Апазыцыя вінаватая перад уладай ужо тым, што яна ёсьць. Гэтая ўлада будзе нішчыць іншадумства, пакуль будзе трымацца.

У агульнай карціне маразму, які ахапіў ці ня ўсе сфэры жыцьця — ад эканомікі да спорту, — не хапала апошняга штрыха. Права грамадзян на выезд за мяжу і вяртаньне ў краіну было ці ня першай і апошняй рэальнай заваёвай дэмакратыі пасьля атрыманьня Беларусьсю незалежнасьці. Цяпер яно калі не ліквідаванае канчаткова, дык напэўна дажывае апошнія дні.

Была яшчэ, праўда, свабода слова, абвешчаная акурат 20 гадоў таму, з пачаткам савецкае «перабудовы». Толькі тады яна называлася няўклюдным словам «галоснасьць». Цікава, дарэчы, што першы прыезд Гарбачова ў Менск і тое, што ён тады казаў пра Сталіна і Перамогу, тое, як генсека сустракала тут сьлюнькоўская камарыльля, успрымалася, хутчэй, як вяртаньне да палітыкі Андропава…

Большасьць савецкіх грамадзян, дарэчы, даволі хутка адчула сябе перакормленай кісла-салодкай стравай пад назвай «галоснасьць». «Белыя плямы» на старонках «Советской Белоруссии» замест меркаванай антыкарупцыйнай справаздачы дэпутата Антончыка (гонар вяртаньня цэнзуры належыць тагачаснаму начальніку ўпраўленьня грамадзка-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзыдэнта А.Фядуту) асаблівага ўражаньня на грамадзтва не зрабілі. Яно спакойна праглынула потым і замену галоўных рэдактараў, і закрыцьцё радыёстанцыі «101,2», і ліквідацыю апазыцыйных газэт, і канфіскацыю накладаў, і шмат іншага.

Абмежаваньне свабоды сходаў і дэманстрацый адчулі на сабе хіба толькі тыя некалькі дзясяткаў тысяч грамадзян, якія рэгулярна ў іх удзельнічалі. Асабліва балюча адчулі тыя, каго зьбівалі аманаўцы, з каго зьдзекаваліся міліцыянты, каго кідалі на Акрэсьціна. Некалькі тысяч прадпрымальнікаў, што выйшлі нядаўна на плошчы буйных гарадоў, настолькі ўразілі гэтым сваім учынкам уладу, што вымусілі яе да перамоў і нават некаторых абяцаньняў…

А вось права на свабоду перамяшчэньня пад сумнеў быццам бы ня ставілася нікім. Прынамсі, публічна. Зразумела, былой партнамэнклятуры было крыўдна траціць прывілею езьдзіць за мяжу, якая адрозьнівала іх, разам з правам на спэцразьмеркавальнікі ды закрытыя кінапрагляды, ад усіх астатніх. Але новая намэнклятура разам з новымі расейцамі й беларусамі хутка прызвычаілася да новых правілаў гульні. Права правам, але ж, насамрэч, пасада ці грошы вырашаюць, як далёка ты можаш паехаць — у Баўгарыю ці на Канары, на Казьбек ці ў Куршэвэль. Звычайных грамадзян цалкам задавальняла магчымасьць паехаць куды-небудзь у Польшчу на закупы, паслаць дзяцей вучыцца ў Чэхію ці выехаць на заробкі ў пошуках лепшае долі ў якую-небудзь іншую краіну. Пажадана, вядома, куды-небудзь далей на Захад…

Ніхто не падлічваў, колькі беларускіх «постчарнобыльскіх» дзяцей за апошнія гады прайшлі лячэньне ці рэабілітацыю за мяжой. Але ж менавіта ў гэтым пытаньні і праявіла сябе ва ўсёй прыгажосьці новая дзяржаўная ідэалёгія. Выявілася, што фізычнае здароўе дзяцей нічога ня вартае ў параўнаньні з так званым «маральным здароўем», якому нібыта пагражае гнілы, разбэшчаны Захад. Гэткую філязофію сфармуляваў некалі Іван Антановіч, яшчэ за тым часам, калі загадваў аддзелам культуры ЦК КПБ. Палемізуючы з Алесем Адамовічам, папярэднік сучасных «дзяржаўных ідэолягаў» даводзіў, што, калі нават у ядзернай вайне загіне амаль усё чалавецтва, станоўчы вынік будзе палягаць у паразе амэрыканскага імпэрыялізму, а значыць — перамозе ідэй камунізму. Падобны бальшавіцка-людажэрны падыход выяўляе цяпер беларуская дзяржава — і ня толькі ў дачыненьні да чарнобыльскіх дзяцей. Калі дзіцяці выракліся бацькі, калі яно нарадзілася інвалідам, калі ў яго няма шанцаў ня толькі на шчасьлівую будучыню, але нават на больш-менш прыстойнае існаваньне — усё адно яго нельга аддаць у рукі замежнікаў. Калі табе пашчасьціла нарадзіцца ў сучаснай беларускай дзяржаве, значыць, тут і памры. Такі вось дзяржаўны патрыятызм.

Бацькі моўчкі (бо мы памятаем, што свабода слова аказалася непатрэбнай) праглынулі фактычную забарону на лячэньне й адпачынак сваіх дзяцей за мяжой. Цяпер, натуральным чынам, надышла чарга дарослых.

Падаецца ўсё, як і заўжды, пад самым лепшым гарнірам. Гэтым разам — пад выглядам клопату пра жанчын, якіх трэба абараніць ад магчымасьці сэксуальнае эксплюатацыі за мяжой. Уражаньне такое, быццам Беларусь апынулася ў Сярэднявеччы і галоўная пагроза для яе цяпер — набегі татараў, якія прымусам звозяць жанчын у рабства. Рабства, як слушна гаворыцца ў рэклямным тэлевізійным роліку, нітрохі не зьмянілася за апошнія стагодзьдзі. І гандаль людзьмі — страшэннае міжнароднае злачынства. Але ж, калі пакласьці руку на сэрца, хіба ў самой Беларусі няма сёньня прастытуцыі? Няма парнабізнэсу, няма бесчалавечнай эксплюатацыі жанчын? Іх не гвалтуюць, ня б’юць, не забіваюць, самі яны не сьпіваюцца, ня трацяць чалавечае аблічча? Жаночая злачыннасьць у Беларусі не расьце?

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Віталь Тарас

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0