Сяржук Абрамовіч

ПАРАЎНАНЬНЕ З МУХАЙ

У маім пакоі муха

Б’ецца ў шыбу і зьвініць.

Я — адзін. Адчай і скруха

Не даюць спакойна жыць.

Ім няма канца і краю,

І ў жыцьці мне ўсё назло.

Можа, сьмерці я жадаю?

Бачу: муха б’ецца ў шкло.

Сьвет пануры, сьвет нямілы.

Муха рвецца да сьвятла,

Я ж імкнуся да магілы,

Каб яна мяне ўзяла.

Сіла волі… Сіла духу…

Я ня меў ніколі іх.

Бачу муху, чую муху,

Сам жа — зьнік я, сам — заціх.

В.Барташэвіч

ВЫБАР

Тут побач заўжды зь беларусам

Жылі у спрадвечным хаўрусе

Палякі, габрэі, татары,

Расейцы — ў адзіным абшары.

Ды толькі жыцьцё не бясконца —

Закоціцца некалі сонца,

І трэба ў вечнасьць зьбірацца,

З жыцьцём і людзьмі разьвітацца.

І вось беларус выбірае,

Нібыта між пеклам і раем, —

Дзе ж скласьці яму свае косьці?

На гэтым ці іншым пагосьце?

Блукаюць, шукаюць прытулку,

Ня даўшы сабе паратунку,

Габрэйскія душы-прывіды,

На могілках з зоркай Давыда…

На польскіх — асаднікаў зграя

«Крэсоўца» на дух не прымае.

Хаця «беларус — поляк малы»,

Ды лёс яго вельмі няўдалы.

А мо між татараў прылегчы,

Каб шлях свой у вечнасьць аблегчыць,

Ці быць між жыдоў пахаваным —

Але ж нават не абразаны…

Ёсьць могілкі і іншаземцаў —

І швэдаў курганы, і немцаў.

Вядома, шмат могілак рускіх,

Ды толькі няма беларускіх.

Так думае ён, разважае —

За што ж яго доля такая?

Ляпей бы хадзіў ў сынагогу,

Мо б вымаліў ласку у Бога.

Відаць, давядзецца з «братамі»

Спачыць, можа дзе й пад платамі,

Затое ж ад Воршы да Слуцку

На помніках надпіс па-руску!

Мікалай Бельскі

ПАВОДЛЕ ЗЬВЕСТАК У ДЗЯРЖАЎНЫХ СМІ

Жывём мы зараз нібы ў раі.

А як на справе, дык турбуе вось чагосьці:

Нішто і кажуць хораша аб тых, хто на пагосьце.

Алесь Губін

* * *

Шукаю леташняга сьнегу…

Ён дзьмухаўцамі паляцеў

Ў старонку цноты й белай глебы,

У край нятоптаных начэй.

Рахманай іскрай ў завушніцах

Падараваў халодны бляск

Пад скрогат промняў-аканіцаў

На перавораных ральлях.

Юрлівай векшаю-вясёлкай

Павіснуў сьмехам на гальлі,

Заскокнуў ягадай ў кашолку

І частаваў ўсіх, хто былі.

Дзівосных пчолаў карагодам

Каўзнуў на цёплую траву.

Напоўніў ўмах лазобкі мёдам,

Завеяў ёлкую журбу.

Мігцеў утульнаю газьніцай

На месяцовым ліхтары

І, згасшы срэбнаю дзяньніцай,

Зямлю пакінуў да пары.

У край ядлоўцавых паветаў

Імчу на крылах дзьмухаўцоў.

На завушніцах жоўтых лета

Вітаю сьнежных малайцоў.

Юзік Дзенісюк

* * *

Хачу быць дэпутатам

У кішэннай палаце —

Неблагая аплата,

І ў сталіцы пры хаце.

Можна быць глухаватым,

Сьлепаватым парою…

Тыч у похву мандатам,

Ды ківай галавою.

А калі закімарыш

Пасьля добрай гулянкі,

Адмандаціць таварыш

Ці твая каляжанка.

Можаш нават ня ведаць

Сваёй роднае мовы.

Лай «трасянкай» суседа,

Шпар расейскай прамовы.

А якія ваяжы

Ў сьвет далёкі-няблізкі!

Ніхто слова ня скажа —

Пры гарэлку валізкай.

Калі ўчуеш паразу

Ды з даверам трывожна —

Як патрапіць, падкажа

Рэжысэр з-пад Лёзна.

Ён і сее, і косіць,

А ў стратэгіі — дока.

А натоўп як папросіць,

Можа стаць і Прарокам.

