Цяпер беларусы ня маюць належнае сталіцы, бо ня маюць Старога гораду. Аднаўленьня гістарычнай памяці не дасягнуць без адбудовы Менску даакупацыйных часоў і прамаўленьня праўды пра яго разбуральнікаў. Эсэ Сяргея Абламейкі.

Кастрычнік 2004 году. Лепш бы ты гэтым разам у Менск ня езьдзіў. Бадзяючыся па горадзе, ты зробіш нешчасьлівую пакупку — фотаальбом «Менск. Гісторыя пасьляваеннага аднаўленьня. 1944—1952». Добрае выданьне, шмат ня бачаных табой раней здымкаў роднага гораду, шмат здымкаў таго, чаго ўжо няма... І так разьвярэдзіць душу, так забярэ...

Ты даўно ўжо ня можаш знаходзіцца ў старой частцы гораду — табе там брыдка і няўтульна. Там няма стылю — спрэс вульгарная эклектыка. Там ня толькі парушана прасторавая кампазыцыя, там наагул стала зашмат месца. У Верхнім горадзе зьявіліся прыкметы расейскай эстэтыкі — храм на горцы, белы тынк, зялёная бляха, лысы адхон з дарогай да сабору і, вядома, багамольцы і багамоліцы — цёткі ў хустках з почасту варожымі позіркамі. А далей калізія — няма цыбулінаў і закамараў. На гары замест цэркаўкі з танюткімі барабанамі і цыбулінамі-сьвечкамі або велічнага сабору з аграмаднай шатровай вежай і какошнікамі — стаіць абарончы храм у стылі тутэйшага барока. І не адзін. І наўкола яшчэ шмат засталося «ня іхнага», але ідэалёгія прасторы ўжо і ня нашая.

Ідэалёгія прасторы

Цяпер табе лепш на праспэкце, там хоць і савецкі, але стыль. Зрэшты... Ты няшчыры сам з сабой, хіба ж табе лепей сярод а-ля піцерска-маскоўска-кіеўскіх гаргараў уздоўж шырачэзнай трасы на Маскву, хай сабе і вытрыманых у стылі сталінскага ампіру?

Ды дзе ж табе лепей — там, тут ці гэндзя? Паткнешся ў старым цэнтры туды, сюды — паўсюль паркінгі, замест часанага каменю вартая жалю бэтонная плітка, паўсюль псэўда, імітацыя, эклектычнае наслаеньне старога і новага, стыльнага і безгустоўнага, грошай і беднасьці, памяці і бяспамяцва... І несьціханы душэўны боль.

Ты ведаеш, што тут было, ты таксама ведаеш як, куды і, галоўнае, КАЛІ яно ўсё зьнікла. Прыкра толькі, што табе аб гэтым ніхто не сказаў. Ніхто не сказаў і не напісаў аб гэтым у 1960-я, у 1970-я, у 1980-я. Ты сам мусіў аб гэтым даведвацца ў 1990-я, успамінаючы аповеды бабці, параўноўваючы здымкі ў альбомах ды шукаючы згадкі ў кнігах.

Укладальнік таго няшчасна набытага табой альбому Віталь Кірычэнка ў камэнтарах да сьпісу старых вуліц піша «зьнікла», «не захавалася». А ты ведаеш, што трэба было б пісаць «збамбавалі», «зьнесьлі», «разабралі», «разбурылі». У прадмове ўкладальнік расказвае, як немцы разбамбілі ў першыя дні вайны наш Менск, а пасьля, прыйшоўшы ў яго, пачалі наўмыснымі выбухамі бурыць руіны, якія пагражалі людзям. Але ён ня піша, як дамы ў тыя руіны ператварыліся, маўляў, і так усё зразумела... Зрэшты, ты думаеш, што ён ня мог-такі сказаць праўду — сёньня гэта ў Беларусі амаль немагчыма зрабіць за дзяржаўныя грошы.

Ты бачыш у альбоме Кірычэнкі вузенькую вуліцу Дамініканскую (сёньня Энгельса) у 1944 годзе перад вызваленьнем — ты бачыш абгарэлыя, але цэлыя дамы. Ты таксама памятаеш здымак гэтай вуліцы ў альбоме Васіля Каляды «Менск учора і сёньня», зроблены 3 ліпеня 1944 году адразу пасьля вызваленьня — паловы вуліцы ўжо няма, Дамініканскую «вызвалілі» ад забудовы.

