Сальда ў плюсе

Тое, што ўрад зьбіраўся зьдзейсьніць не раней як празь пяць год, адбылося сёлета: у студзені склалася станоўчае сальда замежнага гандлю. На гэта моцна паўплывала неразьбярыха з ПДВ — з Расеі пачалі везьці менш тавару. Такім чынам, у студзені экспарт дасягнуў $1,118 млрд, а імпарт — толькі $920,3 млн.

«Крыніца» прайграла

Бровару «Крыніца» давядзецца вярнуць $1,23 млн расейскай кампаніі «Балтыка». Вышэйшы гаспадарчы суд падтрымаў адпаведнае рашэньне Маскоўскага арбітражнага суду. Першапачаткова «Балтыка» патрабавала вярнуць ёй ажно $3,5 млн. за дапамогу ў пераабсталяваньні менскага бровару, які ўрад так і не дазволіў прыватызаваць.

Проста «БеСТ»

Трэці апэратар сотавай сувязі стандарту GSM сьвяткуе сваё нараджэньне. Міністэрства сувязі і інфармацыі выдала ліцэнзію ЗАТ «Беларуская сетка тэлекамунікацыяў». Новы апэратар абавязаны за два-тры гады пакрыць сувязьзю тэрыторыю, на якой пражывае 90% насельніцтва.

Рыбная краіна

Беларусь выйшла на трэцяе месца ў сьвеце сярод краін — імпартэраў сьвежамарожанага селядцу з Нарвэгіі. 72 беларускія прадпрыемствы штогод увозяць нарвэскай рыбкі агульным коштам $7,5 млн. Расейскую рыбу цяпер набываюць усё меней і меней: каштуе амаль столькі ж, колькі нарвэская, а якасьць мае горшую.

Нацыяналізацыя «БелСел»

«Белтэлекам» павялічыў да 50% сваю долю ў статутным фондзе апэратара мабільнай сувязі «БелСел». Гэта зрабілася магчымым пасьля таго, як ЗАТ «Трастбанк» (раней вядомае як «Інфабанк») выйшла са складу заснавальнікаў апэратара. Рашэньне аб выхадзе «Трастбанку» было прынятае на мінулым сходзе акцыянэраў «БелСел».

Калійныя разборкі

Эўракамісія пачынае разгляд магчымасьці адмены антыдэмпінгавых захадаў супраць паставак у ЭЗ беларускіх калійных угнаеньняў. Магчыма, ЭЗ адменіць антыдэмпінгавую пошліну — аб гэтым просіць ня толькі беларускі ўрад, але й Літва, Латвія, Польшча, Вугоршчына ды Славакія — даўнія партнэры «Беларуськалію». Катэгарычна супраць немцы, якія абараняюць інтарэсы свайго канцэрну «Kali und Salz», якому недаспадобы канкурэнцыя зь Беларусі.

Бульба даражэе

Бульба ды іншая гародніна — лідэры па росту цэн у студзені—лютым. Цана «другога хлебу» вырасла ад пачатку году на 18,5%, на гародніну — на 17,7%. Сярод нехарчовых тавараў найшпарчэй даражэла прэса — на 4,9%. Акрамя гэтага, Міністэрства статыстыкі нейкім чынам вылічыла, што паслугі транспарту зрабіліся таньнейшымі на 0,1%.

Валюта затокі

У 2010 г. краіны Пэрсідзкай затокі пяройдуць на адзіную валюту. У выніку з далярам ды эўра будзе спаборнічаць «дынар затокі», падмацаваны нафтавымі рэзэрвамі. Ужо ў 2007 г. будзе створаны супольны рынак, а потым і валютны фонд краін рэгіёну. Цэнтральны банк разьмесьціцца ў сталіцы Арабскіх Эміратаў Абу-Дабі.

АК, АФН, БелТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0