Дзень 24 лютага выдаўся халодны, ветраны, мокры сьнег сыпаўся на шапкі, каўняры ды валасы тых, хто неабачліва выйшаў з дому зь непакрытай галавой. Мы — невялікая купка беларусаў — ішлі ранішнімі браціслаўскімі вулачкамі паглядзець на выступ амэрыканскага прэзыдэнта, зь цікавасьцю назіраючы за славацкімі паліцыянтамі ў плястыкавых шлемах з паднятымі забраламі і празрыстымі шчытамі.

Першы шчыльны кардон паліцыянтаў аддзяляе шчасьлівых уладальнікаў «квіткоў на Буша» ад тых, у каго такіх няма, з боку Новага мосту, пры ўваходзе на бульвар перад Рэдутай — будынкам, дзе месьціцца філярмонія і дзе мае адбыцца сустрэча славакаў з амэрыканскім прэзыдэнтам. Мы маем такія квіткі і безь перашкод праходзім кардон №1. Кардон №2 — празь якія 20—30 мэтраў — быў ужо справай больш сур’ёзнай: тузін брамак-мэталашукальнікаў, куды прапускалі паасобку (ключы, мабільнікі, гадзіньнікі, гаманцы з манэтамі — на стол, сумкі прафэсійна абшукваюцца, зазіраюць нават у цыгарэтныя пачкі). Каму-нікаму прыйшлося выцягваць са штаноў рамяні, у якіх было занадта шмат мэталічнай арматуры, у кагосьці адабралі яблык, узяты з самай бяскрыўднай мэтай — перакусіць… Амаль адразу за брамкамі знаходзіцца сцэна, дзе цягам некалькіх гадзін перад пачаткам імпрэзы давалі жару славацкія артысты. Гук быў вельмі добры, музыкі — натхнёныя, людзі, асабліва моладзь, — у захапленьні. Аднак большасьць народу (і мы ў тым ліку) адразу ішлі бліжэй непасрэдна да месца выступу — і хутка застылі перад чарговым кардонам паліцыянтаў, які ахоўваў плошчу перад трыбунай і месцамі для ўрадоўцаў. Журналістам адвялі асобную плятформу, паднятую мэтры на тры над натоўпам, а тэле- і фотарэпартэры захапілі і іншыя ўзвышаныя пункты на плошчы. Вышэй за іх — толькі спэцы-назіральнікі ў чорным на дахах навакольных дамоў ды верталёты ў шэрым небе.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

24.02.2005, Браціслава

Х.Ясная

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0