Расейцы доўга не маглі злавіць Масхадава, бо яму было дзе хавацца. Газэта «Известия» са спасылкаю на інфармацыю спэцслужбаў паведамляе, што на тэрыторыі Чачні разьмешчана 2,5 тысячы партызанскіх баз і стаянак, пабудаваных і замаскаваных паводле ўсіх правілаў ваенна-інжынэрнай навукі.

Апрача гэтых баз, партызаны-незалежнікі хаваюцца ў прыватных дамах, абсталяваных камфартабэльнымі патайнымі пакоямі. Пасьпяховы супраціў, што доўжыцца ўжо 6 гадоў, быў бы немагчымы без масавай падтрымкі насельніцтва.

33 ложкамесцы на кожнага партызана

У 2000 годзе ў рукі спэцслужбаў трапіла трафэйная відэакасэта. На ёй была зафіксавана база Хатаба ў Нажай-Юртаўскім раёне. Утульны такі кемпінг чалавек на 50. Палаткі стаяць, вадаспад шуміць. Баевікі адпачываюць, пазуюць перад апэратарам, смажаць шашлыкі. Чатыры гады фэдэралы шукаюць гэтую базу. І з паветра, і пешымі разьведгрупамі. Чачня ўвогуле невялікая — 17 тыс. км2 (гэта як палова Берасьцейскай вобласьці, ня самай вялікай у Беларусі), Нажай-Юртаўскі раён — тысячы тры км2. Прачасалі гэтую тэрыторыю ўздоўж і ўпоперак, а базы хатабаўскай з вадаспадам так дагэтуль і не знайшлі. Нібыта і няма там ніякай базы. Але яна там ёсьць.

— У Чачні пад 2,5 тысячы баз і стаянак, — гаворыць «Арбат», ён жа Аляксандар Патапаў, намесьнік начальніка ўпраўленьня ФСБ Расеі па Чачэніі. — І гэта толькі тыя базы, якія намі ўстаноўлены ці пра якія мы здагадваемся... Лічба ў 2,5 тысячы грунтуецца на аналізе вынікаў пошукавых мерапрыемстваў, апэратыўнай і агентурнай інфармацыі. Ёсьць базы на 4—5 чалавек, ёсьць на 10—12, на 40, на 50, на 200, як каля вёскі Ўлус-Керт Шатойскага раёну. Спэцназ ГРУ (Галоўнага разьведвальнага ўпраўленьня) гэтую базу знайшоў і разграміў, але яе аднавілі. Дагэтуль паступае інфармацыя пра тое, што на базе час ад часу зьяўляюцца баевікі. Але зьнішчыць іх не ўдаецца, вельмі няпроста падысьці да гэтай базы незаўважанымі, баевікі пасьпяваюць зьнікнуць. Колькі разоў бывала: выходзіць спэцназ на базу, вогнішчы тлеюць, ежа ў кацялках яшчэ гарачая, а людзей ужо няма — сышлі. Дапусьцім, у сярэднім кожная база чалавек на 20. Вось і памножце 20 на 2,5 тысячы. Выйдзе, што на паўтары тысячы актыўных баевікоў, якія блукаюць па гарах і лясах са зброяй у руках, маецца 50 тысяч ложкамесцаў. Нядрэнны рэзэрв для скрытнага перамяшчэньня.

Калі зусім наглядна, уявіце, што нейкі прыежджы спрабуе адшукаць вас у Маскве. А ў вас 33 явачныя кватэры ў розных раёнах гораду. І адрасы гэтых кватэр вядомы толькі вам.

«Нармальнае падпольле»

Суразмоўнік — супрацоўнік аднаго з падразьдзяленьняў спэцназу ФСБ, чалавек сакрэтны, вырашыў назвацца Аляксеем, пазыўны «103-ці».

