У суботу, 19 лютага, газэта «Народная воля» выдрукавала на першай паласе маніфэст новага руху. Рух прэтэндуе на нішу новае апазыцыі і называецца «Воля народу». У гэты ж дзень адбылося першае зьяўленьне Аляксандра Казуліна на публіцы. Ізноў сюрпрыз.Пад Менскам адначасова адбыліся пленум ЦК Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада» і партыйная канфэрэнцыя Сацыял-дэмакратычнай грамады. Сацыял-дэмакраты прымалі рашэньне правесьці аб’яднаўчы зьезд. Але новы куплет у бясконцай песьні аб задзіночаньні сацыялістаў паблякнуў перад топ-навіной. У лідэры аб’яднанае партыі прапанаваны экс-рэктар БДУ Аляксандар Казулін.

Намесьнік старшыні БСДП (НГ) Уладзімер Нісьцюк сьцьвярджае, што кандыдатура Казуліна аптымальная. Ён нэўтральная постаць, якая мае аўтарытэт у грамадзтве — і сярод інтэлігенцыі, і сярод апаратчыкаў. Чалавек з кантактамі: пэўны пэрыяд рэктарства, калі БДУ быў на асобным статусе, уваходзіў у склад ураду ў якасьці міністра.

Казулін выходзіць на трыбуну.

Я ганаруся тым, што працаваў з прэзыдэнтам

Казулін адказы на магчымыя пытаньні прадумаў у дэталях. Трымаўся ён стрымана і нават напружана. Пры адказах амаль не жэстыкуляваў. На пытаньні партыйных актывістаў Казулін рэагаваў ухіліста. Запамінальныя першая і апошняя фраза, але адказ ня просты, часта сустрэчным пытаньнем.

— Ці гатовы Вы ўзначаліць грамадзтва, калі паўторыцца ўкраінская сытуацыя?

— У кожнай краіне ўсё будзе па-свойму. Народнага лідэра выбірае сам народ, маё жаданьне тут нічога ня значыць. А гатоўнасьць да такога кроку ёсьць.

— Ці гатовыя Вы выйсьці на плошчу, каб адстойваць сваю перамогу на выбарах?

— Я чалавек пасьлядоўны, маю свае прынцыпы, погляды, меркаваньні, пазыцыю. Я заўжды іду пасьлядоўна і да канца. Што такое канец для мяне? Гэта дасягненьне мэты і выніку. Для мяне праблемы выйсьці на плошчу няма. А вось каб выйшла яшчэ 100 тысяч чалавек…

— Ці засталіся ў Вас сябры сярод рэктараў ВНУ пасьля вашага зьняцьця?

— А вы што ж, лічыце, што не?

— Вас не палохае лёс Марыніча?

— У кожнага свой лёс. Прызначаны мне я прайду з годнасьцю.

— Ці ёсьць у Вас свая Юлія Цімашэнка?

— Я заўжды высока цаню жанчын і лічу, што роля жанчыны ў грамадзтве павінна быць высокай і нават вельмі высокай. (Голас з залі: «Як Лукашэнка!» — АШ.) Спадзяюся, тое, што пад зваротам у «Народнай волі» стаіць подпіс Натальлі Машэравай, пра што-небудзь гаворыць?

— Ці арганізуеце Вы суд над Лукашэнкам?

— Чытайце кнігі: мэтады ў гісторыі не мяняюцца — што 100 гадоў таму, што 1000, што 5000. Давайце ня будзем наступаць на адны і тыя ж граблі. Грамадзянская вайна, высылкі, разборкі — гэта мы ўжо праходзілі. Я ганаруся тым, што працаваў з прэзыдэнтам: ён дазволіў мне раскрыцца. Мы павінны паважаць першага прэзыдэнта за тое добрае, што ён зрабіў для краіны. Нам гэта трэба, каб рухацца наперад. Але ці будзе ён сам сябе паважаць?..

У кожнага свая памыйніца

Казуліну, дарэчы, нагадалі прэзыдэнцкую сэнтэнцыю пра памыйніцу. Экс-рэктар выказаўся наконт гэтага спакойна: «У кожнага свая памыйніца. Кожны чалавек мае свой асабісты ўзровень разьвіцьця, асабістую інтэлігентнасьць і шырыню кругагляду. Гэты ўзровень выяўляецца ў тым ліку і ў словах. Не прэзыдэнцкая гэта справа — апускацца да асабістых разборак».

