Футбольны сэзон пачнецца ў красавіку

Беларускі футбольны сэзон-2005 пачнецца 3 красавіка — так вырашыла Беларуская фэдэрацыя футболу. У гэты дзень пройдуць першыя матчы чвэрцьфіналу Кубку Беларусі. Першы тур чэмпіянату ў вышэйшай лізе заплянаваны на 16—17 красавіка. Зазначым, што сёлета старт бяруць не шаснаццаць, як у 2004 г., а чатырнаццаць камандаў. Менскае «Тарпэда-СКА» і «Ведрыч-97» не пацягнулі лямкі вышэйшай лігі празь фінансавую нэндзу.

Польскі «Оскар»

У панядзелак 6 сакавіка ў Польскім тэатры ў Варшаве будзе ўручана прэмія «Футбольны «Оскар»-2004». Узнагарода, заснаваная тэлевізійнай станцыяй «Канал+» і Польскім футбольным саюзам, будзе ўручацца ў 12 катэгорыях: найлепшы гулец, адкрыцьцё году, гол, судзьдзя, найлепшы галкіпэр, абаронца, паўабаронца, форвард, трэнэр, прэзыдэнт клюбу, найлепшы журналіст-газэтчык, найлепшы спартовы камэнтатар году. Самы пачэсны тытул — футбаліст году. За яго будуць змагацца Томаш Франкоўскі і Мацей Жураўскі з кракаўскай «Віслы», гульцы якой маюць найбольшую колькасьць намінацый, а таксама Яцак Кшынувэк зь левэркузэнскага «Баеру». У Інтэрнэце Кшынувэк па-за канкурэнцыяй: за яго кандыдатуру прагаласавалі 78 адсоткаў наведнікаў сайту «Газэты выборчай».

Кутузаў зачапіўся за п’едэстал

Атрымаўшы перамогу ў гасьцявым матчы над «Брэшыяй», «Сампдорыя» форварда беларускай зборнай Віталя Кутузава паднялася на трэцяе месца ў італьянскім футбольным чэмпіянаце. Генуэскі клюб пасьля 26 тураў мае 44 пункты. Дагнаць дуэт лідэраў — «Мілян» і «Ювэнтус», што за дванаццаць тураў да фінішу вырваўся наперад на 13 пунктаў, — ужо немагчыма. Тут бы трэцяе месца захаваць, на якое таксама паклалі вока «Інтэр», «Палерма» ды «Ўдынэзэ». Бронзавыя мэдалі, апроч грашовага і маральнага задавальненьня, дадуць магчымасьць «Сампдорыі» паспрабаваць увосень свае сілы ў Лізе чэмпіёнаў.

На Брашаў

З 4 па 6 сакавіка ў Брашаве пройдзе тэнісны матч 1/8 фіналу Кубку Дэвіса паміж зборнымі Румыніі і Беларусі. Асноўныя надзеі беларусаў ускладаюцца на Максіма Мірнага і Ўладзімера Валчкова, другімі нумарамі ў Брашаў адправіліся юныя Ягор Пунтус, Аляксандар Буры ды Аляксей Бяссонаў. Капітан каманды — Андрэй Бяссонаў.

У панядзелак вызначыліся са складам румыны. У адзіночным разрадзе згуляюць Андрэй Павэл і Віктар Ханэску, а парным — Павэл і Разван Сабаў. У пятніцу гульня пачнецца а 13-й па-беларускім часе, у суботу — а 15-й, у нядзелю — а 13-й. АНТ абяцае паказаць усе матчы ў жывым этэры.

Пераможца згуляе ў чвэрцьфінале зь пераможцам пары ЗША—Харватыя.

Супэр-Марыё сыходзіць

Найвялікшы хакеіст ХХ стагодзьдзя і ўладальнік «Пітсбург Пінгвінз» Марыё Лем’ё, хутчэй за ўсё, ня будзе браць удзелу ў чэмпіянаце сьвету-2005, што пройдзе ў Вене і Інсбруку з 30 красавіка па 15 траўня. Лем’ё сьцьвярджае, што ня мае аптымальнай формы, тым больш, што сёлета праз лакаўт у Нацыянальнай хакейнай лізе не згуляў ніводнага матчу. «Ня думаю, што для мяне ці зборнай Канады будзе добра, калі ў гэтай зборнай будзе выступаць хакеіст, што не гуляў цэлы год. Я пачуваюся менавіта так. Можа, я яшчэ памяняю рашэньне, але паказаць дастойны хакей ня здолею», — кажа супэрлегенда сусьветнага хакею.

АР, gazeta.pl/sport, nhl.com, daviscup.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0