— Даліся вам гэтыя базы, — гаворыць Аляксей. — У Чачні нармальная разьвітая сыстэма бандпадпольля. Партызанская рамантыка выйшла з моды — баевікі ў асноўным жывуць не ў пячорах, а гарадах і вёсках. Жывуць як нармальныя белыя людзі. Практычна ў кожным сяле, асабліва ў горных раёнах, ёсьць свае явачныя пункты. Калі ў сяле — прыватны дом, калі ў горадзе — кватэра, якая не прыцягвае ўвагі. Крытэры выбару месца явачнага пункту вядомыя. Па магчымасьці, яўку стараюцца «прыкрыць» у мясцовай міліцыі, каб мянты яе здуру не штурманулі, а наадварот, ахоўвалі. Калі гэта прыватны дом, то ён павінен знаходзіцца на краі вёскі, каб у выпадку чаго можна было хутка сысьці ў лесапасадку ці лагчыну. Пажадана, каб дом стаяў у тупіку. Тады ніхто ня зможа пад’ехаць да яго незаўважаным. Калі ў доме знаходзіцца сур’ёзны чалавек, то абавязкова выстаўляецца знадворная ахова. Ніякіх байніц, акопаў, дотаў няма. Усё нацэлена на тое, каб у выпадку небясьпекі можна было пайсьці. Прымаць бой у доме ніхто зь іх не зьбіраецца. Баевікам гэта ня трэба.

— Што да лясных і горных баз, то яны, як правіла, разьмяшчаюцца непадалёк ад населеных пунктаў, за 1—3 кілямэтры, — працягвае Аляксей. — Гэтага дастаткова, бо ў гарах жа іншыя кілямэтры, і пераадолець нейкія два кілямэтры часам вельмі складана. Падысьці можна па схіле, і тое добра наламаўшыся, калі ты не мясцовы жыхар і зь дзяцінства тут не хадзіў.

Базы будуюцца непадалёк ад населеных пунктаў, бо гэтыя базы не заўсёды населеныя і за імі трэба глядзець і ахоўваць. Гэта задача памагатых баевікоў, што жывуць у бліжэйшай вёсцы. Хтосьці зь іх час ад часу наведваецца на базу, глядзіць, ці ня быў там чужы, ці не парушана маскіроўка, ці ня шарацца паблізу ГРУшнікі. Баевікі ваююць у родным асяродзьдзі. Яны зь дзяцінства лазілі па гэтых гарах, ганялі там бараноў, гуляліся хлапцамі ў вайнушку. І любую зьмену краявіду, любы сьлед, любую зламаную галінку яны заўважаюць. Застацца незаўважаным у гарах немагчыма нават такім спэцыялістам накшталт нас або спэцназу ГРУ. Да таго ж горы дастаткова шчыльна населеныя.

Добрую базу не разгледзець ні зь зямлі, ні з паветра.

— Па сьцежцы на базу ня выйдзеш, — працягвае «103-ці». — Няма там аніякіх сьцежак. Калі баевікі прыходзяць на базу, наглядчык падымае дзёран, група праходзіць, пасьля дзёран кладзецца на месца. На саму базу уваход па «сьлімаку». «Сьлімаком» называецца сьцежка ў выглядзе сьпіралі. Але паўтаруся, ніякай сьцежкі няма. Уваход на базу замінаваны такім чынам, што прайсьці можна толькі па сьпіралі коламі. Хаця рэльеф дазваляе прайсьці і наўпрост. Чужы так і пойдзе, але ў такім разе амаль непазьбежна наступіць на проціпяхотную міну або сарве расьцяжку. База ўсталёўваецца ля падножжа гары, выбіраецца больш пакручасты схіл, а ўнізе каб абавязкова крыніца ці рака. У асноўнага бліндажу два выхады. Адзін выхад абавязкова да ракі, другі — на схіл. База ставіцца так акуратна, што расьліннасьць не парушаецца. Можна хадзіць па страсе бліндажу і нічога не заўважыць. На базе, як правіла, абсталёўваюцца асноўны і рэзэрвовы бліндажы. Кожны памерам прыкладна 2 на 4 мэтры. Вышыня столі — каля 2,5 мэтра. Паводле правілаў ваеннай навукі, належыць накрываць бліндаж у чатыры накаты, так яны і крыюць, каб будынак вытрымліваў нават прамое пападаньне снарада.

