18.03.2005 / 13:00

Эфраім Кішон

А ключы ў Рудога

На гэтым тыдні, як высьветлілася, ізноў здарылася маленечкая аварыя з экспэрымэнтальнай мадэльлю мясцовага супэрсамалёта «Вярба». За колькі дзён да вылету ў Паруд на авіясалён з мэтай прывабіць там масавага кліента села «Вярба» на левае кола ды засталася ляжаць на фюзэляжы, не раўнуючы паранены верабей. Але, як паведамілі ў адміністрацыі, праблемай ужо заняліся адпаведныя кампэтэнтныя арганізацыі, і мы яшчэ пасьпеем на салён зь невялічкім спазьненьнем, да таго ж там на адкрыцьці такое нудоцьце!.. Кажуць, што нічога сур’ёзнага, выпадковы зьбег акалічнасьцяў — бывае, ня трэба заўчасна хвалявацца, усё пад асабістым кантролем, спакуха.

Дазнаньне працягваецца. Мы шчыра прагнем даць сьледчай камісіі наша важкае сьведчаньне, нягледзячы на тое, што фізычна не прысутнічалі падчас той левай пасадкі. Мы сьцьвярджаем, што ведаем, зыходзячы з вопыту і робячы свае высновы на падмурку тутэйшых міжземнаморскіх выкладак, што стала сапраўднай прычынай аварыі. Дык вось, ключы знаходзіліся ў Рудога. Ды не магло быць іншай прычыны.

Дзеля большай дакладнасьці адновім усе факты. Пасьля апошняга палёту лётчык-выпрабавальнік сказаў Шлёму, што нешта не падабаецца яму гэты гуд у левым коле, але Шлёма мусіў улагодзіць якіясь свае справы ў муніцыпалітэце ды папрасіў вахцёра патэлефанаваць у майстэрню Цымерману — хай праверыць зьнізу ці дзе там, — але Цымерман выйшаў, таму што ў панядзелак ён заўсёды ідзе дадому ў дзьве трыццаць; а замест вахцёра сядзеў нейкі новы хлопец, бо сам дзед пайшоў праверыцца да ўроляга; а хлопец ня ведаў, дзе жыве Цымерман, наогул хто такі гэты Цымерман; і камутатар маўчыць, бо Зыва паехала ў Хайфу на базу, а адзіны сьпіс з адрасам Цымермана і іншых тэхнікаў знаходзіцца ў шуфлядцы Зывы; але Руды забраў ключ ад шуфлядкі ды спусьціўся ў вэстыбюль, яго шукалі ў буфэце, але ён сышоў адтуль літаральна дзесяць хвілін таму — відаць, на футбол паехаў; а хатняга тэлефону ён ня мае, а ключ у яго, а што ты тут зробіш; тым жа часам узьлятае «Вярба» з божай ласкі ды прызямляецца на свой найлепшы бок; але на ўзьлётнай паласе ўжо прыбралі большасьць ейных дэталяў, усё пад кантролем; а што тут такога — на футбол пайшоў, «Макабі» (Тэль-Авіў) — «Бнэй-Егуда», 1:0 (ці там 1:2), пасьля роўнай гульні ў першай палове гол на свой актыў запісаў Махмуд Рубінштэйн.

Такім чынам, няма патрэбы ў далейшым расьсьледаваньні, усё проста павінна было адбыцца менавіта так. Ды інакш і быць ня можа. У нашай роднай блізкаўсходняй старонцы кожная акцыя агульнанацыянальнага маштабу захрасае ў пяску праз гэта, таму што ключ знаходзіцца ў Рудога. Штораз, калі нам выпадае апынуцца ля гіганцкага заводу, старой фабрыкі або новага гандлёвага цэнтру, будынку МЗС, кінастудыі ці аўтавакзалу, мы бачым адну і тую ж карціну: усе пагалоўна стаяць на вушах, пэрсанал лётае што дурны ды патрабуе, каб Зыва іх злучыла, усе грукаюцца ў замкнёныя дзьверы складу, і пасярод гэтага вэрхалу ў канцы калідору абавязкова павінен зьявіцца вельмі пульхны мужчына з чырвоным, як бурак, тварам ды пачаць лямантаваць:

— Дзе ключ?

— У Рудога, — адказвае Авігдор, прыціснуты да сьценкі.

— А дзе Руды?!

Чуваць таксама, як з гучнагаварыцеля рэхам нясецца па ўсім прадпрыемстве:

— Руды, цябе шукае Экутыель! Неадкладна вярні яму ключы! Гэй, Руды, ты чуеш?

Рудога няма. Гэта і зьяўляецца цудоўнай адметнасьцю Рудога, што яго няма. Ён сышоў. З ключамі. Пятнаццаць хвілін таму яго яшчэ бачылі ля прыбіральні, але, відаць, ён пайшоў ці што. Ён жыве ў Нэс-Цыёне, ды ў яго няма хатняга тэлефону, Цымерман ведае яго новы адрас, але Цымерман выйшаў. Такая сытуацыя склалася на большасьці прадпрыемстваў краіны, дзе ёсьць ключы і Цымерман.

У выпадку, калі Зыва ня ў Хайфе або ня выйшла зьбіраць складкі на падарунак для сына Амэра да вясельля, можна засьпець яе на камутатары і выдыхнуць у слухаўку: «Дзе Руды?»

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

З габрэйскае пераклаў Павал Касьцюкевіч

ЭФРАІМ КІШОН (1924—2005). Нарадзіўся ў Вугоршчыне. Быў вязьнем нацысцкага канцлягеру Самбор у Польшчы. У 1949 уцёк ад камуністычнага рэжыму з тэрыторыі Чэхаславаччыны. Шмат у якіх краінах сьвету перакладаліся ягоныя кнігі, ставіліся п’есы, здымаліся кінастужкі на ягоныя сцэнары. Апошнія гады жыў у Швайцарыі. Але адзінай краінай, якую Эфраім Кішон лічыў сваёю, быў Ізраіль. «Гэтая краіна, — пісаў Кішон, — такая маленькая, што на мапах сьвету яе тэрыторыі не стае, каб упісаць туды ейную назву. Краіна, дзе матка вучыць матчыну мову ад сваіх дзяцей. Але на іўрыце тут толькі пішуць, бо чытаюць па-ангельску, размаўляюць па-расейску, а лаюцца па-арабску. Краіна, якой споўнілася 56, але розуму і дасьведчанасьці ў яе як у дваццацігадовай. Гэта краіна, у якой не чакаюць цудаў, а прымаюць іх як належнае».

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру