Адам Глёбус на сайце «Litara.net» абвясьціў сёлетніх пераможцаў прэміі «Залатая літара». За ўдзел у паэтычным праекце «12+1» былі адзначаны крытык Ганна Кісьліцына за прапаганду праекту, Андрэй Хадановіч за рэдактуру кнігі і адзін з аўтараў — Анатоль Івашчанка за радок «Я — слуп, прыбіты да ганебнага чалавека». Анатоль Івашчанка, асьпірант Інстытуту літаратуры НАН, адказвае на пытаньні «НН».

— Вы атрымалі прэмію за радок, напісаны вэрлібрам. Нехта казаў, што верлібр — гэта верш, схаваны ў прозе. Прыхільнасьць да такой формы была нечым абумоўленая?

— Мае пачатковыя творы — з тых, якія ня сорамна паказаць — сапраўды напісаны вэрлібрам. Напачатку мне хацелася пазьбегнуць абмежаваньняў сылябатанічнага вершу зь яго абавязковымі рыфмамі, рытмамі, дакладнай пабудовай. А цяпер пішу і ў клясычнай манеры. Пасьля ўдзелу ў конкурсе імя Арсеньневай мне на вочы трапілі аркушы з маімі вершамі з паметкамі сяброў журы. Насупраць некаторых вершаў было пазначана: «Разанаў». Мяне гэта зьдзівіла, я думаў, што я ў іх першапраходнік, але... Мяркую, Разанаў моцна паўплываў на мяне таму, што я пісаў навуковую працу пра ягоную творчасьць. Мушу канстатаваць, што апошнім часам трапіў і пад уплыў Хадановіча, напісаўшы (несьвядома) верш у ягоным стылі.

— Як бы Вы ахарактарызавалі сучасную беларускую паэзію?

— Маладая паэзія магутна прадстаўлена, так бы мовіць, «сьцёбам». Інтэлектуальная паэзія знаходзіцца ў цені праз пасіўнасьць яе адэптаў. У мяне няма аўдыторыі. Я пішу для сябе. Тое, што я раблю цяпер, нагадвае пасланьне сыгналаў у космас у накірунку незямных цывілізацый. Добра, калі ўнутры чалавека ягоная ўнутраная цывілізацыя на гэта адгукнецца.

— Напэўна, унутры Адама Глёбуса нешта адгукнулася.

— У мяне ёсьць падазрэньне, што сп.Глёбус мае сантымэнты да выпускнікоў філфаку. Летась прэмію атрымала Аксана Бязьлепкіна за сваю дыплёмную працу, па сутнасьці, таксама выпускніца філфаку. У гэтым годзе Хадановіч, Кісьліцына і я. Прэмія 111 эўра добра дзеліцца на траіх. Вядома, гэтую прэмію цалкам заслужылі Ганна Кісьліцына і Андрэй Хадановіч.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Гутарыў Арцём Лява

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0