ПРА РАСЕЮ І НАДЗЕЮ

Фальсыфікацыі

Я ненавіджу тэлебачаньне: яно на дзевяць дзясятых складаецца з папсы. Зрэшты, зь нянавісьцю я загнуў — можна выказацца і больш стрымана. Скажам так: я недалюбліваю тэлебачаньне. Ці яшчэ мякчэй: я цалкам мог бы пражыць без тэлебачаньня.

Але яшчэ два-тры месяцы таму назад я, ненавідзячы тэлебачаньне, ня мог безь яго жыць. Я нэрваваўся і пераключаў каналы, і кожны зь іх навыперадкі з астатнімі спрабаваў усяго мяне, на ўвесь мой рост, акунуць у дэзу, укрыць мяне ёю з галавой, патапіць мяне ў ёй.

Натуральна, падзеі ішлі да выбараў прэзыдэнта Ўкраіны, і тэлевізійная дэза лічылася адным з найдзяйсьнейшых сродкаў перадвыбарнай барацьбы ў імя адзінага і непадзельнага праўладна-прарасейскага кандыдата.

Але я (пазьней выявіцца, нас такіх было 15 мільёнаў) любіў іншага кандыдата і справу яго выбраньня палічыў, ні на што не зважаючы, справай усяго свайго жыцьця. Таму я ненавідзеў усе (за выняткам аднаго) украінскія тэлеканалы, якія бяз стомы вылівалі вонкі смурод, і асабліва мяне раздражняў расейскі чалавек Дзьмітры Кісялёў на адным зь іх.

У адрозьненьне ад калег-абарыгенаў ён хлусіў з асаблівым прафэсійным аплёмбам. Мабыць, менавіта такім чынам — хлусьнёй — ён змагаўся за адзінства Ўкраіны і Расеі. Яму здавалася, што ён робіць добрую справу для краіны, якой не шкада. Аднак годзе пра яго.

Бо потым жа ў нас была рэвалюцыя — ага, іменна так, без двукосьсяў, я і пішу гэтае слова, бо калі гэта было нешта іншае, скажам «рэвалюцыя», то я нічога ва Ўкраіне ня кемлю. І пад яе, рэвалюцыі, грамадзянізуючым узьдзеяньнем нават тэлеканалы пераўтварыліся і перасталі хлусіць — амаль усе, за выняткам, бадай, аднаго, але той — данецкі, яму можна.

І калі я ўжо паціху астываў ад сваёй тэлефобіі, а ўсьмешкі тэлевядучых пераставалі здавацца мне такімі бясконца агіднымі, я выпадкова (гэта было ў гасьцях) напароўся на адзін з галоўных расейскіх тэлеканалаў і мне аб’явілі, што яны зараз пакажуць фільм «пра падзеі ва Ўкраіне».

Пасьля чаго пачалося: відэарад з бамжамі, нібыта «ўдзельнікамі рэвалюцыі», чыесьці агрэсіўныя фізіяноміі, поўная адсутнасьць агульных плянаў (каб схаваць паўтара мільёна мітынгоўцаў), потым зноў нейкае лямантуючае быдла ўшчыльную, потым нейкі «паліттэхноляг зь Юшчанкавага штабу» аўтарытэтна расказаў, што аранжавы колер мінулай вясной прыдумаў нехта Сорас (а чаму б ня Чэрчыль у 1918-м, хацелася мне крыкнуць), потым зьявіўся хлопчык з абсалютна какаінавым позіркам, які бяз хітрыкаў выклаў усё як яно ёсьць са студэнцкімі падрыўнымі арганізацымі — і структуру з «сотнікамі» ды «дзясятнікамі», і прынцыпы фінансаваньня (ад таго ж Сораса), і тактыку прарыву міліцэйскіх загарод — і ўсё гэта на фоне відэараду з палявымі заняткамі нейкіх парамілітарных вусатых мужычышчаў, невядома дзе, калі і кім адзьнятых, гэта значыць яўна імпартаваных зь нейкай іншай опэры, прыднястроўскай хіба.

Тут я ўзбунтаваўся і папрасіў гаспадара дому выключыць Гэбэльса нафіг, што ён і зрабіў. Але асадак, як кажуць у вядомым анэкдоце, усё роўна застаўся.

Вівісэкцыя

Грэх расейскай дэзінфармацыйнай махіны заключаецца ня толькі ў тым, што яна мэтанакіравана працавала на разьяднаньне братэрскай (я ня кплю) краіны, старанна ўвасабляючы ў жыцьцё вырабленую паводле расейскіх жа тэхналёгій альтэрнатыву «тэрытарыяльны раскол ці грамадзянская вайна».

І ня толькі ў тым, што для дасягненьня гэтай мэты яна ня грэбавала дробным махлярствам з дастаткова, зрэшты, небясьпечнымі вынікамі — калі, напрыклад, вымаўленыя Юшчанкам словы пра тое, што ён «гатовы стаць перад данецкімі шахцёрамі на калені», сынхронна перакладаліся на расейскую такім чынам, што ён «гатовы паставіць данецкіх шахцёраў на калені».

Але гэтая ж махіна — а празь яе і ўся афіцыйная Расея — грэшная яшчэ і перад уласнымі грамадзянамі, перад сваімі ж расейцамі тым, што па-савецку тупа пазбавіла іх аб’ектыўнай інфармацыі пра тое, што адбывалася ў нас, і тым самым — ні больш і ні менш — ізалявала іх ад рэчаіснасьці.

Ну чаму расейскія рэпартажы з рэвалюцыйнага Кіева ў лістападзе 2004 году так да болю нагадвалі савецкія тэлезводкі з Прагі 1968-га ці Гданьску 1980-га?

Няўжо сьвет так і стаяў на месцы на працягу ўсіх апошніх 30—40 год?

Няўжо расейцам і сёньня можна пхаць і ўбіваць у мазгі ўсе гэтыя суслаўскія мэсыджы пра «амэрыканскія грошы», «замбаваных малойчыкаў» і «нацыяналістычны шабас»?

У выніку ж адбылася адна даволі жорсткая штука. Дзякуючы аранжавай рэвалюцыі ўвесь цывілізаваны сьвет даведаўся пра Ўкраіну нешта вельмі важнае і процілеглае таму, што ведаў пра яе раней (а ведаў ён — калі ўвогуле што-небудзь ведаў, — што гэта нейкая зона шэрасьці, маркотная і панылая, якой кіруюць некалькі постсавецкіх падонкаў).

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

СП, паводле «Украïнських новин»

ЮРЫ АНДРУХОВІЧ (нар. у 1960) — адзін з самых папулярных украінскіх літаратараў. Сузаснавальнік літаратурнага аб’яднаньня «Бу-Ба-Бу», зь якога пачалася пасьлясавецкая ўкраінская літаратура. Аўтар дысэртацыі аб творчасьці Багдана-Ігара Антоніча. Віцэ-прэзыдэнт Украінскага ПЭН-цэнтру. Раман Ю.Андруховіча «Маскавіяда» ў перакладзе Андрэя Хадановіча друкаваўся ва ўкраінскім нумары часопісу «Arche» (2001. № 5).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0