Калі буду з мандатам,

Будзе доступ да Цела…

Там, глядзіш, дыпляматам

Пафарсіць закарцела…

Ты, палітыка-дзеўка,

Сёньня любіш і грэеш,

Заўтра — шал-неспадзеўка —

Ўжо з другім палымнееш.

І ваяжы — прапалі…

І сяброў — ані блізка…

Як Садам, у падвале,

Побач грошай валізка.

Мікалай Ільючык

* * *

О мая Беларусь!

Ты найлепшая ў сьвеце краіна.

Сінь тваіх васількоў

Асалоду дае для душы,

І дзівосных азёр і крынічак

Зь сьцюдзёнай вадою,

І лясоў тваіх шэпат

У спрадвечнай цішы.

Бачу я, як асілкі-дубы

Абдымаюцца зь небам.

Чую птушак сьвяточны

Прыгожы і звонкі расьпеў.

І калосіцца ніва,

Налітая будучым хлебам.

Тут праходзіць жыцьцё

Працавітых і добрых людзей.

Колькі вынесла ты

Векавое варожай навалы!

Колькі слаўных сыноў

Палягло на сьмяротных палях.

І цяпер небясьпечны

Чарнобыльскі ядзерны попел

Ты нясеш на сваіх

Ўжо зусім не шырокіх плячах.

Што ж, калісьці настане мне час

Разьвітацца з табою.

Я душою да Бога пайду,

Ну а целам — ў зямлю,

Дамавіну пакрыеш маю ты

Пясочкам ці глебай сваёю,

А душу ты адпусьціш

Ў нябёсную сінь, у вышыню.

Я вярнуся к табе

Паглядзець на тваё навакольле,

Зіхацючай расой

Упаду раніцой на траву,

Спорным летнім дажджом

Абуджу навакольле

І прыгожаю кветкай

На полі тваім зацьвіту.

Сяргей Кульбіцкі

САКАВІК

Сакавік на парозе ўзыходзіць —

І вясна у наш край надыходзіць.

Гэта час успамінаў, каханьня

І тужлівага спадзяваньня,

Што адбудзецца зноўку сустрэча,

Як калісьці, мінулай вясной,

І сканае у сэрцы пустэча,

І ты зноў будзеш побач са мной.

Сонца грэе і ласкава сьвеціць,

Быцам промні тваіх вачэй.

Чаму ж зьнікла раптам ты, Сьвецік,

Ў цёмнай бездані новых начэй?

Не забыць мне цябе ўжо ніколі,

Буду зноў ды ізноў ўспамінаць.

Думка й кветка тужлівая ў полі…

Ну дык як гэту думку прагнаць?

І маленькі блакітны букецік,

Што над ложкам маім ўсё вісіць,

З кветак, што падарыў табе, Сьвецік,

Ў сэрцы полымкам больна гарыць.

І трывожаць мяне успаміны

Пра былыя пра нашы часы,

Калі быў я, здаецца, шчасьлівым

І была мо шчасьлівай і ты…

Сяргей Макарэвіч

НА ЧОРНЫХ ЛЯДАХ

Нагадайце дзецям сваім

Пра паўстаньне на Слуцкай зямлі.

Нагадайце вы ім аб былым:

Ўсіх забілі там бальшавікі.

Давядзіце ў касьцёлы і цэрквы

Ды пастаўце сьвечы памерлым.

Слуцкі збройны чын быў ня «белым»,

Не «чырвоным», а чалавечым.

Аляксандар Назараў

АПОШНІ

Там, дзе Нёман хвалямі цячэ ў Нямунас,

Дзе некалі аблавай зубра біў ліцьвін,

Прадстане прад вачыма найдзіўнейшы малюнак:

Дубок на беразе стаіць, асілкам пабрацім.

Была на месцы тым найгожая дуброва,

І кожны, хто з Наваградка у Вільню праяжджаў,

Стаяў ля веліканаў, ня мог прамовіць слова,

Сваю нікчэмнасьць прад прыродай заўважаў.

Там Гедымін каня паіў вадою

І Вітаўт з Гайлам у паходы праяжджаў.

Там верш складаны дзіўнаю рукою

Паэт Міцкевіч трыраз закладаў.

Прайшлі часы, зьмяніўся сьветапогляд,

Народ да дужага зьвярнуўся ў бок;

Адны дубы, як той літоўскі волат,

Да здраднікаў ня зробяць нават крок.

Ад рук людзкіх загінула дуброва,

Адно стаяць, нібы пасьля пажару, пні.

Зялёную сарвалі зь іх карону,

Загінулі асіны ў веку цьмы.

