Слоўнік скептыка

Сабака — істота, якая пачынае брахаць шторазу, калі спрабуе расказаць пра жыцьцё.

Самадур — чалавек, які прагне ўлады толькі таму, што сам ня ўмее падпарадкоўвацца.

Самастойнасьць — гэта калі робіш памылкі без дапамогі іншых.

Самота — гэта калі ёсьць тэлефон, а звоніць будзільнік.

Сапраўднае — час паміж цёмным мінулым і сьветлай будучыняй.

Сасіска — насеньне каўбасы.

Свабода — гэта калі забаронена забараняць.

Сварка — гэта калі жонка кажа, што ёй няма чаго сказаць, а муж абавязаны гадзіну гэта выслухоўваць.

Сваяк далёкі — чалавек, які ніколі не бывае настолькі далёкім, як таго хацелася б.

Селянін — чалавек, які ведае, як надаіць малако ў закрыты папяровы пакет.

Сібір — месца, дзе лыжы зношваюцца, як пантофлі.

Скарб — помнік таму, хто жыў добра, а сканаў дрэнна.

Склероз — хвароба, якую складана вылечыць, але пра якую проста забыць.

Слабасьць — сіла, што дзейнічае ў процілеглым напрамку.

Слэнг — мова, якая зьняла пінжак, паплявала на рукі і ўзялася за працу.

Смага — доказ існаваньня вады.

Сон — найлепшы сродак барацьбы з санлівасьцю.

Спадніца — гэта калі дзьве нагі ў адну калашыну.

Спакуса — парфума, якую ўдыхаеш да тае пары, пакуль не захочаш мець увесь флякон.

Спонсар — чалавек, якому прасьцей разьвітацца з грашыма, чым растлумачыць, адкуль яны ўзяліся.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0