Дон-Кіхот любіў выратоўваць чалавецтва. Ён быў трагікамічны, недарэчны, пацешны й глыбока чалавечны. Некаторых амэрыканскіх герояў хлебам не кармі — дай заняцца ўсеагульным выратаваньнем.
Мэтады ў іх свае: выдзіраць дрэва, каб зьняць кацяня, скакаць па дахах у бэтонных джунглях, лавіць небясьпечныя цягнікі — і падслухоўваць паліцэйскія размовы.
Але і на дабро знаходзіцца сваё пакараньне. Дон-Кіхоту даставалася ад млыноў і асобных прадстаўнікоў чалавечага роду. А вось сапраўдны амэрыканскі кашмар: юрысты — загрызуць. І суцяжнага самагубцу выратаваў, і цягнік ня так злавіў, і ў паветры лётае — недарэчныя супэрмэны вымушаныя хавацца (паводле праграмы аховы звышгерояў). Сытуацыя ўскладняецца сямейнымі абставінамі: муж Выбітны, жонка — Элястычная, і дзеткі пайшлі: адна Нябачная, другі — Шустрык.
Сямейнае шчасьце, сталая праца і стацца, як усе — вось пакараньне для амэрыканскага Дон-Кіхота. А далей экстрымальныя баявыя разборкі сямейным кланам: адзін даўбасіць, другая выгінаецца, трэцяя — хаваецца й ахоўныя энэргетычныя пухіры пускае, чацьвёрты бегае. І нат немаўля дома — пякельны монстар для кепскага дзядзі. Усё гэта — на няспынным экшане і з жартачкамі. Шварцэнэгер памёр бы ад зайздрасьці, што яму не дасталася ніводнай ролі ў гэтым фільме. І нездарма.
Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"
Андрэй Расінскі.
«Супэрсямейка» («Incredibles»)
ЗША, 2004, каляровы, 115 хв.
Жанр: анімацыйная камэдыя-комікс
Адзнака: 7 (з 10)