Мяркую, Вам патрэбна даслаць інфармацыю пра сваю асобу. Я не належу ані да якіх партыяў, рухаў, рэлігійных арганізацый – я ўсяго толькі маці сваіх дзяцей. Але я супрацоўнічаю з прадстаўнікамі любых арганізацый ці проста шчырымі людзьмі, якія ідуць на кантакт. Дарэчы, я не падпісвалася нават на грамадзянства БНР, затое пры перапісе насельніцтва ў 1999 г. запісала сябе й дзяцей Ліцьвінамі.

Даўно пераканалася, што адгукаюцца найперш простыя людзі, чым апранутыя ў службовыя мундзіры. Таму часьцей выходжу на пляц, чым зьвяртаюся да афіцыйных асобаў, хоць ёсьць у мяне розны досьвед. На мінулым тыдні зайшла ў рэдакцыю газэты “Культура”, куды папярэдне даслала свае паперы. Як-ніяк называюцца яны –КУЛЬТУРАЙ, дык мо займаемся мы адной і той жа Справай?

Каб жа! Рэдактарка, смалячы цыгары, учыніла мне допыт, не раўнуючы, што ў КДБ.

- Што ў вас тут за палітычныя заявы?! Вы разумееце, што ў нас дзяржаўная газэта?!

(Дэкларацыя Незалежнасьці Літвы раззлавала яе.)

- Я разумею. Але гэта ўсяго толькі сумленна зробленая праца.

Мела на ўвазе хворую самотную Паэтку Маю Львовіч, зь якой ліставалася, усяляк падтрымлівала, калі ад яе практычна адмежаваўся СП Беларусі. Вынікам такога супрацоўніцтва і сталася кніга Маі Львовіч “У зязюльчыным барку”.

- У вас што, Ліцьвінка псеўданім?

Праглядае мой “Водгук Ліцьвінкі на кнігу вершаў Маі Львовіч “У зязюльчыным барку”, а я маўчу, напалоханая...

- Я вас пытаюся: што ў вас Ліцьвінка – псеўданім?

- Ды не. Проста пры перапісе насельніцтва я запісала сябе Ліцьвінкай.

- А то я гляджу, што ў вас “Ліцьвінка” напісана зь вялікай літары.

- Даўней нацыянальнасьць пісалі зь вялікай літары.

- І з памылкай тут у вас: “зязюльчьтным”.

(Перакрэсліла асадкай.)

- Пры сканіраваньні тэксту памылка вышла. Дзіця рабіла.

Нарэшце дайшла чарга да Ліцьвінскага Слоўнічка. Першую, найважнейшую старонку маёй працы яна абыякава адгарнула ад сябе, што курка лапкай: “Ну, “карма” – гэта ўсе ведаюць. Нібыта глыбока засяродзілася на Тутэйшых Словах: “Цікава! “Навалач” – гэта ж трохі іншае адценьне мае? Гэта адкуль сабрана?”

- З Койданаўшчыны.

- Гэта ... зь Дзяржынску?

Далей у Слоўнічку ішлі “Фразы, прыказкі, што засталіся нам ад Літвы ў спадчыну”. Гэта гаспадарыню Крушынскую не зацікавіла, як і мая кніга вершаў “Ліцьвінка”, якую яна нават не разгарнула, бо я ёй сказала адразу, што сын зрабіў на кампутары.

- Каб гэта была такая зьява, як Іван Мележ...

Яна назвала імёны яшчэ нейкіх, на яе пагляд вартых Культуры людзей, але сярод іх, ведама ж, не было Імя Адама Міцкевіча, чый Верш давялося перакладаць мне, бо аніхто зь беларускіх пісьменьнікаў, да якіх я зьвярталася, гэтага не адважыўся зрабіць. Ейная сьведамасьць моцна розьнілася ад сьведамасьці маёй, і я не магла ёй анічога навязваць. Можна толькі далікатна ўкладаць, калі гараць Пачуцьці. Але Пачуцьці так рэдка запаляюцца! Усё ж я ўдзячная гаспадарыні Крушынскай Л.А. за ейную сьцюдзёнасьць, урэшце, за тое, што яна прыняла мяне наогул. Яна запісала мой тэлефон. Мо што-небудзь зь Ліцьвінскага Слоўнічка і зьявіцца ў іхнай газэце, як адчэпнае. Яна прасіла мяне напісаць прэамбулу да Тутэйшых Словаў, каб такім чынам змусіць мяне ўласнымі рукамі забіць сваё Дзіця. Я сказала, што працую прыбіральшчыцай ў краме і не разумею гэткіх навуковых словаў. А калі яны нешта хочуць надрукаваць, дык хай самі і апрацоўваюць тэкст.

Так шмат у нас шэрых, нікчэмных рабакоў! Лепш быць ужо альбо гарачым, альбо сьцюдзёным, чыніць альбо дабро, альбо зло. Толькі быць шчырым і нікога не судзіць. Бог разьбярэцца.

8 верасьня, на Дзень Маці, ня езьдзіла ў Воршу, хоць і набыла загадзя квіток на аўтобус. Раптам памерла сьвякроў у Рызе, трэбло дагледзець усей хаты. Замест Воршы мне прапанавалі 2 лістапада вандроўку ў Гудзевічы. Езьдзілі мы туды з дачкой. Вераніку зачаравала моладзь, што сьпявала ўсю дарогу пад гітары нашыя песьні, а мяне – Алесь Белакоз, якому я падаравала “Востраў” і ”Ліцьвінку”, (а ён мне – “Каб жыла Беларуць”) і тым пэўне завершыла фармаваньне Супольнасьці Літвы на нашай Айчыне.

З павагай да Вас

Ганна Матусэвіч

30.11.03.

Толькі жывое зможа

Супраць цячэньня паплыць;

Хвалі цягнуць за сабою тое,

Што скончыла жыць!

Максім Багдановіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0