«Я сьвята веру ў перамогу»

«НН»: Крыху нечакана было пачуць, што першай Вас вылучыла Беларуская партыя зялёных. Мы добра ведаем пра ўплывовасьць такой партыі ў Нямеччыне. А вось беларускія зялёныя — рэч малавядомая. Наколькі сур’ёзнае вылучэньне?

Аляксандар Мілінкевіч: Да «Пяцёркі-плюс» наступнай, шостай партыяй далучыліся якраз зялёныя. Мэханізм вылучэньня прэтэндэнтаў у кандыдаты ад дэмсілаў такі: спачатку вылучаюць партыі, а потым рэгіянальныя кангрэсы, якія павінны адбыцца цягам наступнага месяца. Я зьвярнуўся да палітычных партый наконт маёй падтрымкі. Вядома, што большая іх частка мае сваіх кандыдатаў. Аднак дзьве партыі адгукнуліся і вылучылі мяне прэтэндэнтам на ролю адзінага кандыдата — гэта вельмі сур’ёзна і я за гэта партыйцам вельмі ўдзячны.

«НН»: Дагэтуль некаторыя экспэрты лічаць, што Сямён Домаш, палітычна досыць нэўтральны, у час папярэдняй прэзыдэнцкай кампаніі дарэмна прыняў падтрымку ад БНФ, бо гэтым ён сабе пашкодзіў у вачах апалітычнай публікі. Ці ня лічыце Вы, што ў сёньняшніх умовах вылучэньне ад Партыі БНФ зьяўляецца амаль што «чорнай меткай»?

АМ: Калі кандыдат хоча, каб яго падтрымала шырокая грамадзянская кааліцыя, яму патрэбна падтрымка ўсіх. БНФ — вялікая партыя па колькасьці сяброў і мае вопыт выбарчых кампаній. А штампы на лоб накшталт «агент сусьветнага імпэрыялізму» ўсё роўна будуць ставіць. Таму я не адчуваю вялікай небясьпекі ў тым, што мяне падтрымала Партыя БНФ, і ад прапановы такой падтрымкі я ня мог адмовіцца. Я ўдзячны сябрам Сойму за давер. Спадзяюся, што мяне падтрымаюць і іншыя партыі, а таксама рэгіянальныя кангрэсы. Чалавек, якога выберуць адзіным кандыдатам на прэзыдэнцкія выбары 2006 году ад дэмакратычных партый і арганізацый, павінен быць прадстаўніком усіх дэмакратычных сілаў Беларусі.

«НН»: У 2001 г. кампанія С.Домаша была найлепшай з падтрымкай ва ўсіх рэгіёнах. Толькі ён здолеў правесьці агульнабеларускі зьезд прыхільнікаў, прычым вельмі прадстаўнічы. Але да яго ставіліся з рэўнасьцю, як да чужога, да правінцыяла. І некаторыя «сталічнікі» ўсё зрабілі, каб Домаш ня быў адзіным кандыдатам ад апазыцыі. Ці ня будзе зараз паўтору?

АМ: Тады мэханізм вылучэньня адзінага кандыдата быў падобны. Існавала задума вызначыць адну або некалькі кандыдатур і прапанаваць іх Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў працавала, і ўсе мелі надзею, што вось-вось будуць вынікі. Але КРДС зацягвала справу і цалкам страціла ініцыятыву, а потым увогуле перадала гэтае вырашэньне пяцёрцы кандыдатаў, што было вялікай памылкай. Пяцёрка вызначала паводле суб’ектыўных крытэраў, а не паводле аб’ектыўных. Домаш сапраўды быў мацнейшы, у яго была актыўная, прафэсійная каманда і структуры, у тым ліку і ў рэгіёнах — у 97 гарадах і мястэчках. У Домаша быў пазытыўны рэйтынг лепшы, чым у іншых прэтэндэнтаў, і подпісаў за ягонае вылучэньне сабралі больш, чым за іншых прэтэндэнтаў. Спрацаваў папросту нейкі эгаістычны прынцып: пры зачыненых дзьвярах вырашылі, што У.Ганчарык больш прыдатны для тых, хто галасаваў.

Можа, і цяпер будзе такое пэўнае нежаданьне дапусьціць рэгіянала. Але я пакуль што такога не адчуваю, да мяне наадварот ставяцца вельмі добра і з павагай, таму што факт жаданьня быць адзіным кандыдатам — гэта ня толькі вялікая адказнасьць, але ў нашых умовах і небясьпека для жыцьця. На нацыянальным Кангрэсе будзе большасьць рэгіянальных прадстаўнікоў, а не сталічных. Рашэньне будзе прымацца не кулюарна, а калегіяльна.

«НН»: На што можа спадзявацца апазыцыя, Вы асабіста на прэзыдэнцкіх выбарах, калі Лукашэнка вырашыў не выпускаць уладу са сваіх рук? Як Вы ацэньваеце свае шанцы?

