ЭРАГЕННЫЯ ЗОНЫ ГОРАДУ Г.

«Победи Ярополк Всеслава у Голотичьска»

Галацічаск — прывідны горад, лякалізаваны толькі на старонках летапісаў і ў фантазіях навукоўцаў. Апошнім часам, ня могучы адкаснуцца ад насланьня ірацыянальнасьці, ты ўсё больш і больш схільны бачыць у летапісным Галацічаску родны Гомель. Так і ўяўляецца глухаваты кіеўскі манах, які трохі не дачуў і занатаваў абы-што, каб нядбалы перапісчык перакруціў тую абыштоську яшчэ мацней. Першая згадка пра Менск распавядае пра яго разбурэньне. Першая згадка пра Гомель прыхавала Гомель у непанятках. Гэтыя непаняткі перасьледуюць гамельчукоў дасюль, і тыя проста вымушаныя ўсюды мудрагеліць, набіваючы сабе ўяўную цану.

Вальтэр рэклямуе

Рэклямнікі часьцяком перабіраюць меру. То ў плюгкасьці, то ў арыгінальнасьці. У гомельскіх рэклямных блёках міжволі спатыкаешся аб спасылку на Вальтэра, які нібыта раіў прыхільнікам белага і чырвонага піць, але не запівацца. Гэта францускі мысьляр эпохі Асьветніцтва сказаў пра францускае віно. А наш такі свойскі і міленькі ролік рэклямуе напоі тутэйшага вінзаводу. Калі б цытавалі Някляева, яшчэ можна было б зразумець: кожнаму сваё лёсу вастрыё. Ну а Вальтэр… Дзіва, што за Эклезіяста не ўзяліся. Канчаткова сваімі мудрошчамі вінзавод дабіў па-за тэлеэтэрам. Ён у нас мала не ў сярэдзіне гораду месьціцца і ў пэўнай сваёй частцы плотам неабстаўлены. Ад ходніка да заводзкае сьцяны ўсяго адзін скок любога выдатніка па фізкультуры. І вось ля ходніка зьявіліся колькі невысокіх — цяляці па прычыннае месца — слупкоў з шыльдамі. Здалёк нагадвае папярэджаньне пра падземны электрычны кабэль. Ды зблізку ты ўбачыў няхітрую прыпіску: «ОХРАННАЯ ЗОНА. 2 м» і незнарок крутнуў галавой па бакох, ці нямашака паблізу якіх-небудзь людзей з аўтаматамі Калашнікава, што пільнуюць твой крок. Пашанцавала. Пашанцавала і другі раз, калі ўбачыў надпіс, адрэдагаваны чорным маркерам нязнанага жартаўніка: «ЭРОГЕННАЯ ЗОНА. 2 м». Прывітаньне Вітаўту Чаропку.

Брунэтка зь цёмным

Псэўдазімовы real-панядзелак. Мярзотнае раньне. Дыбаеш на працу. Паперад цябе — імклівая жаночая постаць. Пад смоль фарбаваная брунэтка ў прыталеным палітоне з дарэмна высокім разрэзам сьпехам расьсякае ранішні этэр, трымаючы між указальным і вялікім пальцамі правае рукі 0,5 цёмнага піва. Ідзеш на абмін, абы толькі зірнуць на ейны твар. Зірнуў. Пладова-ягадная незнаёмка з палотнішча Хруцкага, якая ночку бавіла на нейкай карціне Босха. Не спатрэбілася быць ані Шэрлакам Холмсам, ані Вільгельмам Баскервільскім, каб зразумець, што жанчынка бязьмерна ігнаруе і чырвонае, і белае на карысьць гаркавай беленькай. «Умыла ся водкаю цуднаю ліцэ і рукі», як пісаў далёкі продак.

Сымон-дакука

На пытаньне, хто твой самы нелюбімы беларускі музыка, ты ня змог бы адказаць проста. І не з прычыны баламуцтва ці пазэрства. А адно таму, што ня ведаеш, як завуць таго пеюна й гітарыста, які дае канцэрты ў падземным пераходзе ля ўнівэрмагу — цёзкі нашага ардэнаноснага гораду. Кожны твой спуск пад зямлю, як пах дусту ці дымавое шашкі, сустракае ягоны «ціпа рокавы» вакал. Нярэдка побач мітусяцца памочнікі (пасэсійныя музыканты?) з шапкамі заміж інструмэнтаў у руках. Усе маладыя. Усе пяюць нешта расейскае, як сама Масква, і філязафічнае, як пракіслае ў пакунку малако. Але ж спыняюцца месьцічы, кладуць у шапкі свае малакроўныя грошы, просячы: «Давай нашу, вот эту». І ліецца хваляй песьня пра піцерскі дождж. Ось вона, діти, слов’янська психоделічна душа! Музыка, музыка… Сымон-дакука табе імя.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0