Яшчэ адзін момант зь мінуўшчыны тычыўся прэзыдэнцкіх выбараў 2001 г., пасьля якіх БДУ быў пазбаўлены ільгот за тое, што студэнты «няправільна» прагаласавалі. Паводле Казуліна, на двух участках БДУ Лукашэнка атрымаў 18% і 20% адпаведна.

Эўрапейскімі расейцамі ці расейскімі эўрапейцамі

Казулін таксама пэрыядычна апэляваў да гісторыі, падкрэсьліваючы, што Беларусь заўжды была мостам паміж Захадам і Расеяй. Аднаго разу захапіўся паралелямі: «Нам наканавана мець дачыненьні з Расеяй і жыць у Эўропе. Мы павінны быць эўрапейскімі расейцамі ці расейскімі эўрапейцамі». Пісьменьніца Вольга Іпатава не стрывала: «Мы павінны быць кім? Ра-сей-ца-мі?!» Давялося тлумачыць, што яго няправільна зразумелі, бо недачулі.

Найбольш балючым пытаньнем для прадстаўнікоў сацыял-дэмакратаў было будучае ўладкаваньне дзяржавы: парлямэнцкай ці прэзыдэнцкай мае быць Беларусь? Казулін быў катэгарычны: «Праблема ня ў тым, парлямэнт ці прэзыдэнт кіруе краінай, а ў выкананьні законаў. Сёньня ўлада засяроджаная ў руках адной асобы. Мы павінны не зьмяніць, а паправіць сыстэму. Калі б мы сёньня ўзялі Канстытуцыю 1994 г., дзе прадугледжана моцная прэзыдэнцкая ўлада, але пры гэтым было дакладнае разьмежаваньне галін улады, гэта не было б праблемай. Чаму ў Літве ўсё як мае быць?»

У БСДГ актыўна абмяркоўвалася іншае пытаньне — няўменьне Казуліна гаварыць па-беларуску. Сам ён растлумачыў, што мовы не вывучаў наагул, а літаратуру — толькі ў дзясятай клясе. Пры гэтым экс-рэктар адзначыў, што нікому нельга нічога навязваць, а трэба зрабіць, каб беларуская мова была прэстыжнай, як калісьці француская паміж расейскіх дваран.

Згадаў і тое, як ня стаў міністрам адукацыі ў 1992-м, у часы Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня, бо ня ведаў дзяржаўнае мовы. Яго зацьвердзілі камісіі па адукацыі, па справах моладзі, а вось камісія па культуры й гістарычнай спадчыне (старшыня Ніл Гілевіч, намесьнік Алег Трусаў, сакратар Лявон Баршчэўскі) адпрэчыла. «І правільна зрабіла», — адзначыў нехта з залі. «Вядома, правільна», — з усьмешкай пагадзіўся Казулін.

Жыцьцё мучыць, але жыцьцё і вучыць. Пэрспэктыва ўзначаліць сацыял-дэмакратыю прыгасіла колішнюю крыўду: між тым незадоўга да свайго звальненьня ў 2003 г. тады яшчэ рэктар БДУ даваў інтэрвію ўнівэрсытэцкай студэнцкай газэце «Обратная связь» ды скардзіўся на часы, калі мова вызначала, будзе чалавек міністрам ці не.

Увогуле, Казулін здолеў дагадзіць сваімі адказамі актывістам абедзьвюх партый. З прысутных з рашэньнямі канфэрэнцыі і пленуму не пагадзіліся толькі прыхільнікі Станіслава Шушкевіча, але яны засталіся ў меншасьці.

Аркадзь Шанскі

Зварот «Волі народу»

У маніфэсьце руху «Воля народу» крытыкуецца ўнутраная і замежная палітыка А.Лукашэнкі. Ставяцца пад сумнеў дасягненьні дзесяцігодзьдзя: стабільнасьць і заробак $200. Канстатуецца патрэба зьмены эканамічнае палітыкі і вызваленьня людзей ад страху. Акцэнтуецца ўвага на сьвядомым расколе грамадзтва, Лукашэнкавым дзяленьні народу на «чэсных» і «нячэсных», «сваіх» і «несваіх». Адначасова Лукашэнку закідаецца параза на ўсіх дыпляматычных франтах — пагаршэньне стасункаў ня толькі з Эўропай, але і з Расеяй. Асобна ў звароце дэкляруецца неабходнасьць падтрымкі беларускай мовы, нацыянальнае культуры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0