З 5 па 13 сакавіка ў аўстрыйскім Гахфільцэне пройдзе чэмпіянат сьвету па біятлёне. Беларускім мужчынам-біятляністам, якіх няма нават у дваццатцы наймацнейшых, даецца шанец вярнуць страчаныя за год пазыцыі.

Аляксандар Сыман, трыюмфатар спрынту ў славенскай Паклюцы, займае 28 радок, Алег Рыжанкоў — 44-ты, а перабежчык-вараг Уладзімер Драчоў — толькі 66-ты. У Кубку нацый мужчынская зборная разьмясьцілася на шостым месцы, а былі залатыя часы, калі беларусаў нельга было сагнаць з п’едэсталу. Так што сусьветнае першынство ў Аўстрыі для нас зноў як апошні бой у логаве ворага.

На мінулым тыдні «беларускія» віды спорту адпачывалі. Аціхла нават хакейная ліхаманка вакол матчу Латвія—Беларусь. Ужо ніхто не выказвае думак выгнаць латвійскія клюбы з Адкрытага першынства Беларусі. 2 сакавіка скончыўся першы этап чэмпіянату, яго выйграла менскае «Юнацтва», і цяпер пачынаецца самае цікавае: ад 6 сакавіка пойдуць чвэрцьфінальныя паядынкі плэй-оф. Айчынным клюбам даецца шанец даказаць латышам на лядовай пляцоўцы, што беларускі хакей лепшы. Напрыклад, магілёўскае «Хімвалакно» сустрэнецца з «Рыгай-2000», што паставіла ў латвійскую зборную цэлых сем гульцоў.

Павісла ў паветры і адстаўка галоўнага трэнэра Міхаіла Захарава. Пастаноўлена, што ягоны лёс вырашыць выканкам фэдэрацыі хакею, пасяджэньне якога пройдзе пасьля 8 сакавіка. Хоць большасьць і спэцыялістаў, і заўзятараў сыходзяцца на тым, што трэба даць трэнэру магчымасьць дапрацаваць да чэмпіянату сьвету-2005, а там — у выпадку чарговага пралёту — прыгадаць усё.

На сусьветнай арэне цягам апошніх двух тыдняў галоўнай падзеяй былі чэмпіянаты сьвету па лыжных гонках і скачках на лыжах з трампліну, якія прайшлі ў нямецкім Абэрсдорфе. Беларусы тут не парушалі спакою — выдзяляецца хіба допінг-скандал зь Дзянісам Вараб’ёвым — і выступілі ціха ды непрыметна. Вылучаецца хіба шостае месца Сяргея Далідовіча ў дуатлоне (каньковы + клясычны ход) на 30 км.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Алег Раявец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0