Гара ў Сілічах — лысая, з хваёвым каўняром вакол белай макаўкі. Але замест вядзьмарак зь яе зьлятаюць лыжнікі ды сноўбардысты. Калі глядзець на гару зьнізу, здаецца, што яны валяцца ўніз з самых воблакаў: укрытыя сьнегам схілы зьліваюцца зь небам.

Аднак кіраваць лыжамі — гэта вам не на мятле лётаць. Таму нярэдка спартоўцаў-аматараў завозяць у мэдпункт на выратавальным сьнегаходзе. Рэпартаж Алеся Кудрыцкага.

«Усё гара праглынула!» — сплёўвае на сьнег мужычок зь Нясьвіжу, які прыехаў у Сілічы, каб будаваць сваяку хату. «Жывуць тутака, можа, тры-чатыры чалавекі. Астатняе ўсё — дачы. Набыць тут дом? Ды дзе ж набудзеш! Ля горкі Лукашэнка ўсю зямлю забраў. А там, дзе ён узяў, больш ніхто ня возьме! Вунь, ля горкі яны й будуць будавацца», — махае ён рукой на засьнежанае поле перад самым схілам, тушыць цыгарку ды шыбуе напрасткі па шашы да вёскі.

Сілічы жывуць прадчуваньнем вялікіх грошай. Яны яшчэ не абрынуліся на гэтае паселішча — тут яшчэ няма будынкаў у стылі «Мірскі Замак-міні», як і прыватных пансіёнаў для курортнікаў з блізкай сталіцы, — але ўжо зьяўляюцца пакрытыя новай дахоўкай утульныя дамкі з ладна абгабляванага бярвеньня-кругляку.

За дзень адпачынку ў Сілічах — калі браць па максымуме, з катэджам ды інструктарам, рэстаранам і г.д. — можна выкінуць і трыста даляраў. Але стандартны варыянт такі: заправіць аўто, каб хапіла на 60 кілямэтраў (шлях да Сіліч і назад у Менск), заплаціць тры тысячы за паркоўку, пад 30 тысяч за пракат абсталяваньня і столькі ж — за «скі-пас» (білет на пад’ёмнік). Плюс пакінуць тысяч пяць на падагрэтыя ў мікрахвалёўцы хот-догі ды каву. Па патрэбе — 16 тысяч за гадзіну навучаньня з інструктарам у групе. Карацей, нясіце ў абменьнік даляраў пяцьдзясят.

Але людзі абазнаныя ўмеюць адпачыць у Сілічах па зусім пралетарскіх цэнах. У вас ёсьць уласны камплект рыштунку (найчасьцей патрыманы)? Цудоўна, выдаткі на пракат адпадаюць. Няма? «Ага, глядзі — возьмем камплект лыжаў на дваіх ды мяняцца будзем!» — прапануе муж жонцы, разглядаючы цэньнік ля касаў. Ехаць на аўто зусім не абавязкова — можна сесьці на аўтобус, што ідзе праз кожную гадзіну акурат да Сіліч з Маскоўскага аўтавакзалу (2680 рублёў, правоз лыжаў бясплатны). Калі народу шмат, варта браць «скі-пас» не на час, а на колькасьць пад’емаў (1 раз — 2 тысячы) — ня страціце грошай, стоячы ў чарзе. А некаторыя схілы — прынамсі, той, што пачынаецца адразу насупраць пункту пракату, — цалкам прыдатныя для таго, каб, не замінаючы іншым, падняцца ўгару на сваіх дваіх. Падлеткі-сноўбардысты, што ўвесь час тут ашываюцца, бы вераб’і, менавіта так і робяць. Кажуць, часам кампутары ля пад’ёмнікаў «падвісаюць», і ўгару можна праехацца бясплатна. У рэстаран ніхто за руку ня цягне, у туалеце хоць і бракуе паперы, але ж ён бясплатны ды даволі чысты. Каб папоўніць спэктар уражаньняў, можна паспытаць цюбінгу — разок пракаціцца на камэры з аўтамабільнага кола зь ледзяной горкі. Каштаваць гэта будзе 300 рублёў.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0