпіс РЭК няпоўны: дзяржрэгістар можа ня даць фільму ліцэнзію ці пазбавіць яе і без звароту ў камісію — як карціне Андрэя Кудзіненкі «Акупацыя. Містэрыі». Андрэй Расінскі прадстаўляе чытачам «НН» (найперш — бацькам) дзясятку самых забароненых фільмаў.
«Гітлер. Узыходжаньне зла»
ЗША, 2003, рэж. Крысьціян Дугей.
Пра што: Гістарычная драма пра тое, як высьпявае зло. Гітлер Робэрта Карлайла — гэта паразыт, які выкарыстоўвае чалавечыя заганы, сілкуецца чалавечымі слабасьцямі, спажывае чужы жаль і каханьне — і лезе да ўлады. Мэханізмы таталітарнага зла настолькі відавочныя, а спосабы супрацьдзеяньня настолькі даступныя, што забарона карціны дзіўнай не падаецца.
Каму глядзець, а каму не: Усім кіраўнікам партый і «простым людзям», якія ўпэўнены, што ад іх нічога не залежыць. Фільм нельга глядзець высокім асобам, бо люстэркі ня кожнаму падабаюцца.
Дзе знайсьці: Карціна ў Беларусі распаўсюджвалася на DVD і СD. Пытайцеся ў прыватных гандляроў і ў Інтэрнэце.
«Апраметная канібалаў»
Італія, 1980, рэж. Руджэра Дэадата.
«Канібалы»
Італія, 1981, рэж. Умбэрта Ленцы.
Пра што: 80-я гады — росквіт клясычнага італьянскага «канібальскага» кіно. Карціна Руджэра Дэадата стылізавана пад дакумэнтальныя здымкі, калі антраполягі-дакумэнталісты зьвярэюць у кампаніі зь людажэрамі — а камэра здымае да апошняга моманту.
Каму глядзець, а каму не: Асобным фанатам жахаў. Катэгарычна забаронена дзецям, цяжарным і падчас абеду.
Дзе знайсьці: У 2001 г. фільмы выпусьціла расейская кампанія «Вікінг Відэа». Можаце паспрабаваць замовіць. «Апраметную канібалаў» можна скачаць з Інтэрнэту.
«Дабэрман»
Францыя, 1997, рэж. Ян Коўнэн.
Пра што: Яшчэ ў люльцы дзіцятку падарылі магнум. Хлопчык вырастае ў сапраўднага гангстэра-дабэрмана. Відэакліпна, нахабна, таленавіта, правакацыйна — хаця й крыху другасна што да Таранціна.
Каму глядзець, а каму не: Аматарам формы, якім лепей забыць пра зьмест. Міліцыянтам перад сутычкай з браткамі — і наадварот.
Дзе знайсьці: Распаўсюджвалася на відэа. Можаце пашукаць у прыватных калекцыях, у Інтэрнэце.
«Дзеткі»
ЗША, 1995, рэж. Лары Кларк.
«Садыст»
ЗША, 2001, рэж. Лары Кларк.
Пра што: Жорсткія сацыяльныя драмы пра падлеткаў.
Каму глядзець, а каму не: Аматарам кіно. Падлеткам — з папераджальным камэнтаром сэксоляга. Сытым чыноўнікам — каб жыцьцё навокал суцэльным шчасьцем не здавалася.
Дзе знайсьці: У Інтэрнэце. У Расеі карціны выходзілі на відэа і DVD.
«Трамэо і Джульета»
ЗША, 1998, рэж. Лойд Каўфман.
Пра што: Шэксьпір у найбрутальнейшым выкананьні: сучаснасьць, сэкс, кроў, жабрацтва — і найпаганейшы грым, што, як сьцьвярджае Каўфман, характэрна і для першых пастановак Шэксьпіра.
«Прыз гледачоў» на фэстывалі «Raidance». Прыз «Найлепшы фільм» на міжнародным кінафэстывалі фэнтэзі і навуковай фантастыкі ў Рыме.
Каму глядзець, а каму не: Кінагурманам, аматарам Шэксьпіра, сталым чытачам «Навінак». Астатнім не рэкамэндуецца.
Дзе знайсьці: Рарытэт. Паспрабуйце замовіць праз Інтэрнэт (кампанія «Кармэн-відэа», сэрыя «Другое кіно»).
«Пакаленьне гульні «Doom»
ЗША, 1995, рэж. Грэг Аракі.
Пра што: Першы гетэрасэксуальны фільм Грэга Аракі, няўрымсьлівага авангардыста й гея. Да парачкі закаханых Эмі і Джордана далучаецца трэці — прыхаванае ўвасабленьне д’ябла. Злачынствы, адсечаная ванітуючая галава й найкашмарнейшы сэкс у фінале. За экстрэмальным сюжэтам хаваюцца боль і крык аб праклятым пакаленьні.
Каму глядзець, а каму не: Усім аматарам кіно, здольным вытрымаць. Катэгарычна нельга маладзейшым за 18 год.
Дзе знайсьці: Карціну выдавала расейская кампанія-дыстрыбутар «Екацярынбург-Арт».
«Незваротнасьць»
Францыя, 2002, рэж. Гаспар Наэ.
Пра што: Алекс пасварылася са сваім хлопцам і сышла зь вечарынкі. У пустым пераходзе яе згвалтавалі. Хлопец Алекс і яе былы муж знаходзяць злачынцу — і забіваюць.
Карціна Гаспара Наэ ідзе ў адваротным накірунку — ад сцэны забойства празь дзевяціхвілінную й шокавую сцэну гвалтаваньня да ідыліі і шчасьця.
Намінацыя на «Залатую пальмавую галіну» Канскага кінафэстывалю.
Прыз за найлепшы фільм МКФ у Стакгольме.
Каму глядзець, а каму не: Аматарам кіно з моцнымі нэрвамі. Усім прыхільнікам Монікі Бэлючы і Вэнсана Касэля. Некаторым гледачам спатрэбілася мэдычная дапамога.
Дзе знайсьці: У Беларусі распаўсюджвалася на відэа, ёсьць і на CD.
«Жывая мярцьвячына»
Новая Зэляндыя, 1992, рэж. Пітэр Джэксан.
Пра што: Клясыка постмадэрнісцкага gore («шкуматаньніка»). Сьвятар з прыёмамі кун-фу — супраць жывых мерцьвякоў, матуліны вушы ў супе, эсэсавец-вэтэрынар, газонакасілка для навязьлівых трупаў, кроў па калена — і шчасьлівае каханьне з пацалункам у фінале.
Каму глядзець, а каму не: усім аматарам кіно з пачуцьцём гумару. Нявестам у чаканьні прынца. Эсэсаўцам, немаўлятам і чыноўнікам з камітэтаў глядзець не пажадана.
Дзе знайсьці: Карціна прадавалася на DVD пад назваю «Мозг мёртвы». Маецца яна і на CD. Паглядзіце і ў Сеціве.