Гістарычная праўда

Ты ўрэшце са злой іроніяй пазіраеш на першы здымак альбому Кірычэнкі, зроблены савецкім лётчыкам Першай паветранай арміі ў 1944 годзе — ты ведаеш, што лётчык бамбавіка з асалодай шчоўкнуў затворам фотаапарату, каб пракантраляваць сваю работу. Інакш нельга патлумачыць, чаму ў 1944 годзе палаюць разбомблены Дом афіцэраў і квартал жылой забудовы паміж сучаснымі вуліцамі Інтэрнацыянальнай і Рэвалюцыйнай адразу за каталіцкай катэдрай. Ты ведаеш, што нейкі савецкі патрыёт, якіх яшчэ шмат засталося ў Беларусі, не міргнуўшы вокам скажа, што кварталы твайго гораду гараць з чэрвеня 1941 году і ніяк не дагараць. Але ты не савецкі патрыёт і ведаеш, што тут да чаго.

Такі самы канфлікт здымкаў і тэксту — ва ўсіх фотаальбомах пра Менск. «Вось якім пакінулі гітлераўцы раён...» Як жа табе дакрычацца да свайго народу: «Расплюшчыце вочы, пагартайце тыя кнігі, паглядзеце на Менск акупаваны і вызвалены, параўнайце і адкажэце сабе, што ж здарылася...»

Нас сапраўды вызвалілі — ад нашай спадчыны, ад нашай культуры, ад нашай сталіцы...

Ты па маме — мянчук у пятым пакаленьні, твае продкі перабраліся ў Менск яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі. Ты нарадзіўся на Ратамскай (цяпер Мэльнікайтэ) непадалёк ад Замкавай. Ты яшчэ дыхаў паветрам толькі што загубленых пакручастых Падзамкавай, Мясьніцкай, Завальнай і Біржавой, што віліся ў двух кроках ад тваёй Ратамскай. Ты дзіцем гуляў па Нямізе і Ракаўскай, ты спускаўся з бабцяй па Казьмадзям’янаўскай, калі на ёй заставаўся яшчэ адзін дом — аптэка XVII стагодзьдзя, трэцяя, дарэчы, па даўніне на абшары былога СССР пасьля талінскай і львоўскай. Твая бабця, беларуская шляхцянка гербу «Дамброва» Вера Лось, да вайны жыла на Інтэрнацыянальнай (раней Праабражэнская, а яшчэ раней Зборавая). Ваш дом №11а і дагэтуль стаіць у двары адразу за рэстарацыяй «Пан хмелю». У гэтым доме тады жыла і пляменьніца братоў Луцкевічаў Яніна Каханоўская з дачкой Юляй — гэта бабця і мама сьпевака Данчыка. Твой прадзед, беларускі шляхцюк Тодар Лось, да рэвалюцыі жыў у пазасталым і дагэтуль доме з чырвонай цэглы на Кірава ля вакзалу — тады гэта была гімназія Рэймана, у якой дзед і працаваў. Твая прабабця Марыя Мамчыц гандлявала на Юбілейным рынку, а цяпер ляжыць на Кальварыі... Гэта твой горад, і ў цябе яго амаль забралі.

Каляніяльная спадчына

Але ніхто пра гэта раней не сказаў твайму народу. Ніхто зь беларускіх савецкіх пісьменьнікаў і гісторыкаў не напісаў пра сапраўдную прычыну разбурэньняў. Ніхто не сказаў пра гэта публічна. Маглі б напісаць нешта асьцярожнае, нейкую паўпраўду, накшталт: «Горад пацярпеў ня толькі ў пэрыяд акупацыі, але і падчас жорсткіх баёў за вызваленьне...» або «Немцы аказалі такі ярасны супраціў, што давялося пры вызваленьні гораду ўжыць цяжкую артылерыю і авіяцыю, што прывяло да новых разбурэньняў...» Маглі б намякнуць, падказаць, навесьці думку. Не сказалі, не намякнулі, прамаўчалі... «Jactum tacendo crimen fаcias аcrius...» — сказаў некалі Паблій Сір. Змоўчаўшы, паглыбляеш злачынства.

Зрэшты, некаторыя ўсё ж казалі і нават паказвалі. Твая бабця прывяла цябе на так званы «пуцеправод» над Нямігай, калі вуліцу зносілі. Вы стаялі там шмат дзён. Як у сьне, запаволена рухалася-плыла ў паветры чыгунная «баба», глуха стукалася аб старыя сьцены, яны дрыжэлі, стагналі, але не паддаваліся. Зрэшты, што можа проціпаставіць старая камянічка барбарскай сіле? Сьцены прагіналіся, адломваліся кавалкамі і ўрэшце абрыналіся ў нябыт, уздымаючы хмары белага пылу... Бабця плакала, ты стаяў побач сьцішаны і ўважлівы. Ты яшчэ ня ведаў, што, колькі будзеш жыць, не забудзеш і, бадай, не даруеш. Дарма што ўчашчаеш да царквы...

