Сёлетні Дзень Волі адбываецца ціха: абвестак пра вулічныя акцыі ані ў Менску, ані ў рэгіёнах не чуваць, улётак у паштовых скрынках няма. Тым ня менш, сьвята ёсьць сьвята.

Адзіную вулічную акцыю на 25-га абвясьціў Андрэй Клімаў: у 15.00 на Кастрычніцкай плошчы павінна пачацца «мірная маніфэстацыя». Ахвоту выйсьці на плошчу выказалі і незарэгістраваныя моладзевыя суполкі «Зубр», «Малады фронт», Задзіночаньне беларускіх студэнтаў (ЗБС) і прадпрымальнікі. Хоць большасьць суполак мае сьвяткаваць сёлетні Дзень Незалежнасьці карпаратыўна і прыватна. Гэтак, ЗБС увечары ладзіць бяседу ў сябе на сядзібе з выступам гурту «Рахіс».

Малітвы за Беларусь прагучаць — вядома, безь лішняе публічнасьці, каб не наклікаць гнеў «органаў» — у сотнях праваслаўных, каталіцкіх і пратэстанцкіх сьвятыняў краіны.

Ва ўправе БНФ (Варвашэні, 8) у чацьвер а 17-й адбудзецца адкрыцьцё выставы плякатаў Ўладзімера Крукоўскага. Само сьвяткаваньне мае адбыцца пад знакам сёлетняга юбілею Рыгора Барадуліна. На імпрэзу запрошаныя Вольга Іпатава, Сяргей Панізьнік і інш.

Традыцыйную навукова-практычную канфэрэнцыю КХП-БНФ з 25 сакавіка перанесьлі на 3 красавіка: сарвалася дамова на арэнду залі.

Праект «Легенды Вялікага княства» 25-га ладзіць канцэрт «Старажытная зямля» з удзелам гуртоў «Lituus», «Artes Liberalis», «Стары Ольса», «Яварына» ў Моладзевым тэатры эстрады (вул.Маскоўская, 18а), а 19-й.

Уручэньне прэміі «Залаты апостраф» і прэзэнтацыя чарговага нумару «Дзеяслова» — у Доме літаратара ў 18.30 (Фрунзэ, 5). Беларускі ПЭН-Цэнтар на Дзень Волі традыцыйна прысуджае сваю прэмію імя Багушэвіча.

У Празе (Чэхія) 25-га а 15-й на Альшанскіх могілках будуць ускладзены кветкі да магіл прэзыдэнтаў БНР Пётры Крэчэўскага й Васіля Захаркі. А 26-га ў Люстраной залі Нацыянальнай бібліятэкі ад 12-й сьвяточны канцэрт з удзелам Віктара Шалкевіча і Сватаплука Караска.

Пікетам беларускага пасольства (вул.Марасейка, 17/3) адзначаць чарговыя ўгодкі ўтварэньня БНР беларусы Масквы. Пач. у 18.30.

У Антвэрпэне (Бэльгія) 25-га адбудзецца ўскладаньне кветак да помніка невядомаму жаўнеру: удзельнікі тым самым ушануюць памяць усіх вядомых і невядомых патрыётаў, што змагаліся за незалежнасьць Беларусі. А 15-й у царкве Сьвятога Сэрца (Lange Beeldekensstraat 22) — сьвяточная служба. Завершыцца сьвяточная праграма 28 сакавіка сьвяточным сходам і вечарынай-акадэміяй з праглядам беларускіх фільмаў.

Беларусы Брытаніі будуць сьвяткаваць Дзень Волі 2 красавіка: у Марыян-Хаўс у Лёндане мае адбыцца канцэрт Касі Камоцкай.

Тым часам за межамі Беларусі Дзень Волі ўжо сьвяткуецца. Таварыства беларускай культуры Масквы 19 сакавіка арганізавала канцэрт Віктара Шалкевіча. У суботу ў канадзкім Таронта прайшла вечарына з паказам «Паўлінкі» тэатру Згуртаваньня беларусаў Канады. 20 сакавіка ў Нью-Брансьвіку (Нью-Джэрзі, ЗША) Беларуска-амэрыканскае задзіночаньне зладзіла канцэрт, у якім узялі ўдзел Лявон Вольскі, Валянціна Пархоменка, сямейнае трыё Казакоў ды Сяржук Сокалаў-Воюш з сынамі. У нядзелю ў Рызе (Латвія) таварыства «Сьвітанак» арганізавала канцэрт фальклёрных калектываў. Канцэртам адзначылі Дзень Волі беларусы Варшавы: 22 сакавіка ў клюбе «Пункт» гралі гурты «Індыга» i «Б.Н.». А 23-га ў капліцы Ўнівэрсытэту кардынала Вышыньскага была адпраўлена ўрачыстая імша за Беларусь.

Беларусы Беласточчыны адзначылі ўгодкі БНР у Гайнаўцы. 20 сакавіка было наладжана сьвяткаваньне, арганізаванае Беларускім самаўрадавым форумам і Беларускім саюзам у Польшчы.

.

Сямён Печанко, Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0