Рубляваньне працягваецца

Беларусь ды Расея зноў дамовіліся пра ўвядзеньне адзінай валюты. Гэтым разам расейскі рубель зьбіраюцца ўводзіць з 1 студзеня 2006 году. Рада міністраў СБіР прыняла плян дзеяньняў па ўвядзеньні адзіных грошай. Праўда, пра адзіны эмісійны цэнтар згоды як не было, так і няма.

ПДВ: трайны варыянт

Урад падрыхтаваў на подпіс Лукашэнку тры варыянты рашэньня пытаньня пра ПДВ, які павінны плаціць індывідуальныя прадпрымальнікі. Паводле першага, ПДВ можна будзе плаціць па спрошчанай схеме. Згодна з другім варыянтам, плаціць ПДВ можна будзе па заяўным прынцыпе — практычна безь ніякіх дакумэнтаў. Трэці варыянт прадугледжвае адмену ПДВ для прадпрымальнікаў, але ў такім выпадку падымуць стаўку адзінага падатку.

Казахстан глядзіць на «Нафтан»

Урад Казахстану прапануе Беларусі дапамогу ў рэканструкцыі «Нафтану». Робіць ён гэта з разьлікам распачаць пастаўкі нафты ў нашу краіну для перапрацоўкі на мадэрнізаваным заводзе. Плянуецца, што Казахстан будзе экспартаваць у Беларусь каля 2 млн тонаў нафты штогод — па сусьветных цэнах.

Брыльянты пацякуць ракой

Карпарацыя «Дэ Бірз», сусьветна вядомы вытворца брыльянтаў, адшукала сабе партнэра ў Беларусі. Ім будзе гомельскае прадпрыемства «Крышталь». З траўня 2004 г. «Крышталь» спыніў агранку алмазаў праз тое, што пастаўшчык — расейская кампанія «Алроса» — павысіў цэны. Пакуль што пастаўкі алмазаў — справа неймаверна забюракратызаваная, але ўрад плянуе яе лібэралізацыю.

Агульная штрыхкадызацыя

Урад разглядае праект пастановы пра абавязковае штрыхавое кадзіраваньне тавараў. Хутчэй за ўсё, ужо ў сакавіку ўсе тавары,

што прадаюцца ў крамах, у тым ліку імпартныя, трэба будзе пазначаць штрых-кодам. Урадавы Фонд інфарматызацыі мяркуе, што гэта будзе важным крокам і для разьвіцьцья электроннага гандлю.

«Лідо» разбудуецца

Латвійская кампанія «Лідо» зьбіраецца пабудаваць у Менску яшчэ адзін рэстаран, на праспэкце Машэрава. Гэта будзе цэлы комплекс — рэстаран з латыскімі стравамі, гатэль, парк атракцыёнаў ды ігральных аўтаматаў. Свой першы і пакуль адзіны рэстаран «Лідо» пабудавала ў Менску (насупраць ЦУМу) летась. $1,5 млн, што пайшлі на будоўлю, плянуюць акупіць за тры гады.

АК, АФН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0