Дрэва ў гарах добрых, цьвёрдых парод — бук, граб. І дрэвы ніколі не бяруцца побач з базай. Цягнуць здалёк, кілямэтры за тры-чатыры, на руках, на ішаках або на конях. Бліндажы абсталяваныя так, каб у іх можна было жыць і пры неабходнасьці хутка сысьці. Для гэтага там ёсьць тапчаны і таемныя выхады. Абавязкова печка. Дымаход выведзены далёка па жалезных ці азбэстацэмэнтных трубах пад зямлёй. Зьверху яго не відаць. І дзе-небудзь за 15 ці 20 мэтраў ад бліндажу з-пад каранёў якога-небудзь паваленага дрэва струменіць дымок. Для абароны гэтыя бліндажы практычна не прыстасаваныя. Бой на базе баевікі прымаюць толькі ў выпадку крайняй неабходнасьці — калі іх там засьпелі зьнянацку. Выхад абсталяваны падземным ходам у бок рэчкі ці ручая. Дыямэтар падземнага ходу сантымэтраў 80, у даўжыню — па-рознаму, залежыць ад рэльефу. Я асабіста бачыў трыццацімэтровы падземны ход. Вылезьлі і сышлі па рацэ, ніякіх сьлядоў. Мы ж, як правіла, падыходзім зьверху па схіле, бо з боку рэчкі таемна падысьці немагчыма. З гэтага боку нас назіральнікі адсякаюць яшчэ на далёкім рубяжы. Ёсьць таксама на базе ямы-сховішчы для прадуктаў, радзей — для боепрыпасаў. Прадукты захоўваюцца ў вялікіх плястыкавых баках для сьмецьця, гермэтычна зачыненых і абкручаных скотчам. Захоўваюць у іх альбо сушанае мяса, альбо розную драбязу ў пакеціках. У рэчавых сховішчах захоўваюць транты, разгрузачныя камізэлькі, абутак, цёплую бялізну. Гэтыя сховішчы, як правіла, мінуюцца проціпяхотнымі мінамі ці гранатамі на расьцяжках, каб чужыя ня лазілі. За кожнае сховішча адказвае адзін чалавек. І толькі ён ведае, дзе яно знаходзіцца. Робіцца гэта дзеля кансьпірацыі. Бяром мы, напрыклад, аднаго баевіка. Ён можа нам паказаць толькі той схоў, які сам закопваў. А болей ён нічога ня ведае. Ёсьць таксама мэдычныя сховы — з індывідуальнымі вайсковымі аптэчкамі, перавязачнымі пакетамі. У мінулую вайну я нават замаскаваныя палявыя шпіталі сустракаў. Тая ж база, толькі з мэдычным абсталяваньнем, аж да хірургічнай палаты. Цяпер жа прасьцей вывезьці чалавека на лячэньне ў Дагестан, Інгушэцію, Азэрбайджан або ў Чачні дамовіцца за грошы. Да таго ж, легенду прыдумаць такому хвораму нескладана. Пайшоў у лес у грыбы, наступіў на міну.

«Баевікоў вучылі ваяваць паводле тых самых падручнікаў, што і нас»

