Аўторак. Ты выходзіш на вуліцу, каб ісці на працу, і раптам бачыш натоўпы і сцягі. Тутака ты і даведваешся, што ёсць такі Зліпень. Аказваецца яго ўсе любяць і шануюць. Куды не кінеш вока — паўсюль плакаты пра Зліпеня. А калі ў цябе кепска са зрокам, тады табе праз гучнагаварыльнікі распавядуць пра Зліпеня. Ты зразумеш, што нічога не зразумеў. Але ты паверыш, што ў Зліпеня можна верыць, бо тысячы і тысячы людзей будуць ісці са сцягамі і шарыкамі. І ксяндзы ў пурпуровых шапачках будуць ісці, і амерыканскі амбасадар будзе ехаць у чорнай машыне, і генералы будуць пазвоньваць залатымі ордэнамі, і дзеці будуць памахваць кветкамі, і прэзідэнт будзе ўсміхацца тым дзецям. І ты захочаш быць разам з усімі, і нават паспрабуеш сказаць добрыя словы пра Зліпеня. Толькі язык твой — вораг твой. Замест «зьлі‑пень» ён скажа «злы‑пень». І ты прыкусіш язык свой, і ціха пойдзеш на працу. Там ты сядзеш на канапу і прыдумаеш сабе свята Чліпеня, ты прызначыш сабе індывідуальнае свята. І ты падрыхтуешся і адсвяткуеш яго ў сераду.

Адам Глобус, adam-hlobus.livejournal.com

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0