Украінская рэвалюцыя паказала: для таго каб дамагчыся зьмен, кроў з носу патрэбны незалежныя электронныя мэдыі. У кіраўнічых структурах ЭЗ ды заходніх фондах распачалася дыскусія на тэму адкрыцьця замежнага вяшчаньня на Беларусь.Чаго толькі ні прапануюць: і вэб-парталы, і новыя радыёстанцыі, і нават спадарожнікавы тэлеканал накшталт такога, які маюць курды. Аднак дагэтуль усе пляны загразаюць у абмеркаваньні каштарысу, нібы воз у балоце. Таму намер «Euronews» распачаць вяшчаньне па-беларуску — сапраўдная сэнсацыя. Гэта самы рэалістычны праект з тых, якія дагэтуль прапаноўвалі беларусам.

Калі ЭЗ паставіў задачу наладзіць вяшчаньне на Беларусь, першае, што прыйшло ў галаву эўрачыноўнікам, — стварэньне новай караткахвалевай радыёстанцыі, клону радыё «Свабода» з праэўрапейскім ухілам у рэдакцыйнай палітыцы. Але людзі, якія стала ловяць перадачы на кароткіх хвалях, займелі гэтую звычку яшчэ за савецкім часам, слухаючы «галасы». Ствараць для іх новую радыёстанцыю — што дасылаць каталіцкага прапаведніка ў Ватыкан. Таму размовы пра караткахвалевую радыёстанцыю папрыціхлі, а найбольш акрэсьленую форму набылі пляны стварэньня на тэрыторыі Польшчы беларускамоўнай FM-станцыі «Пагоня». Гэты праект ужо праходзіць фінансавае абгрунтаваньне ў Эўракамісіі.

Грошы за беларускасьць

Усё часьцей чуваць і такое меркаваньне: а ці варта выдумляць нанава ровар, калі можна выкарыстаць наяўныя мэдыйныя магчымасьці? Тыдзень таму нямецкі фонд К.Адэнаўэра заявіў, што неабходна пачаць беларускае вяшчаньне на радыёстанцыі «Deutsche Welle». Адпаведны праект ужо падрыхтаваны і будзе вынесены на разгляд улетку. І праўда: чым укладаць мільёны эўра ў новае абсталяваньне, набыцьцё ліцэнзіі на частату, ці не прасьцей стварыць беларускія аддзелы ў добра «раскручаных» міжнародных мас-мэдыя? Дзівіць толькі, чаму гэтага не зрабілі раней.

Намер беларусізаваць «Euronews» грунтуецца ня толькі на гэткіх самых разважаньнях. Унікальнасьць сытуацыі ў тым, што беларуская мова разглядаецца тэлеканалам як важны бізнэс-рэсурс, сродак больш дакладнага пазыцыяваньня «Euronews» у рэгіёне.

У сваім інтэрвію інтэрнэт-парталу «Еxpatica» дырэктар «Euronews» Філіп Кайля пахваліўся тым, што справы ў тэлеканалу ідуць няблага. «2005 год будзе годам прыходу новых акцыянэраў, пашырэньня сэрвісаў на ўсход і на новыя сэгмэнты мэдыя-рынку», — заявіў спадар Кайля. Праграмы «Euronews» можна глядзець на сямі мовах — ангельскай, гішпанскай, італьянскай, нямецкай, партугальскай, расейскай ды францускай. Цяпер кіраўніцтва тэлеканалу актыўна абмяркоўвае пляны распачаць вяшчаньне на баўгарскай, беларускай, турэцкай ды ўкраінскай мовах. «Euronews» ужо вядзе адпаведныя перамовы з Эўразьвязам і Эўрапейскім касьмічным агенцтвам, адказным за спадарожнікі сувязі.

Як дасьведчаны топ-мэнэджэр, Філіп Кайля ня можа не адчуваць, што ў ЭЗ складваецца прабеларуская каньюнктура. Эўразьвяз гатовы ўкласьці ў вяшчаньне на Беларусь немалыя грошы, але атрымае іх той, хто зробіць найлепшую прапанову. Цягацца з «Euronews» тут будзе цяжка. Тэлеканал здольны прапанаваць цалкам рэальны бізнэс-плян, які прыйдзецца эўрачыноўнікам нашмат больш даспадобы за напаўфантастычныя пражэкты па адкрыцьці новага тэлеканалу.

Але «Euronews» здужае беларускамоўнае вяшчаньне і без дадатковых інвэстыцый. Заснаваны 12 гадоў таму, ён ужо зрабіўся самым папулярным эўрапейскім тэлеканалам навін. Штодзень яго глядзяць больш за восем мільёнаў чалавек у 82 краінах. Пасьля чатырохгадовага крызісу летась «Euronews» упершыню прынёс прыбытак.

За два крокі ад тэлеканалу

Для таго каб наладзіць беларускамоўнае вяшчаньне на «Euronews», спатрэбіцца запрасіць у францускі Ліён, дзе месьціцца штаб-кватэра тэлеканалу, ня больш за тузін журналістаў. Яны будуць ствараць беларускамоўныя выпускі навін — пісаць тэксты, начытваць іх і рабіць адпаведны мантаж тэлевідарысу, карыстаючыся «сырымі» відэаматэрыяламі, атрыманымі са спадарожніка праз сыстэму «Эўрабачаньня» ад тэлекарэспандэнтаў па ўсім сьвеце (так, дарэчы, ствараюцца міжнародныя тэленавіны на БТ). У выніку мы будзем мець беларускамоўны варыянт «Euronews»: войны-катаклізмы-катастрофы плюс навіны ЭЗ.

На другім этапе ў нашай краіне можа распачаць працу тэлеапэратар «Euronews», які будзе дасылаць свае відэаматэрыялы ў Ліён, дзе яны будуць апрацоўвацца ды выкарыстоўвацца для стварэньня мясцовых навін і тэлеперадач, цікавых, найперш, беларускаму гледачу.

Зьяўленьне незалежнага беларускамоўнага тэлеканалу можа зрабіцца тым электрашокам, які дапаможа вывесьці з комы беларускае грамадзтва. Цяжка ўявіць, што сучасныя беларусы зьбяруцца на кватэры паслухаць далёкія «галасы» зь сіпячага радыёпрыёмніка. А вось паглядзець цікавую ды праўдзівую тэлепраграму пра наша жыцьцё-быцьцё па тэлевізары ў сябра, у якога «ловіцца» «Euronews», — гэта можна. Хто-ніхто яшчэ і папросіць запісаць перадачу на «відзік», возьме паглядзець касэту ды знаёмым перадасьць.

Летась «Euronews» быў атакаваны лістамі зь Беларусі з патрабаваньнем прыбраць з мапы надвор’я кірылічную транскрыпцыю назвы Менск — у адрозьненьне ад Кіева ці Вільні, назва сталіцы Беларусі падавалася ў ангельскай і расейскай транскрыпцыях, гэтак жа як і Масква. Неўзабаве ўсе надпісы на мэтэаралягічнай мапе замянілі на паліткарэктна-лацінкавыя. Намер «Euronews» распачаць вяшчаньне на беларускай мове варты яшчэ адной народнай кампаніі, праўда, ня крытыкі — а падтрымкі.

Алесь Кудрыцкі

Пажаданьні і меркаваньні адносна адкрыцьця беларускамоўнага вяшчаньня на «Euronews» можна дасылаць па наступным адрасе (пішэце па-ангельску і па-француску):

EuroNews Press Office

60, chemin des Mouilles, BP 131,

F-69131 Lyon-Ecully, France

Lydie Bonvallet, tel.: +33 4 7218 8056

[email protected]

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0