— Усе гэтыя базы пабудаваныя й абсталяваныя вельмі прафэсійна, — працягвае «103-ці». — Нават калі я, спэцыяліст, выпадкова выйду да месца разьмяшчэньня базы баевікоў, дык і я магу нічога не заўважыць. Баевікоў вучылі ня горш за нас, па адных і тых самых падручніках. Але баевікі былі больш стараннымі вучнямі. Таму што для нас гэта было пытаньне атрыманьня ведаў, дыплёмаў, а для іх — пытаньне выжываньня. За базай, на якую наведваюцца сур’ёзныя людзі, пастаянна сочыць які-небудзь пастушок-назіральнік. У яго, як правіла, УКХ-радыёстанцыя, палявы бінокль. З аднаго боку, гэта, вядома, доказы, але з другога… Пытаюся пастушка: навошта табе тут добры палявы бінокль? Карову, адказвае, згубіў. Чорную зь белымі плямамі. Вы ня бачылі? А рацыя табе навошта? Каб самому не згубіцца. Апроч капітальных баз ёсьць яшчэ базы-аднадзёнкі. Гэта элемэнтарныя буданы, абцягнутыя поліэтыленам і замаскаваныя галінкамі. Прыйшлі, пераначавалі, пайшлі далей.

— У горнай частцы багата закінутых фэрмаў, піянерлягераў, якія таксама служаць часовым прыстанішчам для баевікоў, — кажа Аляксандар Патапаў. — Яшчэ баевікі любяць выкарыстоўваць пячоры. Гэта вельмі зручна. Апавядалі пра адну такую пячору каля рэчкі, да ўваходу ў якую мэтраў 12 па вяроўцы трэба падымацца. Але затое там зусім спакойна можна жыць. Авіяцыйная разьведка пячоры ня бачыць, і зь берага пячора не праглядваецца. Жыві сабе. Плюс сыстэма назіраньня. Гэта ж не турыстычная база, дзе людзі сабраліся кучкай і сядзяць. Пасты, расклад, ахова — усё працуе. Сыстэма прэвэнтыўнага апавяшчэньня. Кожны рух фэдэралаў у гэтым раёне імгненна адсочваецца назіральнікамі. І для назіраньня баевікі выкарыстоўваюць дзяцей 15—16 гадоў.

Апрача капітальных бліндажоў, дзе можна хавацца ўзімку, у баевікоў ёсьць свае летнія базы і стаянкі, абсталяваныя навесамі. Але нават у гэтым выпадку іх няпроста заўважыць з паветра. Па-першае, базы разьмяшчаюцца не на палянах, а, як правіла, у густым лесе, паміж дрэваў. Да таго ж баевікі навучыліся падманваць сучасную разьведвальную апаратуру. На самалётах-разьведчыках устаноўлены спэцыяльныя прыборы, якія рэагуюць на цяпло. Зь іх дапамогай можна ўгадаць, у якім менавіта месцы на зямлі раскладзена вогнішча або сядзяць некалькі чалавек. Каб ня выдаць сябе, баевікі нацягваюць зьверху спэцыяльны навес, зроблены са сьвятлоадбівальнай люстраной плёнкі — той, якая ўжываецца, у прыватнасьці, для танаваньня вітрын. З двух вялікіх кавалкаў такой тканіны склейваецца мех, у які наліваецца вада. Пад такім навесам ані чалавека, ані вогнішча з паветра заўважыць немагчыма. Да таго ж неабавязкова сядзець пад гэтым навесам пастаянна. Гук самалёта ці верталёта чуваць здалёк.

— Новыя базы цяпер будуюцца рэдка, — сказаў мне «103-ці». — Большая іх частка была пастаўлена ў прамежку паміж кампаніямі ў 1997—1999-х гадах. Спэцыяльныя інструкцыі былі ад уладаў. За абсталяваньне такіх баз адказвалі кіраўнікі раённых адміністрацый. А кантралявала гэтую справу Міністэрства дзяржбясьпекі Ічкерыі. Чачэнцы ведалі, што другая вайна будзе.