У 1980-я ты сам далучышся да ліку тых, хто бараніў старую частку твайго Менску. Другі за савецкую гісторыю антысавецкі мітынг у Беларусі адбыўся ў сакавіку 1988 году на пляцы Волі, і ладзіўся ён якраз у абарону Старога гораду ад мэтрабудаўнікоў. Першым, дарэчы, быў мітынг «Тутэйшых» увосень 1987 году ля помніка Купалу на Дзяды. Ты браў удзел у падрыхтоўцы абодвух. Пры падрыхтоўцы першага ты з Алесем Бяляцкім і Сьвятланай Лобач напісаў прамову для Анатоля Сыса, якую той чытаў з дрыжачымі рукамі, — ты таксама моцна хваляваўся, калі ўпісваў у праект прамовы імёны рэпрэсаваных Ластоўскага, Некрашэвіча, Цьвікевіча, Лёсіка... Цяпер ты бачыш нават нейкі сэнс у тым, што прамова пісалася ў адным са старых дамоў ля Чырвонага касьцёлу на Савецкай (былой Захараўскай).

А ў 1984 годзе, пры зносе гарадзкога тэатру на пляцы Волі, твае будучыя паплечнікі клаліся пад будаўнічую тэхніку, за што іх арыштавалі. Гэта была ахвярнасьць. Была яна і пазьней, калі капалі шурфы зь Зянонам Пазьняком на раскопках Дамініканаў і ў іншых месцах, калі пратэставалі, бунтавалі, пісалі артыкулы, давалі інтэрвію, ладзілі круглыя сталы, учынялі абмеркаваньні праектаў рэстаўрацыі і рэгенэрацыі ў палацах Белсаўпрафу і Палітасьветы. А дзе ж мы ўсе цяпер, куды падзеліся?.. Хто ў палітыцы, хто ў бізнэсе, хто за мяжой. І нікому няма справы да нашай справы. І нікому няма справы да нашага гораду. Хто ж зь дзяцей загаворыць па-беларуску, убачыўшы паркінг на Нямізе? А вось калі б дзеці ўбачылі адноўленую Казьмадзям’янаўскую ці хаця б Нямігу...

Каранёвы горад беларушчыны

Ты ведаеш, чаму цэламу народу няма справы да яго справы. Ты ведаеш, чаму пра гэта ніхто не расказваў, чаму ты мусіў сам даведвацца пра гэта. Каляніяльная спадчына ў твайго народу ўжо ў генах або, прынамсі, у жылах. Традыцыі Арды і Бізантыі, дзе людзі нахіляліся яшчэ да таго, як іх аб гэтым прасілі, сталіся традыцыямі і твайго народу. Адсутнасьць сваёй дзяржавы і неэўрапейскія традыцыі часовых гаспадароў прыводзяць, бывае, да непапраўных вынікаў.

Адзін з такіх вынікаў — недаацэнка ролі твайго гораду ў паўставаньні беларушчыны і Беларусі. Насамрэч у тваёй краіны дзьве сталіцы — Вільня і Менск. Вільня — да першай паловы ХХ стагодзьдзя, Менск — ад паловы ХІХ-га. Менавіта ў Менску жыў першы беларускі прафэсійны літаратар — Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. У Менску нарадзіўся геніяльны беларускі паэт — Максім Багдановіч. Менск — глыбінна беларускі, каранёвы горад. Мала хто сумняецца, што галоўнай падзеяй тысячагадовай беларускай гісторыі стаў Акт 25 Сакавіка, калі беларусы назаўсёды засьведчылі цэламу сьвету, што яны ёсьць. Але важна ня толькі тое, што гэта адбылося ў Менску. Важна, што ініцыянавалі абвяшчэньне незалежнасьці браты Луцкевічы з паплечнікамі. Творцы беларускага нацыянальнага адраджэньня ХХ стагодзьдзя Іван і Антон Луцкевічы былі карэннымі менчукамі — іх бацька, менскі шляхціц Ян Луцкевіч, браў удзел у паўстаньні Каліноўскага, пражыў усё жыцьцё ў Менску і пахаваны на Кальварыі.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Працяг будзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0