АМ: Я думаю, што ва ўсіх сур’ёзных людзей, хто працуе ў грамадзкіх ці палітычных арганізацыях, няма сумневу ў тым, што сапраўдных выбараў ня будзе. Лічыць галасы пасьля выбараў улада ня стане, яна папросту прызначыць свайго кандыдата, як гэта было на выбарах у парлямэнт. Так і будзе з прэзыдэнтам. Але гэты прызначаны ёю прэзыдэнт будзе нелегітымны, гэта значыць, Беларусь фактычна застанецца без кіраўніка дзяржавы. Аднак адбудзецца такое ці не, залежыць выключна ад нас, грамадзян краіны. І таму адна з мэтаў будучай прэзыдэнцкай кампаніі — правядзеньне шырокай кампаніі ад дзьвярэй да дзьвярэй, каб абысьці як мага больш людзей і каб яны адчулі, што нас большасьць і што мы перамаглі. І калі мы створым такі пазытыўны настрой, пачуцьце сілы ў людзей і абаронім свой выбар, толькі тады мы будзем называцца сапраўднымі грамадзянамі, вартымі дастойнага жыцьця.

«НН»: Існуе дакумэнт адносна таго, як немцы хацелі пасьля вайны выселіць у Сібір большасьць палякаў, іншыя народы, нават чэхаў. Беларусы ў гэтым дакумэнце названы «самым бяскрыўдным і таму самым бясьпечным» для немцаў народам. Але потым высьветлілася, што немцы памыляліся. Сёньняшняя ўлада таксама культывуе імідж беларуса як рахманага, бяскрыўднага для гэтай улады аматара «чаркі ды скваркі». У Вас ёсьць спадзяваньне, што ў беларусаў па-ранейшаму існуе ўнутраная моц, цяга да свабоды?

АМ: Легенда пра тое, што беларусы сядзяць, а потым хапаюцца за зброю, ідуць у лясы і партызаняць… Тады была вайна, і хай усё гэта застанецца ў мінулым. Я супраць узброенага супраціву і крыві. Але я думаю, што, калі чалавека бясконца падманваюць, ён абавязкова павінен выйсьці на плошчу і мірна бараніць свае годнасьць і гонар. Адзінае, што нам перашкаджае гэта рабіць на дадзены момант, — гэта пачуцьце няўпэўненасьці, але гэта зьменіцца. Калі ў час прэзыдэнцкай кампаніі ўзьнікне пачуцьце веры ў свае сілы, крыўды за тое, што нас падманулі і падманваюць, будзе сфармавана пачуцьце перамогі, тады людзі абавязкова выйдуць бараніць свой выбар і сваё існаваньне.

Можна сказаць яшчэ пра тое, што за дзень да першага туру выбараў ва Ўкраіне самі ўкраінцы, якія рыхтавалі абарону сваёй перамогі, фактычна ня верылі, што такая колькасьць людзей выйдзе на плошчу сталіцы. Настаюць моманты ў жыцьці кожнай дзяржавы, калі раптам узьнімаецца хваля, нечаканая па памерах для ўсіх.

«НН»: Улада вельмі пісьменна працуе, каб такой хвалі не было. Калісьці немцы высякалі лес уздоўж чыгунак, высялялі вёскі, якія былі побач, рабілі карныя апэрацыі супраць партызанаў. Сёньня ўлада таксама мэтадычна робіць зачыстку тэрыторыі — перасьледуе партыі, прафсаюзы, любыя дэмакратычныя арганізацыі, незалежную прэсу, нават Саюз пісьменьнікаў. Каб беларус ня мог бараніцца ад гвалту з боку гэтай улады, каб у яго не было рэальных палітычных правоў і свабод. Ва Ўкраіне ўсё ж было інакш, там улада не была такім ворагам грамадзтва.

АМ: Тое, што ва Ўкраіне сытуацыя была іншая, гэта ўсе разумеюць. Асабліва ў інфармацыйнай прасторы. Было мясцовае самакіраваньне. Але ў мяне чаму ёсьць вялікі аптымізм — таму што, калі ўзяць 2001 год, у нас таксама не было фактычна электронных СМІ. І ня будзе іх у 2006 годзе. Але кампанія «ад дзьвярэй да дзьвярэй» за Домаша ў рэгіёнах паказала вялікую моц такога непасрэднага звароту да людзей. Людзі даведаліся пра Домаша, хаця не маглі яго ўбачыць на той момант. Проста актывісты, якія паверылі ў яго, сваёй працай, сваімі вачыма запаленымі, энэргіяй выклікалі ў людзей надзею, асабліва ў тых, што прагнулі зьменаў. Таму я веру, што ў нашых умовах можна толькі за кошт такой кампаніі дайсьці да жыхароў гарадоў, мястэчак і нават вёсак. У Менску і абласных гарадах будзе прасьцей. Карацей, я сьвята веру ў перамогу, і прыкладам таму — Домаш, якому ўдалося толькі за некалькі месяцаў падняць свой рэйтынг з нуля амаль да 20 працэнтаў. Гэта былі вынікі працы тысяч людзей па ўсёй краіне… І гэтыя людзі засталіся, іх ня стала менш. Яны будуць працаваць на адзінага. Далучацца і новыя пратэстныя групы, якія, дзякуй богу, улада стварае бесьперапынна.

«НН»: Вы недзе ў інтэрвію сказалі, што выступаеце за парлямэнцка-прэзыдэнцкую рэспубліку, супраць празьмерных паўнамоцтваў аднаго чалавека. Канкрэтызуйце сваю пазыцыю.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Гутарыў Сяргей Максімовіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0