«Нырнуў у кукурузу — і няма яго»

— Калі ў нас зьяўляецца інфармацыя па базе, на якой шмат людзей, і калі каардынаты досыць дакладныя, то па гэтым квадраце наносіцца БШУ — бомбава-штурмавы ўдар, — кажа Аляксандар Патапаў. — Потым спэцназ праводзіць даразьведваньне мясцовасьці. Ці была там база наогул, і калі была, дык які нанесены ўрон. Калі высьвятляецца база зь невялікай колькасьцю баевікоў ці ўвогуле пустая, то спэцназ апрацоўвае яе ўжывую, гэта значыць без папярэдняга БШУ. Зьнішчае бліндажы, разбурае сховішчы. Аднак практыка паказвае, што разбураная база лёгка аднаўляецца. За Ўрус-Мартанам, у раёне вёскі Рошні-Чу, існуе некалькі баз. Нашы іх пэрыядычна разьбіваюць, а баевікі гэтаксама ўпарта гэтыя базы аднаўляюць за 2—3 дні.

— А чаму, — пытаюся, — дагэтуль не пералавілі тых баевікоў, якія хаваюцца не ў гарах, а па вёсках?

— Ты зьвярнуў увагу, як уладкаваны тыповы чачэнскі вясковы дом? — пытае мяне Аляксандар Патапаў. І сам адказвае: — Высокі цагляны плот пад тры мэтры, жалезныя весьніцы, на ўчастку расьце кукуруза, якая падступае пад самыя вокны і дзьверы. Гэта ж ня проста так. Гэта вынік шматвяковага досьведу чачэнцаў. Нырнуў у кукурузу — і няма яго. Сыстэма хадоў, сувязі. Вось жыў Масхадаў у Гудэрмэсе, мы пра гэта даведаліся ўжо пасьля таго, як ён адтуль сышоў. Але нават калі б даведаліся загадзя, то ўзяць яго было б вельмі цяжка. З дому, дзе ён быў, вёў падземны ход у іншы дом. Адзін адрас блякуеш, а чалавек выскоквае зь іншага адрасу. Ці ёсьць яшчэ такі шалінскі баявік Рэзван Чытыгаў. Пэрыядычна мы атрымліваем інфармацыю, што ён гасьцюе ў сваякоў у Шалях. Там у яго радавы куян. Гэта значыць некалькі сумежных дамоў, дзе жывуць блізкія сваякі. Практычна цэлы раён. Вось як незаўважна і хутка блякаваць гэты раён? Для гэтага патрабуецца такая колькасьць людзей, што зь верталёта іх не дэсантуеш, а кожны рух тэхнікі па зямлі назіральнікі імгненна засякуць, і баявік пасьпее сысьці. А па населеным пункце бомбава-штурмавы ўдар наносіць ня будзеш. Так што ўзяць бандыта — справа няпростая, нават калі мы дакладна ведаем, што ён знаходзіцца ў канкрэтнай вёсцы.

P.S. Афіцэр зь Вядзенскага аддзелу ФСБ расказаў гісторыю:

— Шукалі мы аднаго бандыта. Ведалі адкладна адрас, дзе ён хаваўся. Ведалі, што ў адрасе ёсьць жылы тайнік, г.зн. тайнік, дзе можна схаваць чалавека. Прыйшлі, вывелі ўсіх у двор, пачалі шукаць. Усё патыкалі — няма тайніка. Дом вялікі. Камфартабэльны, куча пакояў, санвузел. А тайніка няма. Ужо сыходзіць зьбіраліся, але тут некаму з нашых па патрэбе прысьпічыла. Гаспадыня яго на агарод пасылае, хаця ў доме ёсьць цёплая прыбіральня, але яна, кажа, на рамонце. Мяне і асяніла. Заходжу ў прыбіральню. Нібыта ўсё як у людзей — ванна, унітаз, бідэ, сантэхніка дарагая, плітка ляжыць у пачках. Дзьмухнуў у ачко — гук нейкі дзіўны. Кінуў туды каменьчык — ён як у студню пайшоў. Скалупнулі мы гэты талчок, а пад ім пакой падземны — два на чатыры, вышыня мэтры тры, вэнтыляцыя, электрычнасьць, столік, тапчан. Сядзі, кніжкі чытай, праз унітаз табе ваду падаюць, ежу. Галоўнае — каб нехта з гасьцей не замачыў цябе памылкова ў гэтым сарціры.

Паводле «Известий»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0