Але сярод нямога поля

Апошні зь іх стаіць дубок.

Малы яшчэ, ня можа крыкнуць слова,

Але калыша вецер ў лісьці жалудок.

Sanny Dragonfly

ПАРАСОНЬНЕ*

«Ён ня прыйдзе», —

стук у скроні.

Трэці тыдзень

Парасоньне.

Ты ірвеш каштанаў квецень

І маё непаўналецьце.

Вусны тояць непакору:

Я — вядзьмарка-дзеўка;

Ты парушыў прынцып «мора»

Неспадзеўкі.

Як абрыдзе —

З падаконьня.

Трэці тыдзень

Парасоньне.

У маю сьвятую неруш

Я паверу, ты паверыш.

Не хапае шакалядкі

На гармоны шчасьця.

Не цалуй мае лапаткі —

Крылам засьціць.

Я і ты —

Дзесь у азоне…

Трэці тыдзень

Парасоньне.

* Парасоньне — гэта надвор’е, калі дождж то ідзе, то не ідзе і ўсе ходзяць з парасонамі, апроч мяне і цябе.

Алесь Сушчэўскі

* * *

Плача восенькі сад, déjà vu абрыкосавых пахаў.

Ненадзейная моц спадзяваньняў вясны.

Адпіхні неспакой. Нелірычна пашлі яго «на...» —

Не патрэбныя мары ў стэрыльны пэрыяд зімы…

Ачышчэньне агнём атрымае нявечнае лісьце.

Першай кропляй вады распаловіцца шкло.

Адпіхні небасхіл — вось адзінае, вернае выйсьце —

Што празрыста (упоперак кроплі) паловіць акно.

Апанас Цыхун

БАЛЯДА ПРА НАШ ГОРАД ГАРОДНЮ

Над Нёмнам блакітным, у ліпах, дубах,

Бы стужкаю, лесам спавіта,

Фарпостам, Гародня, стаіш ты ў вяках —

Славутая крэпасьць з граніту.

І чутна, як ціха, пяшчотна вада

Цалуе ля Замку сівыя граніты.

На кручы Каложа ў задуме адна

Маячыць, бы прывід, смугою спавіты.

Ёй сьняцца абрысы паўстанцкіх магіл,

Прад ёю ўзьнікаюць сыноў сылюэты —

Давыд Гарадзенскі, наш Быкаў Васіль,

Кастусь Каліноўскі, Карпюк Аляксей, паэты…

Яны адышлі на свой вечны пакой.

Застылыя сэрцы пакінулі біцца.

А крэпасьць Гародня ўсім сэрцам, душой

Ў сьвятынях сваіх будзе вечна маліцца.

Мікола Яўмененка

КУДЫ ЦЯБЕ ЦЯГНЕ?

Натоўп нехлямяжы, маўклівы, саўковы,

Зьвяртаюся я да такога цябе:

«Куды цябе цягне? Падумаць жахліва!

Няйначай назад у саўковы сабес».

Але там няма й больш ніколі ня будзе

Халяўнай мазуты і газу табе.

Замерзьнеш зімою ў сваёй халабудзе

І не дапаможа жабрацкі сабес.

Расеі такі ты зусім не патрэбны.

Халяўшчыкаў там і сваіх — гаць гаці.

Заўсёды маўклівы, у вопратцы зрэбнай,

У гумавіках пад ёю будзеш хадзіць.

Сяргей Ясенін

Пераклад МІКОЛЫ АЛЕКСІЧА

* * *

Каля бяроз і ліпаў,

Дзе ў кветках падаконьнік,

Бязьлітасна усыпаў

Ваколічны гармонік…

Няма яму запінкі…

Навошта гэты сьпех?

Там завушніц ільдзінкі,

Тут звонкі сьмех.

Сама ушчэнт прывабная,

А я няўмела грубы,

Бо цалаваў нязграбна

Малінавыя губы.

Там звонкія ільдзінкі

Панёс расталы сьнег,

Праталінкі-радзімкі

Я палюбіў на грэх.

Другая закаханая,

Забудзь усё, забудзь,

Душа мая, загнаная,

Пабудзь са мной, пабудзь.

У ракавай расплаце

Удача ўсё радзей,

Каб ты ў сьмяротнай страце

Ня вырвалась з грудзей.

Далёкае, пяшчотнае,

Зь вяснушкамі на твары,

Каханьне мімалётнае, —

Ці варта жыць у мары?

Ці варта згадваць сьціплы

У кветках падаконьнік?..

Неўратавальна сыпле

Ваколічны гармонік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0